Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2019 | Наша Ніва
Здзьмухваем пыл з газетнага архіву і пачынаем даследаваць суперсучасную гісторыю Беларусі.
Беларускія нулявыя
Том 3. Культура
Ад Быкава да Міхалка
Эпоха, калі
культура стала патрэбнай
Беларусь на «Еўрабачанні». Беларускае кіно на вялікіх экранах. Эра Галівуда ў кінатэатрах. «Саша і Сірожа» і перараджэнне Міхалка. «Крамбамбуля» і «Госці». Чорныя спісы і новая літаратура. Першыя беларускія выдавецтвы і незалежная галерэя. Адыход Мулявіна і Быкава. З'яўленне якаснай беларускай папсы і 75% беларускай музыкі ў эфіры. Першыя вялікія канцэрты сусветных зорак. Культавыя беларускія выданні.
2001
2002
2003
2000  2001 2002  2003 2004  2005 2006  2007 2008  2009
Якой была культура ў эпоху 2000-х? Як яна ўплывала на сучасную Беларусь?
Што мы глядзелі, слухалі і чыталі ў гэтае дзесяцігоддзе?
Агляд нашага суч/поп/арту ў суперсучаснай Беларусі - у праекце з Samsung Galaxy A50.
Частка 3
Маскульт,тэкст,
кіно і гук.
Галоўнае
Беларуская культура нулявых перажывала пераход ад савецкіх і постсавецкіх традыцый, у якіх творца і дзяржава знаходзіліся ў адзінай прасторы, і пачынала збліжэнне з аўдыторыяй у незалежнай інфраструктуры новых пляцовак, выдавецтваў і прэмій. Да 2000-х Беларусь фактычна не мела сваёй культурніцкай «сеткі» і існавала ў вельмі лакальным кантэксце. У новым дзесяцігоддзі краіна занялася яе пабудовай і інтэграцыяй у глабальны кантэкст.

У гэтым матэрыяле мы не зможам анталагічна ахапіць усё – гэта задача для вялікага даследавання. Але мы паспрабуем намацаць тыя культурныя дамінанты, што былі найбольш заўважныя ў нулявыя і маюць для нас культурнае значэнне па сёння.
Клубная вечарынка ў Мінску, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Ірына Дарафеева выступае для перадавікоў жніва, 2001 г.
Фота: IREX ProMedia
Галерэя «Падземка», Мінск, 2009 г.
Фота: Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых. Мінск. Логвінаў, 2013
Музыка
Для айчыннай эстрады нулявыя былі, бадай, найлепшымі гадамі. У 2005-м для радыёстанцый увялі квоту – 75% беларускай музыкі, – і патрапіць у эфір, нават маладым гуртам, стала нашмат прасцей. Рэдактары вяшчання такому становішчу спраў былі не надта рады: скардзіліся, што якасных песень катастрафічна бракуе, што слухачоў менее і ў выйгрышы застаюцца толькі гандляры дыскамі замежных артыстаў.
У 2000-я мы ведалі беларускую папсу ў твар. Глядзелі кліпы гурта «Топлес» і падпявалі «Краскам» (толькі не кажыце, што не памятаеце колішнія хіты «Аранжавае сонца» і «Старэйшы брат»). Нулявыя падарылі нам сінці-поп-гурт Merry Poppins – яго ўтварылі сёстры Алеся і Марына Берулавы, якія да таго гралі ў гурце «Мантана». Рудавалосыя прыгажуні скарылі «Песню года», часопіс «Максім» і Міхалка (Алеся Берулава была другой жонкай Сяргея). А пасля гурт раптоўна знік.

Ганна Шаркунова, Герман Цітоў, «Без билета», «Атлантыка», Алена Грышанава – усе яны стрэлілі акурат у 2000-я.

