Спецпраект
Як разабрацца ў беларускіх сацыял-дэмакратах і не звар'яцець. Хто ёсць на левым апазіцыйным флангу
У першай частцы спецпраекта «Наша Ніва» апісала палітычныя партыі і рухі, якія знаходзяцца на правым флангу апазіцыі. Цяпер чарга дайшла да левай паловы. Яе прадстаўляюць адразу тры сацыял-дэмакратычныя рухі (паспрабуем не заблытаць вас яшчэ болей), камуністы са «Справядлівага свету», а таксама партыя «Зялёныя». На гэты момант ніякіх саюзаў і кааліцый сярод левых не існуе.
 
У свой час быў створаны Саюз левых партый, у які ўвайшлі ПКБ (цяперашні «Справядлівы свет»), БСДП «Грамада», а таксама партыі, якія сёння ўжо не існуюць: Партыя працы (узначальваў Аляксандр Бухвостаў) і партыя жанчын «Надзея». Дзве апошнія былі ліквідаваныя Міністэрствам юстыцыі. Доўга той саюз не пратрымаўся.

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, што сёння з сябе ўяўляюць левыя партыі і рухі.
БДСП «Грамада»
БДСП «Грамада»
БСДП – гэта класічная еўрапейская левая партыя. У мэтах арганізацыі «пабудова салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права».
Лідар БСДП Ігар Барысаў. Фота з архіва «НН»
Мабыць, перад тым, як пачаць, неабходны невялікі экскурс у гісторыю. Сённяшняя Грамада вядзе пачатак ад 1991 года, калі толькі створаную Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду (так цяпер называецца іншая партыя) узначаліў Міхась Ткачоў.

У 1996 годзе партыя атрымала назву Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада» (аргкамітэт з такой назвай таксама ёсць сёння). Справа ў тым, што ў той год адбылося зліццё БСДГ і Партыі народнай згоды (першым старшынёй быў Генадзь Карпенка). Праўда, пасля рэферэндуму 1996 года праўладная частка ПНЗ сышла ад сацыял-дэмакратаў і заснавала сваю партыю, якая існуе па паперах па сёння, але ў рэальнасці знаходзіцца ў летаргічным сне.

Ад 1995 да 2004 год сацыял-дэмакратаў узначальваў Мікалай Статкевіч.
Сказаць, што гэта кіраўніцтва было бясхмарным, немагчыма. Напрыклад, у 2000 годзе Статкевіч насуперак рашэнню з'езда ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, якую байкатавала апазіцыя.

У 2005 годзе, пасля таго як слова «народны» забаранілі выкарыстоўваць у назвах партый, арганізацыя атрымала цяперашнюю назву Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). У 2006 годзе партыя вылучыла кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Казуліна.
Цяпер БСДП узначальвае 37-гадовы палітолаг з Магілёва Ігар Барысаў. Генеральным сакратаром партыі з'яўляецца цяжкавагавік беларускай палітыкі, колішні старшыня Вярхоўнага Савета Мечыслаў Грыб. У партыю ўваходзіць праваабаронца, былы следчы Алег Воўчак, былы старшыня ТБМ Алег Трусаў, гісторык Анатоль Сідарэвіч. Першым намеснікам старшыні партыі ёсць інжынер Аляксей Сігаеў.

З'езд БСДП 13 сакавіка 2016 года. Фота БП, Вікіпедыя
БСДП – класічная еўрапейская левая партыя. У мэтах арганізацыі «пабудова салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права». Сацыял-дэмакраты выступаюць за ўступленне нашай краіны ў Еўрасаюз, за парламенцкую форму кіравання і вайсковы нейтралітэт.

