Два БНФы, АГП, «Гавары праўду», БХД: Хто з кім і супраць каго сябруе
Палітычная актыўнасць у Беларусі выціснута на ўзбочыну жыцця. У краіне зарэгістравана 15 партый, праўда, рэальнага ўплыву на ўладу ніхто з іх не мае. Тым не менш прынамсі на паперы гэта тысячы актывістаў, аб'яднаныя пэўнымі ідэямі. «Наша Ніва» склала гід па палітычных партыях і рухах краіны.
У першай частцы нашага цыклу правы апазіцыйны палітычны фланг. Да яго можна аднесці Партыю БНФ, КХП-БНФ, «Гавары праўду», Рух «За Свабоду», АГП і аргкамітэт БХД.
Апошнія тры арганізацыі ўтварылі між сабой так званую правацэнтрысцкую кааліцыю. Тры першыя на сёння ні ў якія блокі і кааліцыі не ўваходзяць. «НН» паглядзела, што сёння ўяўляюць з сябе гэтыя арганізацыі, хто іх лідары, колькі прыхільнікаў маюць, а таксама як узаемадзейнічаюць з партнёрамі па правым фланзе.
БНФ
БНФ
Заснаваная ў 1999 годзе пасля расколу на з'ездзе з КХП-БНФ. «Погляды БНФ знаходзяцца ў рэчышчы агульнаеўрапейскай народнай кансерватыўнай і хрысціянска-дэмакратычнай ідэйнай традыцыі», – гаворыцца ў праграме партыі.
Экс-кіраўнік партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Сёння ён з'яўляецца намеснікам кіраўніка. Фота Сяргея Гудзіліна
Арганізацыя выступае за актыўную еўраатлантычную інтэграцыю нашай краіны. Фактычна гэта адзіная палітычная сіла, якая ставіць за мэту далучэнне Беларусі да НАТО, а таксама Еўрасаюза. Партыя БНФ з'яўляецца прыхільніцай парламенцкай формы кіравання, калі кіраўніком выканаўчай улады ёсць прэм'ер-міністр. БНФ выступае за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай.
«БНФ «Адраджэнне» выступае за адмену праўных актаў, скіраваных на аднаўленне постсавецкай еўраазіяцкай геапалітычнай прасторы, за скасаванне саюзных дамоў, падпісаных і ратыфікаваных нелегітымнымі дзяржаўнымі інстытуцыямі», – гаворыцца ў праграме.
Кіраўніком Партыі БНФ з'яўляецца 62-гадовы Рыгор Кастусёў. У 2010 годзе Кастусёў быў кандыдатам у прэзідэнты. Лідзія Ярмошына налічыла яму каля 2% галасоў. Некалі Кастусёў узначальваў сельскія гаспадаркі (саўгасы) ў Бялыніцкім раёне, а таксама кіраваў Шклоўскай раённай ЖКГ.
Рыгор Кастусёў. Фота Сяргея Гудзіліна
Намеснікам Кастусёва з'яўляецца Аляксей Янукевіч, які раней узначальваў партыю. Янукевіч вылучаны ад БНФ кандыдатам на прэзідэнцкія выбары. Астатнія намеснікі старшыні – гродзенскі актывіст Вадзім Саранчукоў, лекар Зміцер Салошкін, моладзевы актывіст Юрась Лукашэвіч (навучаецца ў Польшчы), да нядаўняга часу быў таксама прадстаўнік манархічнага і ліцвінскага руху Аляксандр Стральцоў-Карвацкі, які сышоў пасля ўдзелу Кастусёва ў віленскім гей-парадзе.
Актыў Партыі БНФ па краіне можна ацаніць у 300–350 чалавек. Некаторыя таксама актыўна супрацоўнічаюць з Рухам «За Свабоду», «Дзеяй», рухам салідарнасці «Разам» і іншымі арганізацыямі. Перад парламенцкімі выбарамі – 2019 у Партыю БНФ прыйшло больш за дзясятак актывістаў «Еўрапейскай Беларусі», каб мець магчымасць быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў.
Актыў Партыі БНФ па краіне можна ацаніць у 300–350 чалавек.
АГП
АГП
Аб'яднаная грамадзянская партыя паўстала ў 1995 годзе шляхам зліцця Аб'яднанай дэмакратычнай партыі і Грамадзянскай партыі. У выніку арганізацыю ўзначаліў былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч.
