Беларуская Антычнасць
5 унікальных драўляных цэркваў, якія абавязкова трэба пабачыць
Разам з Samsung Galaxy A50 мы запрашаем у падарожжа да культавых драўляных храмаў Берасцейшчыны, якія могуць увайсці ў спіс Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА
Здзітава: царква ў бацькаву памяць
З культурных набыткаў чалавецтва лепей за драўляныя архітэктурныя шэдэўры гараць толькі кнігі. І гэта проста дзіва, што за апошнія чатырыста вогненных гадоў у Беларусі тыя шэдэўры захаваліся. Мы пачынаем падарожжа ад самай старой драўлянай царквы краіны, што ў вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна.
Царква Святога Мікіты
ў вёсцы Здзітава (Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці). Найстарэйшая драўляная царква ў Беларусі. Пабудавана ў 1502 па фундацыі Івана Гурына на правым беразе ракі Мухавец, магчыма, на месцы яшчэ ранейшага храма. Непадалёк ад царквы – двух'ярусная званіца. Помнік драўлянага дойлідства.
Вёскі Здзітава фармальна ўжо няма: яе далучылі да Жабінкі. І царква Святога велікамучаніка Мікіты таксама стала гарадской. Невялікі храм на Спаса поўны людзей, у сярэдзіну цяжка прабіцца. «Да нас і жабінкоўцы ездзяць, тут атмасфера асаблівая», – кажа прыхаджанка.

Пяцьсот год таму гэтая невялікая гарманічная цэркаўка была самым высокім будынкам наваколля.

У 1502 годзе царкву фундаваў шляхціц Іван Гурын, паставіўшы ўмовай асвяціць яе імем святога Мікіты – у гонар уласнага бацькі, Мікіты Гурына. Той Мікіта і выслужыў у свой час Здзітава ў вялікага князя Аляксандра.

З фундушовага запісу можна зразумець, што царква была пастаўленая на месцы нейкага старога храма XV стагоддзя – бо згадваецца ранейшы святар, які збег са Здзітава з грашыма і дакументамі.
«У нас хацелі вуліцу імем Гурына назваць, але назвалі Стараздзітаўская», — кажуць людзі. Дзіўная сарамлівасць мясцовай улады: чаму не назваць вуліцу імем чалавека, які падараваў нашчадкам помнік архітэктуры еўрапейскага значэння?
Прапорцыі
Здзітаўскую царкву будавалі не «на вока»: вышыня храма роўная палове дыяганалі прастакутніка, у які яе можна ўпісаць. А даўжыня яе апсіды роўная палове шырыні яе нефа.
Неф
асноўная, цэнтральная частка храма

Апсіда
алтарная частка храма, у якой месціцца алтар або іканастас

Бабінец
уваходная частка храма

Рызніцы
бакавыя, ніжэйшыя памяшканні, прыбудаваныя да царквы
«Дубэ» – так па-мясцоваму называюць дубы, у множным ліку. Царква стаіць над Мухаўцам, у засені старых дрэваў. Самы аграмадны дуб разбіў пярун, давялося зрэзаць: пра яго нагадвае толькі пень у чатыры абхопы. Зялёны пагорак навокал – на самай справе могілкі канца XVIII стагоддзя, ад якіх не засталося следу. Асцярожней ступайце вакол старых цэркваў…
Храм уражвае. Строгія лініі вертыкальнай шалёўкі.
Нашчыльнікі, прыбітыя тоўстымі каванымі цвікамі.
Такую ж шалёўку, мяркуючы па пасляваенных фота, мела і званіца, што стаіць за царквой. Але пару дзясяткаў год таму яе крыва абабілі бляхай. Зрэшты, падставы для аптымызму можна знайсці і тут: дрэва лепей захаваецца, а бляху можна ў любы момант адарваць. Адкрыты ніжні вянок зрубу царквы – брусы часаныя з дубу, які рос яшчэ мо ў часы паганства. Пад імі з зямлі відаць спіны нарожных камянёў.
«Традыцыйны» сіні колер
Усе царкоўныя будынкі, уключна нават з бляшаным кіёскам-крамкай, пафарбаваныя ў густы сіні колер. Сіні лічыцца традыцыйным колерам драўляных палескіх храмаў. Тым больш у хрысціянскай сімволіцы – гэта колер Багародзіцы. Але яго гісторыя не такая даўняя: некалькі соцень год цэрквы стаялі нефарбаваныя – шэрыя. Як і дагэтуль стаяць драўляныя храмы Закарпацця. Засінелі палескія цэрквы толькі ў савецкі час, пасля з'яўлення ў продажы таннай алейнай фарбы.
Падымаеш позірк угару – і мружышся міжволі: блішчыць, як танная кітайская цацка, макаўка-цыбуліна. Яе ўжо ў 2000-я самавольна паставіў мясцовы святар. Быў скандал, і з тае пары, відаць, «бацюшка журналістаў не любіць».