БСДП «Грамада» ўваходзіць у міжнароднае аб'яднанне сацыял-дэмакратычных партый «Прагрэсіўны альянс».
У партыі больш за 300 актыўных сяброў.
«Справядлівы свет»
«Справядлівы свет»
У жніўні 1991 года рашэннем Вярхоўнага Савета была прыпыненая дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі. Нязгодныя з гэтым камуністы пачалі ствараць новую Партыю камуністаў Беларусі (ПКБ). У 1992 годзе арганізацыя атрымала афіцыйную рэгістрацыю. У 1993 годзе адбыўся аб'яднаўчы з'езд КПБ і ПКБ, а лідарам партыі стаў Анатоль Лашкевіч.
Сяргей Калякін, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Фота Сяргея Гудзіліна
У 1994 годзе ПКБ вылучыла Васіля Новікава кандыдатам у прэзідэнты, камуніст набраў 4,2% галасоў. У той самы год генеральным сакратаром арганізацыі быў абраны Сяргей Калякін, а таксама пачаў выхад друкаваны орган партыі – газета «Товарищ».

Парламенцкія выбары 1995 года скончыліся для ПКБ вялікім поспехам, яны здабылі 22% галасоў, больш за астатнія партыі. У парламенце камуністы былы ў асцярожнай апазіцыі да маладога прэзідэнта Лукашэнкі.

Канстытуцыйны рэферэндум 1996 года ПКБ быў ацэнены як «дзяржаўны пераварот». Зрэшты, не ўсе камуністы былі згодныя з такім азначэннем. У выніку разгону парламента палова дэпутатаў ад ПКБ пагадзіліся на месца ў новай Палаце прадстаўнікоў, а палова засталася вернай Вярхоўнаму Савету. З таго моманту ПКБ знаходзіцца ў прынцыповай апазіцыі да дзейнай улады.
У 2009 годзе ПКБ змяніла назву на «Справядлівы свет». Частка сяброў партыі, нязгодная з тым, што з назвы знікла слова «камуніст», сышлі з арганізацыі, але паўнавартаснай новай палітычнай сілы заснаваць не змаглі.

Ад 1994 года апазіцыйнымі камуністамі нязменна кіруе Сяргей Калякін. У свой час ён быў першым сакратаром Савецкага райкама КПБ Мінска. Калякін спрабаваў балатавацца на выбарах 2001 і 2015 гадоў, але ніводнага разу не быў зарэгістраваны. У 2006 годзе Калякін кіраваў перадвыбарчым штабам кандыдата ад аб'яднанай апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча.

Намеснікамі Калякіна ў «Справядлівым свеце» з'яўляюцца гісторык Аляксей Елісееў, былая пінская чыноўніца Наталля Маглыш, ліквідатар Канстанцін Мішчанка, а таксама Валерый Ухналёў. Апошнім часам у арганізацыю прыйшло троху моладзі. Адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў – Павел Катаржэўскі.

У праграме «Справядлівага свету» адзначаецца, што партыя працуе ў інтарэсах рабочых людзей, а таксама ставіць за мэту пабудову сацыялізму. Сацыял-дэмакрат Анатоль Сідарэвіч тым не менш адзначае, што пабудова дэмакратычнага грамадства значыцца толькі на першых парах прыходу «Справядлівага свету» да ўлады, пасля чаго ідзе пабудова камунізму. Партыя выступае за саюз з Расіяй. На апошнім выбарчым з'ездзе пра гэта нават былі спрэчкі, адваротную пазіцыю займае журналіст Сяргей Вазняк.
У партыі каля 200–250 актывістаў. Большасць сяброў партыі на сёння з'яўляюцца пенсіянерамі.
БСДГ
БСДГ
Раней пра гэтую арганізацыю казалі прасцей – «партыя Шушкевіча». Арганізацыя паўстала ў 1997 годзе. Адбылося гэтага пасля таго, як частка сяброў БСДН «НГ» (найперш нацыяналістычна настроеных) сышлі са структуры, незадаволеныя аб'яднаннем з Партыяй народнай згоды.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Фота Настассі Роўды
Сярод тых людзей, хто сышоў з партыі, быў старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Трусаў на той момант аб'яднаўся са Станіславам Шушкевічам, якому пасля страты пасады старшыні Вярхоўнага Савета патрэбны быў афіцыйны статус. У выніку імі і была створаная Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. На той момант для рэгістрацыі партыі патрэбна было 500 чалавек.