Ларыса Грыбалёва, Элеанора Язерская і Паліна Смолава, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Тады ж, дзесьці ў паралельным свеце, утварыліся неафіцыйныя «чорныя спісы» музыкаў – вакалісты і гурты, якія не ўпісаліся ў дзяржаўную лінію, зніклі з радыёэфіраў. Іх канцэрты адмяняліся і забараняліся. N.R.M, Neuro Dubel, Зміцер Вайцюшкевіч, «Палац», Pomidor/OFF – усе яны на доўгі час былі вымушаныя сысці ў падполле і на сяброўскія карпаратывы.
«Еўрабачанне»
Кліп Калдуна, які прадзюсаваў Кіркораў, 2006 г.
У 2004-м Беларусь уключылася ў гонку пад назвай «Еўрабачанне». Першым, хто прадставіў краіну на адным з самых маштабных музычных шоу, стаў дуэт Аляксандра і Канстанцін. Пасля скарыць еўрапеўскую публіку спрабавалі Анжаліка Агурбаш, Паліна Смолава, Руслан Аляхно, Пётр Ялфімаў. Не сказаць, што хоць нехта ўдала. З 16 разоў, што Беларусь удзельнічала ў конкурсе, толькі шэсць нумароў праходзілі ў фінал. Найлепшым вынікам дагэтуль застаецца 6-е месца Дзмітрыя Калдуна ў 2007-м з яго Wоrk Yоur Mаgiс. Напэўна, праз гэтыя штогадовыя паразы мы так адчайна шукалі «беларускі след» у іншых канкурсантах і шчыра радаваліся іх поспехам. Не мае значэння, што Аляксандр Рыбак прадстаўляў Нарвегію – ён жа наш, беларус! СМІ нават адшукалі двайнікоў спевака – у Гомелі і Маладзечне.
Аляксандра і Канстанцін.
Іміджававая фотасесія перад «Еўрабачаннем».
Шлях Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» быў куды больш удалым. У 2005 годзе звонкім «о-а-о» гледачоў скарыла Ксюша Сітнік. А ў 2007-м першае месца ўзяў Аляксей Жыгалковіч з песняй пра сяброў. Цяпер хлопец – рэжысёр музычных кліпаў і рэкламных ролікаў. А Ксенія вывучае журналістыку ў Празе і радуе падпісчыкаў у інстаграме дарослымі фота.

Нельга не згадаць і выступ Юрыя Дземідовіча ў 2009-м: вы дакладна павінны памятаць «Чароўнага трусіка» ў яго выкананні. І хоць заняў Юрый на конкурсе толькі 9-е месца, затое што папярэднічала яго ўдзелу! Гудзела ўся Еўропа!
Некаторыя слухачы западозрылі, што ў тэксце кампазіцыі ёсць прыхаваныя сэнсы і накіравалі звароты з просьбай правесці праверку ва ўсе магчымыя інстанцыі – ад Міністэрства культуры да царквы. Але нічога забароненага праверка не выявіла і хлопчыка дапусцілі да ўдзелу ў конкурсе. Як казаў пасля сам выканаўца, лацінскія словы ў яго песні не азначаюць нічога – гэта проста набор словаў.
Сітнік сустракаюць у мінскім аэрапорце як нацыянальнага героя, 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Ecis! Acis! Amatise!
Чытай яшчэ

Беларускія нулявыя
Частка 1
Лёсы музыкаў
У нулявыя было месца для іроніі. У 2002-м выйшаў дэбютны альбом «Крамбамбулі» – і стаў самым прадаваным у тым годзе. «Абсэнт», «Госці» аказаліся стапрацэнтнымі хітамі. Хоць для многіх чуць Вольскага ў такім фармаце было нязвыкла.