Анатоль Лябедзька выступае з прамовай падчас пратэсту супраць збіцця актывістаў і журналістаў міліцыяй, 2016 год. Фота Сяргея Гудзіліна
У Беларусі многімі АГП успрымаецца як ліберальная партыя. Тым не менш яна ўваходзіць у Міжнародны дэмакратычны саюз – аб'яднанне, якое злучае між сабой кансерватыўныя, ліберальна-кансерватыўныя і хрысціянска-дэмакратычныя партыі. У праграме арганізацыі таксама прапісана, што партыя з'яўляецца «ліберальна-кансерватыўнай».
АГП змагаецца за правядзенне ў нашай краіне свабодных выбараў. Партыя распрацавала праграму рэформаў «Мільён працоўных месцаў», з ёй на выбары 2010 года ішоў Яраслаў Раманчук. Сябры АГП таксама стварылі праект Малой Канстытуцыі, Антыкарупцыйную платформу, а таксама Нацыянальную гендарную платформу.
Партыя выступае, каб беларуская мова ў перспектыве стала адзінай дзяржаўнай у нашай краіне. Таксама АГП лічыць, што Беларусі патрэбны выразны падзел на галіны ўлады: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.
Узначальвае партыю 52-гадовы Мікалай Казлоў. У мінулым ён вайсковец (служыў ва Узбекістане, браў удзел у падзеях у Нагорным Карабаху). Пасля развалу СССР вярнуўся ў Беларусь, дзе ўладкаваўся ў крымінальны вышук. Сышоў з міліцыі ў званні падпалкоўніка. Падчас службы ў міліцыі выкрыў укідванне галасоў у урны датэрміновага галасавання, фіксаваў «карусельшчыкаў».
Мікалай Казлоў. Фота Надзеі Бужан
Найбольш яркай асобай АГП апошніх дзесяцігоддзяў быў Анатоль Лябедзька, ён узначальваў партыю на працягу 18 гадоў. Лябедзька вылучаўся на выбарах 2015 года, але не сабраў неабходныя 100 тысяч подпісаў.
У партыі нямала былых функцыянераў: прэм'ер-міністр Міхаіл Чыгір, старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, міністр працы Аляксандр Сасноў. У АГП уваходзілі зніклыя без вестак Віктар Ганчар і Юрый Захаранка. Па-ранейшаму ў шэрагах арганізацыі дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.
Анатоль Лябедзька. Фота Сяргея Гудзіліна
Ганна Канапацкая. Фота Надзеі Бужан
Актыў АГП складае каля 400 чалавек у краіне.
БХД
БХД
Аргкамітэт Беларускай хрысціянскай дэмакратыі паўстаў у 2004 годзе. Яе ініцыятары адразу засведчылі, што будуць кіравацца ў сваёй дзейнасці «хрысціянскімі каштоўнасцямі і беларускім патрыятызмам».
Лідар партыі Павел Севярынец. Фота Надзеі Бужан
Стваральнікі БХД выводзяць сваю дзейнасць ад хрысціянскай дэмакратыі, якая дзейнічала ў Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я гады. Лідарамі таго БХД былі ксяндзы Адам Станкевіч і Вінцэнт Гадлеўскі.
Калі гістарычныя хадэкі большы ўпор рабілі на каталікоў, то цяпер суб'ектыўна большасць арганізацыі складаюць пратэстанцкія вернікі. На сёння БХД не мае дзяржаўнай рэгістрацыі. Партыя неаднаразова падавала дакументы ў Міністэрства юстыцыі, але ўвесь час сутыкалася з адмовамі. Гэтыя абставіны вымушаюць многіх сяброў БХД ісці на выбары пад сцягамі Аб'яднанай грамадзянскай партыі.
БХД разглядае Беларусь «як неад'емную частку еўрапейскай цывілізацыі». Тым не менш арганізацыя не ставіць за мэту найбліжэйшага часу ўступленне нашай краіны ў ЕС. Хутчэй, яны выступаюць за тое, каб наша краіна была «асацыяваным сябрам ЕС». Хрысціянскія дэмакраты лічаць, што Беларусь павінна скасаваць інтэграцыйныя дамовы з Расіяй.
Партыя ініцыявала збор подпісаў «За свабоду сумлення», якую праводзілі ў асноўным па пратэстанцкіх цэрквах. Змагаліся з акультызмам і абортамі. Адной з важных акцый БХД з'яўляецца «Пакаянне» аб злачынствах камуністычнага перыяду нашай гісторыі.