У 1999 годзе пасля таго, як было змененае заканадаўства, датычнае палітычных партый, мінімальная колькасць сяброў вырасла да 1000 чалавек. Каб захаваць рэгістрацыю, БСДГ аб'ядналася з Беларускай нацыянальнай партыяй Анатоля Астапенкі, а таксама Рэспубліканскай партыяй Валерыя Арцішэўскага. Такім чынам захаваць рэгістрацыю атрымалася.
Доўгі час БСДГ знаходзілася ў своеасаблівым анабіёзе. Нават з'езды арганізацыі праходзілі вельмі рэдка, тым не менш дзяржаўнай рэгістрацыі іх не пазбаўлялі.

У 2018 годзе арганізацыю ўзначаліў прадпрымальнік Сяргей Чэрачань. Ён змяніў Станіслава Шушкевіча, які бесперапынна кіраваў партыяй ад 1998 года. Чэрачаню 34 гады, ён родам з Крычава Магілёўскай вобласці. Быў сябрам КПБ.

Сяргей Чэрачань (злева). Фота bsdg.by
У БСДГ аж сямёра намеснікаў старшыні – гэта Анатоль Астапенка, Валерый Арцішэўскі, Сяргей Бураў, Георгій Гацкевіч, Святлана Губейка, Ірына Палядава і Арцём Старыкаў. У цэнтральнай радзе партыі вядомыя літаратары Сяргей Законнікаў і Анатоль Вярцінскі. У складзе арганізацыі вядомыя рэгіянальныя актывісты – Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч з Гродна, Міхась Булавацкі з Магілёва.

Многія лічаць БСДГ не левай, а правай партыяй. Гучалі нават прапановы прыбраць з назвы словы «сацыял-дэмакратычная», а пакінуць толькі «Беларуская Грамада», аднак было вырашана застацца так. У Партугаліі існуе «сацыял-дэмакратычная» партыя, якая з'яўляецца правай, гэтак і тут. БСДГ выступае за рыначную эканоміку, а таксама ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці.

Перад апошнімі парламенцкімі выбарамі ў партыю прыйшло некалькі дзясяткаў маладых актывістаў.
Актыў БСДГ на сёння – менш за 100 чалавек.
БДСП «НГ»
БДСП «НГ»
Партыя не мае дзяржаўнай рэгістрацыі. У 2005 годзе Мінская гарадская рада БСДП «НГ» (так тады называлася БСДП «Грамада») выключыла з шэрагаў арганізацыі свайго лідара Мікалая Статкевіча. Палітык спрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне ў Міністэрстве юстыцыі, але гэта нічым добрым для яго не скончылася.
Мікалай Статкевіч.
Фота Надзеі Бужан
У 2007 годзе адбываўся з'езд арганізацыі, але Мінюст адмовіў партыі ў рэгістрацыі. У 2010 годзе БСДП «НГ» вылучыла Мікалая Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. Статкевіча зарэгістраваў ЦВК, у выніку палітык стаў адным з лідараў вулічнага пратэсту 19 снежня 2010 года. Пасля Плошчы Статкевіч асуджаны да 6 гадоў зняволення.

З турмы Статкевіч працягваў кіраваць арганізацыяй, застаецца лідарам партыі па сёння. На цяперашні момант БСДП «НГ» кінула спробы здабыць афіцыйную рэгістрацыю, з'езды болей не праводзяцца.
Мікалай Статкевіч стаў лідарам вулічных пратэстаў апошніх гадоў. Ён праводзіў акцыі на Дзень Волі, супраць несправядлівых выбараў, расійскай вайсковай базы, дармаедскіх дэкрэтаў і шмат чаго яшчэ.