Тады ж у інтэрнэце выбухнуў сатырычны праект «Саша і Сірожа». Мастак Аляксей Хацкевіч і лідар «Ляпісаў» Сяргей Міхалок з прычапнымі насамі вялі сваю «Калыханку», запісвалі музычныя кліпы і нават прабіліся на радыё з перадачай «Опера для лянівых». Саша і Сірожа з іх трасянкай хутка сталі народнымі героямі. Прататыпам, дарэчы, былі рэальныя хлопцы – ужо не вяскоўцы, але яшчэ і не гараджане, як іх апісваў Міхалок. «Калыханка» выходзіла на «Першым музычным канале», «МTV Беларусь», а пасля праект парваў і эфір украінскага тэлебачання.
За здымачны дзень у Мінску дуэт ствараў 5 перадач на тыдзень і амаль усё было чыстай імправізацыяй. Як распавядаў пазней Аляксей Хацкевіч, камандзе было проста лянотна пісаць сцэнар. Міхалок у той час распаўсюджваў легенду, што слова «калдыр» прыдумаў Хацкевіч, які, у сваю чаргу, пераконваў, што проста дастаў гэтае слова з глыбінь памяці.
Канцэрт NRM у Варшаве, 2006 г.
Праект «Саша і Сірожа», дзякуючы сваёй віруснасці, выліўся ў шэраг коміксаў, якія маляваў Аляксей Хацкевіч. Аформіўшыся ў музычны альбом «Ска-ты», які быў запісаны за суткі з гуртом «Метэор», праект самараспусціўся ў 2008 годзе. Удзельнікі заявілі, што ў ім сказалі ўсё. Ну і на змену фрыкаватым гумарыстам прыходзіла карпарацыя Comedy Club.
У 2003-м не стала Уладзіміра Мулявіна. У гэты ж год скончыўся і літаратурны «Вялікі канон» адыходам Васіля Быкава. Эпоха легендарных «Песняроў» фактычна скончылася, хоць сам ансамбль у расколатым выглядзе выступае дагэтуль. Адзін склад – пад кіраўніцтвам Леаніда Барткевіча, другі, які лічыцца афіцыйным пераемнікам, – пад крылом Мінкульта.
Пасля класікаў
Ігар Бабкоў, 2005 г. Фота: Юля Дарашкевіч
Выстава ў Палацы мастацтваў, 2007 г.
Фота: Юля Дарашкевіч
Артысты, якія хацелі большага, абіралі для сябе расійскі шоу-біз. Кар'еру праз Маскву пачынала каралева ар-н-бі Б'янка, выхадцы з «Фабрыкі зорак» Дзмітрый Калдун і Наталля Падольская. Рэпер Сярога штурмаваў чарты з дапамогай украінскага прадзюсара. Беларуская публіка ў тыя гады была не разбалаваная. Выступы сусветных зорак мы маглі пабачыць толькі на экране – буйных канцэртных пляцовак для маштабных шоу папросту не было.
«Мінск-арэна», якая дазволіла прывезці ў сталіцу Шакіру і Элтана Джона, з'явілася толькі ў 2010-м, а да таго галоўныя канцэрты беларускай сталіцы прымалі Палац спорту і Палац Рэспублікі. Аматары рускага року таксама могуць прыгадаць два аншлагавыя канцэрты гурта «Звери» ў спартыўным комплексе ва Уруччы.
Літаратура,
мастацтва,
галерэі
Лічыцца, што беларускае мастацтва нулявых было менш прадуктыўным, чым у 1990-я, калі агульны фон пераменаў даў доўгачаканую свабоду мастацкім выказванням. У 2000-я беларускі глядач назіраў за хвалямі пратэстнага мастацтва і палітычных перформансаў Славаміра Адамовіча і Алеся Пушкіна.
Так пачыналася галерэя «Ў», 2007 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Адна з заўважных старонак беларускага мастацтва таго часу – дзейнасць галерэі «Падземка». Тут з 2004 года ў невялікім падвальным памяшканні пры краме сувеніраў у цэнтры Мінска праводзілі свае выставы ўсе значныя імёны айчыннай арт-сцэны. Менавіта там фармавалася супольнасць мастакоў і крытыкаў, якіх мы сёння ведаем па шматлікіх культурных праектах.
Яе нязменныя кіраўнічкі Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва ўзначалілі ў 2009 годзе галерэю «Ў», якая стала галоўнай культурнай з'явай «дзясятых». Менавіта там, у бары «Малако» пры галерэі, пачалі збірацца першыя мінскія хіпстары, а кожны шараговы наведнік меў спадзяванне на сустрэчу з цветам беларускай інтэлігенцыі.
Падземка / Ў
Дабрачынная выстава ў галерэі «Падземка», 2006 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Галерэя «Падземка», 2005 г.