Лідарамі партыі з'яўляюцца праваслаўныя вернікі Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі, а таксама пратэстант Георгій Дзмітрук. За палітычную частку адказны Рымашэўскі, менавіта ён прадстаўляе інтарэсы БХД у правацэнтрысцкай кааліцыі. Дзмітрук – моцны рэгіянальны лідар. Севярынец вылучаны партыяй на прэзідэнцкія выбары 2020 года.
Доўгі час адным з сустаршыняў арганізацыі быў пісьменнік Аляксей Шэін, але ён сышоў з кіраўніцтва праз канфлікт з Рымашэўскім. Вядомымі дзеячамі БХД з'яўляюцца Вольга Кавалькова, Марына Хоміч, Дзяніс Садоўскі.
Партыя налічвае каля 300 актыўных сяброў.
Рух «За Свабоду»
Рух
«За Свабоду»
Рух зарэгістраваны як «праваабарончае-асветніцкае грамадскае аб'яднанне». У статуце арганізацыі няма ні слова пра палітычную дзейнасць. Асноўнай мэтай арганізацыі пазначана «абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі».
Першы выбарчы сумесны пікет правацэнтрысцкай кааліцыі 18 студзеня 2018 года. Сцяг трымае лідар руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. У цэнтры – Анатоль Лябедзька. Злева – Віталь Рымашэўскі. Фота «Вясны»
Рух «За Свабоду» паўстаў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Яго заснаваў адзіны кандыдат ад апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч. Устаноўчы сход адбыўся ў маі 2007 года. Напрыканцы 2008 года Рух быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі.
Варта адразу адзначыць, што сябрамі РЗС могуць быць і сябры іншых палітычных партый і арганізацый. Вельмі шмат перасячэнняў у Руху з Партыяй БНФ, крыху менш з АГП і сацыял-дэмакратамі.
Рух «За Свабоду» запусціў кампаніі «Народная праграма» (па распрацоўцы канцэпцыі рэформаў у краіне), «Страху няма» (пасля брутальнага разгону Плошчы-2010), «Год Каліноўскага». Прадстаўнікі Руху пачыналі кампанію «За свабодныя выбары».
Арганізацыя выступае за інтэграцыю Беларусі ў Еўрасаюз, праводзіла агітацыйныя кампаніі супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Рухам «За Свабоду» была заснаваная прэмія «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава, якая штогод уручаецца ў Бычках, на радзіме пісьменніка. Прэмію атрымлівалі пісьменнікі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімір Арлоў, музыка Лявон Вольскі, палітык Павел Севярынец, бард Віктар Шалкевіч і іншыя.
У 2016 годзе Рух «За Свабоду» ўзначаліў Юрась Губарэвіч, які да гэтага часу быў намеснікам старшыні. Ён перамог на выбарах Алеся Лагвінца, у выніку Лагвінец сышоў з арганізацыі і заснаваў сваю арганізацыю «Дзея».
Алесь Лагвінец. Фота Мікіты Недаверкава
Сябрам РЗС з'яўляецца былы кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Алесь Міхалевіч, памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Віктар Янчурэвіч, рэгіянальныя актывісты Раман Кісляк, Хрыстафор Жаляпаў, Уладзімір Кацора, Уладзімір Шыла.
У Руху каля 200–250 актыўных сяброў.
«Гавары праўду»
«Гавары
праўду»
Кампанія паўстала пад прэзідэнцкія выбары 2010 года. Кандыдатам ад «ГП» стаў паэт Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў. Фота Сяргея Гудзіліна
«Гавары праўду» адразу прыцягнула да сябе ўвагу з боку грамадскасці і журналістаў. У «ГП» было немалое на той час фінансаванне, да гэтай пары не сціхаюць спрэчкі адносна крыніц тых грошай. Адны кажуць пра сродкі з Еўропы, іншыя – пра расійскі след.
У выніку тых выбараў у ізалятары апынуліся лідары «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк. Дзмітрыеў быў вызвалены дастаткова хутка пасля таго, як выступіў у эфіры БТ.
У хуткім часе Уладзімір Някляеў сышоў з «Гавары праўду», абвінаваціўшы былых паплечнікаў у супрацоўніцтве з спецслужбамі. У 2010-м у «ГП» прыйшло шмат людзей з БНФ, сацыял-дэмакратаў, АГП і іншых палітычных арганізацый. Але праз нейкі час яны расчароўваліся і вярталіся назад. Калі параўнаць рэгіянальных лідараў «ГП» узору 2010 і 2019, то склад памяняўся працэнтаў на 80. Сам Дзмітрыеў кажа, што на сёння перасячэнне з іншымі палітычнымі арганізацыямі складае не больш за 5%.