З ініцыятывы Статкевіча быў утвораны Беларускі нацыянальны кангрэс, які аб'ядноўвае радыкальных апанентаў сённяшняй улады – «Еўрапейскую Беларусь», прафсаюз РЭП і іншыя.
Сёння найбольш вядомыя актывісты БСДП «НГ» – гэта Сяргей Спарыш, Валянцін Троцкі, Сяргей Марцалеў. Раней у партыі актыўнічалі былы палітвязень Сяргей Скрабец, рэдактар «Барысаўскіх навін» Анатоль Букас, віцебскі актывіст Аляксей Гаўруцікаў.

Валянцін Троцкі. Фота Надзеі Бужан
«Свабода, справядлівасць, салідарнасць» – галоўныя пастулаты, на якіх будуецца ідэалогія БСДП «НГ». Аргкамітэт выступае за сацыяльна арыентаваную эканоміку, а таксама поўны вайсковы нейтралітэт. БСДП «НГ» з'яўляецца сябрам Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, у якім сёння засталіся збольшага партыі з Азіі і Афрыкі, вялікую падтрымку Інтэрнацыяналу аказвае «Справядлівая Расія».
На сёння БСДП «НГ» можа разлічваць на 150 чалавек.
БП «Зялёныя»
БП «Зялёныя»
У Еўропе «зялёныя» традыцыйна адносяцца да левага палітычнага флангу. Нашы «Зялёныя» тут не выключэнне. На сёння іх часцей за ўсё разглядаюць як «сацыял-лібералаў», на ўзор падобных нямецкіх арганізацый.
Анастасія Дарафеева (злева). Фота gomelspring.org
Партыя паўстала ў 1994 годзе. Самым яркім момантам было вылучэнне ў 2010 кандыдатам у прэзідэнты намесніка старшыні арганізацыі Юрыя Глушакова, які не сабраў неабходныя подпісы.
У 2015 годзе партыя падтрымала вылучэнне ў прэзідэнты беспрацоўнага Юрыя Шульгана, гэта хутчэй успрымалася як перформанс.

Ад канца 2015 года лідарам партыі з'яўляецца журналістка Анастасія (Ася) Дарафеева. Яна змяніла на пасадзе анархіста-публіцыста Алега Новікава (Лёліка Ушкіна).

Юрый Шульган. Фота з архіва «НН»
На парламенцкіх выбарах 2019 года «Зялёныя» вылучылі чатырох кандыдатаў: Вольгу Краўцову ў Заслаўі, Жанну Гасцяеву ў Гродне, таксама Дзяніса Тушынскага і Данілу Лаўрэцкага ў Мінску.

«Асноўныя праграмныя задачы партыі: стварэнне здаровага жыццёвага асяроддзя для чалавека, сацыяльныя і прыродныя параметры якога забяспечваюць максімум магчымасцей для яго развіцця; развіццё духоўнасці, высокамаральных адносін да ўсяго жывога, фарміраванне і распаўсюджванне экалагічнага стылю мыслення на ўсе сферы жыцця людзей, у тым ліку і на палітычную; мір паміж народамі і дзяржавамі, забарона, а ў перспектыве і знішчэнне ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі, а таксама найболей жорсткіх відаў звычайнага ўзбраення», – гаворыцца на сайце партыі.

«Зялёныя» выступаюць традыцыйна аднымі з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху».
У партыі налічваецца некалькі дзясяткаў актывістаў.
Якія партыі сябруюць, а якія – не
Чытайце табліцу зверху ўніз па слупках па прынцыпе гульні «Марскі бой»,
і вы даведаецеся, што ў БСДП «Грамада» з БСДП «НГ» існуе непрыязь, а з «зялёнымі»
адносіны добрыя.
Аўтар спецпраекта: Зміцер Панкавец
Палітычны аглядальнік «Нашай Нівы»

© «Наша Ніва» / NN.by. Усе правы абароненыя