Фота: Андрэй Лянкевіч
Адным з актыўных мастакоў таго часу быў Уладзімір Цэслер, які да сярэдзіны 2000-х працаваў у тандэме з Сяргеем Войчанкам.
Руслан Вашкевіч здзейсніў бадай што самы амбітны праект беларускага мастацтва нулявых: у 2009 годзе ён і Лізавета Міхальчук узяліся за куратарства «Беларускага павільёна 53-й Венецыянскай біенале». Гэты праект упершыню за шмат гадоў аб'яднаў альтэрнатыўных мастакоў і крытыкаў.
Артур Клінаў у 2005-м выпусціў візуальную паэму «Мінск: горад СОНца», якая стала самай медыйнай арт-канструкцыяй пра беларускую сталіцу: мастак даследуе Мінск як галоўны горадабудаўнічы праект сталінскай эпохі.
Паралельна Клінаў у 2002-м пачынае выдаваць часопіс «pARTisan», асвятляе культурнае жыццё ўнутры Беларусі і за яе межамі. У 2005-м Беларусь упершыню бярэ ўдзел у Венецыянскім біенале – галоўным кірмашы сучаснага мастацтва ў свеце. А праз два гады, у 2007-м, у Мінску праходзіць першая Ноч музеяў. Новы фармат мусіць наблізіць мастацтва да чалавека.
Менавіта ў нулявыя прыватны бізнэс пачаў звяртаць увагу на беларускае мастацтва і творцы атрымалі падтрымку. У гэты час пачалі фармавацца карпаратыўныя калекцыі беларускага мастацтва ў «Белгазпрамбанка» і інвестыцыйнай кампаніі Алега Хусаенава «Зубр Капітал». Выставачныя праекты, якія падтрымаў беларускі бізнэс, нарэшце выйшлі за межы музеяў у гарадскую прастору.
Праект кампатаніі «Зубр-капітал», 2013 г. Фота: blog.atlantm.com
У 2000 годзе Ігар Логвінаў засноўвае выдавецтва «Логвінаў», якое спецыялізуецца на выданні кніг беларускамоўных аўтараў. «Логвінаў» будзе фармаваць Беларусь у тэкстах два наступныя дзесяцігоддзі.
Менавіта тут выйшлі галоўныя беларускія тэксты нулявых. Як пазней расказваў Логвінаў, найбольш падтрымалі яго ў гэтым сябры літаб'яднання «Бум-Бам-Літ» – самай яркай і правакацыйнай суполкі 1990-х. З яе шэрагаў пазней вырастуць ужо вядомыя аўтары для беларускага чытача – Зміцер Вішнёў, Альгерд Бахарэвіч і іншыя. У 2009-м выдавецтва адкрывае ў будынку галерэі «Ў» кнігарню «Логвінаў», якая стане дыскусійнай пляцоўкай і месцам сілы для беларускай літаратуры і выдавецкага бізнэсу.
Логвінаў
На пачатку «нулявых» у Беларусі працягвалася эпоха «вялікіх ілюзій». Уздымалася нацыянальная самасвядомасць, усё пераасэнсоўвалася, бурліла, было адчуванне, што менавіта цяпер усё зменіцца. Нічога не атрымалася. Надышла эпоха «вялікіх расчараванняў». Але на той момант на тых вялікіх чаканнях паўстала вельмі шмат цікавых і, галоўнае, патрэбных беларускай культуры праектаў.
"
Ігар Логвінаў, «pARTisan» #19, 2012 г.
Кіно
Беларускае кіно адзначылася некалькімі праектамі, якія запомніліся аўдыторыі. Поспех у гледачоў займеў фільм Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га…» – карціну двойчы адзначылі кінематаграфічнай прэміяй «Ніка». А вось сцэнарысту Уладзіміру Багамолаву інтэрпрэтацыя рамана не спадабалася, і ён папрасіў прыбраць сваё імя з цітраў.
У 2000-я беларусаў скарыла новая хваля галівудскага кіно: «Матрыца», «Валадар пярсцёнкаў» і «Піраты Карыбскага мора». З усходу прыйшла «Брыгада». Па ТБ круцілі серыялы «Клон» (студыі танца жывата абавязаны яму прытокам кліентак), «Сакрэтныя матэрыялы» і «Не нарадзіся прыгожай».
Афіша часопіса «Студэнцкая думка», 2005 г.
Пасля ў пракат выйшла спрэчная «Настасся Слуцкая». На здымкі гістарычнай драмы выдаткавалі мільён даляраў. Уладзімір Янкоўскі, які першапачаткова браўся за яе, адмовіўся быць рэжысёрам, бо не разумеў, як на гэтыя грошы можна зняць нешта годнае... Бадай, самае цікавае ў гэтым фільме – акцёрскі склад. На экране засвяціліся Святлана Зелянкоўская, Анатоль Кот, Сяргей Глушко (больш вядомы як Тарзан) і колішні гендырэктар БТ Генадзь Давыдзька.