У 2015 годзе «Гавары праўду» вылучылі кандыдатам у прэзідэнты Таццяну Караткевіч. Гэта была першая жанчына, якая балатавалася ў Беларусі на найвышэйшую пасаду.
Таццяна Караткевіч (у цэнтры) на рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, 2015 год. Фота Сяргея Гудзіліна
Андрэй Дзмітрыеў з жонкай Таццянай.
На сёння «Гавары праўду» – гэта арганізацыя без выразнай ідэалогіі. Людзі аб'яднаныя між сабой ідэяй «мірных пераменаў». Лідары «ГП» сцвярджаюць, што перамены ў краіне не павінны быць гвалтоўнымі і крывавымі, а паступовымі і эвалюцыйнымі.
«Наша мэта – дабіцца мірных дэмакратычных перамен у Беларусі праз падтрымку большасцю грамадства», – гаворыцца ў праграме арганізацыі.
Узначальвае «Гавары праўду» 38-гадовы Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік штабоў Някляева і Караткевіч на папярэдніх выбарах.
У «Гавары праўду» застаецца кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч, адзін з лідараў «Справядлівага свету» Сяргей Вазняк.
На сёння ў «ГП» каля 300 актыўных сяброў.
КХП-БНФ
КХП-
БНФ
Яшчэ адна правая партыя, якая мае афіцыйную рэгістрацыю. Утварылася пасля раскольнага з'езда БНФ у 1999 годзе. Тады замест аднаго БНФ стала два – КХП-БНФ і Партыя БНФ.
Зянон Пазняк на прэзентацыі ўласных кніг у Вільні, 2015 год. Фота Ірыны Арахоўскай
Партыяй нязменна кіруе Зянон Пазняк, які ад 1996 года знаходзіцца ў эміграцыі ў ЗША і Польшчы. Пазняк спрабаваў вылучацца кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2001 і 2006 гадоў, але абодва разы не здолеў сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі. У парламенцкіх выбарах КХП-БНФ традыцыйна не ўдзельнічае, абіраючы шлях байкоту выбараў.
Галоўныя каштоўнасці КХП-БНФ – «беларускі народ, мова, зямля». Партыя выступае за ўтварэнне ў Беларусі парламенцкай рэспублікі, калі найвышэйшым органам улады будзе сойм. Першачарговымі крокамі КХП-БНФ лічыць «ліквідацыю дыктатуры і спыненне палітыкі інтэграцыі з Расіяй».
У палітычным жыцці КХП-БНФ прысутнічае праз арганізацыю жалобных шэсцяў у Курапаты, а таксама ў Лошыцу на Дзяды. Доўгі час актывісты КХП апекаваліся народным мемарыялам у Курапатах.
Шэсце ў Курапаты на Дзяды, 2019 год. У цэнтры – Валер Буйвал. Справа ад яго – Юрась Беленькі Фота Надзеі Бужан
У КХП-БНФ вельмі нацягнутыя адносіны з прадстаўнікамі іншых палітычных партый. Нярэдка можна пачуць з боку партыі Зянона Пазняка абвінавачанні ў бок апазіцыянераў у калабарацыі з уладамі. Існуе нават асобны сайт прыхільнікаў КХП-БНФ, які накіраваны на тое, каб абліваць брудам апазіцыянераў.
З вядомых асоб у партыі ёсць Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі, Сяргей Папкоў, Валерый Буйвал. Прытоку моладзі ў арганізацыю амаль няма.
Партыя можа разлічваць на 50–100 актыўных сяброў.
Якія партыі сябруюць, а якія – не
Чытайце табліцу зверху ўніз па слупках па прынцыпе гульні «Марскі бой»,
і вы даведаецеся, што, напрыклад, у Партыі БНФ і АГП адносіны роўныя, а з РЗС істотна сапсаваліся.
;Партыя БНФ;АГП;РЗС;БХД;Гавары праўду;КХП-БНФ
Партыя БНФ;;Роўныя адносіны. Партыям няма чаго дзяліць між сабой. Ад гэтага і не ўзнікае канфліктаў;Апошнім часам адносіны істотна сапсаваліся. Тлумачыцца найперш спробай РЗС перацягнуць да сябе частку актывістаў Партыі БНФ;Партыі блізкія паміж сабой у ідэалагічнай частцы. Невялікі канфлікт узнік праз удзел лідара БНФ Кастусёва ў віленскім гей-парадзе;Актыўна супрацоўнічалі ў час кампаніі 2015 года. Пасля разышліся. Адносіны спакойныя. Лідары хутчэй ставяцца іранічна адзін да аднаго;Рэзка адмоўныя. Абедзве партыі лічаць сябе пераемнікам БНФ канца 1980-х. Між лідарамі арганізацый непрыхаваная непрыязь
АГП;Роўныя адносіны. Партыям няма чаго дзяліць між сабой. Ад гэтага і не ўзнікае канфліктаў;;Арганізацыі з’яўляюцца партнёрамі па кааліцыі. Тым не менш адносіны хутчэй стрыманыя;Сярод палітычнага кіраўніцтва партый утварыліся прыязныя адносіны. Многія актывісты БХД ідуць на выбары пад вывескай АГП;Крайняя непрыязь у лідараў арганізацыі яшчэ з часоў выбараў 2010 года. Дзмітрыеў быў выключаны з АГП;Пазняк і іншыя лідары КХП-БНФ адносяць да так званай «вікаўскай апазіцыі». Непрыязнае стаўленне
РЗС;Апошнім часам адносіны істотна сапсаваліся. Тлумачыцца найперш спробай РЗС перацягнуць да сябе частку актывістаў Партыі БНФ;Арганізацыі з’яўляюцца партнёрамі па кааліцыі. Тым не менш адносіны хутчэй стрыманыя;;Досыць прыязныя адносіны між актывістамі. Існуе пэўная рэўнасць між лідарамі арганізацыі. Хутчэй пазітыўныя;Мала перасякаюцца між сабой. Не ўдзельнічаюць разам у ініцыятывах. Хутчэй робяць выгляд, што апанентаў проста не існуе;Пазняк называў у свой час Мілінкевіча «мраззю». У часы Губарэвіча да лепшага адносіны не змяніліся
БХД;Партыі блізкія паміж сабой у ідэалагічнай частцы. Невялікі канфлікт узнік праз удзел лідара БНФ Кастусёва ў віленскім гей-парадзе;Сярод палітычнага кіраўніцтва партый утварыліся прыязныя адносіны. Многія актывісты БХД ідуць на выбары пад вывескай АГП;Досыць прыязныя адносіны між актывістамі. Існуе пэўная рэўнасць між лідарамі арганізацыі. Хутчэй пазітыўныя;;На рэгіянальным узроўні актывісты могуць няблага кантактаваць між сабой. На ўзроўні лідараў негатыўныя адносіны;Павел Севярынец – адзін з нямногіх лідараў апазіцыі, да якога маюць павагу ў КХП-БНФ. Найперш гэта звязана з абаронай Курапатаў
Гавары праўду;Актыўна супрацоўнічалі ў час кампаніі 2015 года. Пасля разышліся. Адносіны спакойныя. Лідары хутчэй ставяцца іранічна адзін да аднаго;Крайняя непрыязь у лідараў арганізацыі яшчэ з часоў выбараў 2010 года. Дзмітрыеў быў выключаны з АГП;Мала перасякаюцца між сабой. Не ўдзельнічаюць разам у ініцыятывах. Хутчэй робяць выгляд, што апанентаў проста не існуе;На рэгіянальным узроўні актывісты могуць няблага кантактаваць між сабой. На ўзроўні лідараў негатыўныя адносіны;;Здаецца, КХП-БНФ нават не разглядае «Гавары праўду» як апазіцыйную структуру, стаўленне як да яшчэ адной агентурнай сеткі
КХП-БНФ;Рэзка адмоўныя. Абедзве партыі лічаць сябе пераемнікам БНФ канца 1980-х. Між лідарамі арганізацый непрыхаваная непрыязь;Пазняк і іншыя лідары КХП-БНФ адносяць да так званай «вікаўскай апазіцыі». Непрыязнае стаўленне;Пазняк называў у свой час Мілінкевіча «мраззю». У часы Губарэвіча да лепшага адносіны не змяніліся;Павел Севярынец – адзін з нямногіх лідараў апазіцыі, да якога маюць павагу ў КХП-БНФ. Найперш гэта звязана з абаронай Курапатаў;Здаецца, КХП-БНФ нават не разглядае «Гавары праўду» як апазіцыйную структуру, стаўленне як да яшчэ адной агентурнай сеткі