У 2004 годзе малады рэжысёр Андрей Кудзіненка прадставіў фільм «Акупацыя. Містэрыі». Крытыкі ацанілі: карціна трапіла ў конкурсную праграму Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. Але беларускі Мінкульт вырашыў прыпыніць пракат карціны, «каб не аказваць негатыўнага ўплыву на выхаванне падрастаючага пакалення і моладзі». У кінатэатры стужку «Акупацыя. Містэрыі» вярнулі толькі ў 2010 годзе. Усе нулявыя кіно распаўсюджвалася ў інтэрнэце ці на дысках і стала, бадай, галоўнай стужкай айчыннага кінематографа ў гэты гістарычны перыяд.

Пакуль «Беларусьфільм» звяртаўся да падзей мінулага, андэграўнднае кіно спрабавала асэнсаваць сучаснасць. Сяргей Лобан зняў «Выпадак з пацаном», дзе расказаў пра далёкага ад палітыкі рабацягу Юру, які воляй лёсу трапіў у вір палітычных падзей. Кароткаметражка з бюджэтам у $1000 атрымала Гран-пры маскоўскага фестывалю «Любі кіно».

Тое, як сябе адчувае моладзь у сучаснай Беларусі, цікавіла і нямецкага рэжысёра Себасцьяна Хайнцэля. Фільм «89 міліметраў» (у метафарычнай назве абыграна розніца чыгуначнай каляіны ў Заходняй і Усходняй Еўропе) каманда пісала пад выглядам студэнтаў, якія цікавяцца сталінскай архітэктурай, бо афіцыйнага дазволу на здымкі не было. Стужку пасля паказалі ў Германіі, Бельгіі, ЗША.


Культура спажывання
На пачатку 2000-х мы хадзілі ў кавярні не так часта, кава на вынас яшчэ не ўвайшла ў штодзённасць беларусаў. Знаёмства са светам фаст-фуду толькі пачыналася. «Макдональдс», у якога практычна не было канкурэнтаў, адразу стаў галоўным цэнтрам прыцягнення сталічных школьнікаў і студэнтаў.

У тыя гады мы адкрылі для сябе японскую кухню. Адно за адным з'яўляліся кафэ, якія прапаноўвалі нязвыклыя беларусу сушы. Попытам у мінчан карысталіся кафэ-кандытарская «Безэ», рэстаран «Грунвальд» і «Ракаўскі бровар» (гараджане выстройваліся ў чэргі, каб туды трапіць). Моладзь з грашыма магла дазволіць сабе пасядзець у пафаснай «IL Паціа». Заможная публіка таксама замаўляла столікі ў News Café і Grand Café.
У 2007-м з помпай адкрыўся рэстаран «Фальконэ». Для першых гасцей выступаў сам Тота Кутуньё! Рэстаран здзіўляў неверагодна высокімі цэнамі, шэф-кухарам з Італіі і... чорнай туалетнай паперай.
Чытай яшчэ

Беларускія нулявыя
Частка 2
Хроніка
20
00
01
Помнік Еўфрасінні Полацкай у Полацку
Музей Караткевіча ў Оршы
Культавы альбом «Я нарадзіўся тут»
Іван Маслюкоў запусціў гульню «Схватка»
У Мінска афіцыйна з'явіўся герб горада
У Гродне адкрыўся дом-музей Элізы Ажэшкі
07
Паход рокераў у Мінінфарм
09
Мінская роварная дарожка
Рашэнне пра ЧС па хакеі ў 2014 годзе ў Мінску
Помнік «Тысячагоддзя Брэста»
02
Зацверджаны новыя словы гімна Беларусі
Адкрыты музей гісторыі Магілёва
03
Помнік літары Ў у Полацку
На ўсіх прадпрыемствах краіны ўводзяцца пасады ідэолагаў
04
Помнік Сімяону Полацкаму ў Полацку
Гарадскі пасёлак Тураў атрымаў статус горада
05
Пачынаецца масавае будаўніцтва аграгарадкоў
Адкрываецца «Лінія Сталіна»
Новы нэймінг: «беларускі»
і «нацыянальны» цяпер пад
аховай дзяржавы


06
Нацыянальная бібліятэка

08
Ствараецца кампанія «Будзьма беларусамі»
Прынт.Папера.Друк.
Медыя і літаратура
У гады, калі дзеці яшчэ не сядзелі ў планшэтах, папулярнасцю карысталіся дзіцячыя часопісы. «Прыгоды Скубі-Ду», «Прынцэса», «Мікі Маўс» – бадай, у кожнага ляжаў дома стосік такіх коміксаў. Галоўным жа чытвом для школьнікаў сталі часопісы, створаныя беларускім карыкатурыстам Віктарам Дубовікам: «Адзін дома» і «Каламбур». Там было ўсё: красворды, анекдоты, страшылкі, навіны пра зорак шоу-бізу і шмат інтэрактыву. Чытачам прапаноўвалі дасылаць малюнкі, гісторыі са свайго жыцця, лісты кумірам. Але прымаліся і хэйтарскія каментары, і нават «праклёны»: «Каб табе школа снілася кожную ноч». Адной з любімых у падлеткаў была рубрыка «Ты шчасліўчык ці не?», дзе можна было праверыць сваю інтуіцыю. У найлепшыя гады тыраж «Каламбура» дасягаў 200 тысяч экзэмпляраў!
Вокладкі часопіса «Каламбур».
Самы пазнавальны дызайн 2000-х.
Хіт нулявых – «Навінкі» – «газета для здаровых людзей». «Твітар» пачатка новага тысячагоддзя. Палітычны гумар, прота-стэндап і іранічная крытыка – усё было тут. Сатырычны праект, галоўным рэдактарам якога быў Павел Канавальчык. У рэальных «Навінках» ён хаваўся ад арміі – так і нарадзілася назва выдання. На старонках крытыкавалася як улада, так і апазіцыя. Дзёрзкія карыкатуры, правакацыі, фотамантаж, сцёб – газета балансавала на мяжы прыстойнага і непрыстойнага, але заахвочвала да дыскусіі і крытычнага мыслення. У 2003-м, пасля папярэджанняў Мінінфарма, праект вырашылі закрыць.
А прагрэсіўная моладзь чытала «Студэнцкую думку». «Суб'ектыўнае выданне для нахабных і разумных» – так сябе пазіцыянаваў часопіс і цалкам гэтаму адпавядаў. Яго любілі за слэнг, арыгінальныя тэмы і адсутнасць цэнзуры. Калі медыя пазбавілі рэгістрацыі, «Студэнцкую думку» распаўсюджвалі праз тусовачныя месцы. Але ў 2005-м гэтыя пункты таксама згарнулі, і друкаваны часопіс прыпыніў існаванне.
Але самымі папулярнымі і самымі масавымі выданнямі былі рознага кшталту крыжаванкі. Іх бралі на лецішча, разгадвалі ў цягніку па дарозе на мора ці ўвечары пасля працы, калі праграма тэлеперадач не абяцала цікавых прэм'ер і ток-шоу.
Да сустрэчы на экранах
Тэкст
Наталля Лубнеўская
Дызайн і тэкст
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910