Вернікі залатую макавіну ўспрымаюць спакойна: «Як можна, каб царква без рамонту была? Рамонт трэба».

Такія макавіны на многіх старажытных цэрквах Беларусі з'явіліся не з-за адсутнасці густу ў асобных святароў. Гэта, хутчэй, жаданне замацаваць за сабой тэрыторыю: сённяшнія гаспадары памятаюць, што некалі многія з гэтых храмаў былі ўніяцкімі цэрквамі, а часам і касцёламі.
Уніяцтва
У выніку царкоўнай Уніі, укладзенай у 1596 годзе ў Брэсце, праваслаўныя жыхары Рэчы Паспалітай перайшлі пад юрысдыкцыю Рыма. Гэтая рэформа была выкліканая жаданнем пераадолець раскол паміж праваслаўнымі і каталікамі ў краіне, а таксама кар'ернымі памкненнямі праваслаўных іерархаў (вышэйшыя пасады ў Рэчы Паспалітай маглі займаць толькі каталікі). Уніяты прызнавалі вяршэнства Папы, каталіцкія дагматы і некаторыя элементы абраду (напрыклад, ва ўніяцкіх цэрквах Беларусі былі арганы), але ў цэлым захоўвалі ўсходнюю абраднасць. Унію ліквідавалі ў 1839 пасля далучэння беларускіх земляў да Расійскай імперыі. Уніятаў масава пераводзілі ў праваслаўе.
Служба сканчаецца, стракатанне нашага дрона (ці не рой ляціць?) прыцягвае ўвагу вернікаў, якія выйшлі з храма і паселі на лавах, чакаючы асвячэння яблыкаў ды груш. Строгія дзядзькі пытаюцца: ці ёсць блаславенне бацюшкі на палёты? Але месца публічнае, і «блаславенне» трэба толькі ад Генштаба Узброеных сілаў.

Протаіерэй Сцяпан так і не знайшоў хвіліны выйсці, хоць памочнік, які раздзьмухваў кадзіла пры малых дзвярах рызніцы, казаў, што «бацюшка зараз вызваліцца». Наадварот, вернікам паступіла каманда вяртацца ў царкву: асвячэнне адбудзецца ўсярэдзіне. Людзі з кошыкамі рушылі ў цесны храм.
Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская
Абраз XVI стагоддзя, які знаходзіўся ў Здзітаўскай царкве. Цяпер у Музеі старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук у Мінску.

Сцяпанкі: звон-вандроўнік
Некалі старажытныя грэкі, аздабляючы каменныя храмы, імітавалі з мармуру элементы драўляных канструкцый. Нашы продкі былі грэкамі наадварот: будуючы драўляныя цэрквы, яны імітавалі мураваныя. Таму храмы ў Сцяпанках, а асабліва ў Дзівіне, падобныя да класічных помнікаў віленскага барока.
Царква Святога Міхала
ў вёсцы Сцяпанкі (Жабінкаўскі раён). Пабудаваная ў 1780, парамантаваная ў 1858. Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. У 1914 да царквы прыбудаваная трох'ярусная званіца. У царкве ёсць вялікі звон пачатку ХХ ст., адліты на ахвяраванні вернікаў.
Праўда, у Сцяпанках да пазнавальнага барочнага двухвежавага фасада Міхайлаўскай царквы ў пачатку ХХ стагоддзя дабудавалі спераду вялікую квадратную званіцу. На прыкладзе сіняга колеру мы ўжо ўпэўніліся: тое, што лічыцца аўтэнтычным, часта бывае канструктам з розных часоў, традыцый і стыляў.
Гэтая званіца – нібы аправа для сцяпанкаўскай славутасці: вялікага звона. Трапляем наверх, каб падзівіцца на яго, з дазволу матушкі Любові.
Мы пазнаёміліся, калі яна, спяшаючыся, перастаўляла каля варот царквы чыйсьці скутар, што загарадзіў выезд яе чорнаму «Хюндаю»: трэба да будаўнікоў, дазнавацца, колькі фарбы закупляць на рамонт. Фарбаваць будуць, ясна, у сіні: «У іншы нам не дазволена».
Гісторыя сцяпанкаўскага звона нібы апокрыф.
Звон адлілі ў пачатку ХХ стагоддзя на ахвяраванні вернікаў, а найбольшы ўнёсак зрабіў селянін Сцяпан Аксюцік. Яго імя выбітае ў бронзе на баку звона. У часе савецка-польскай вайны звон рэквізавалі чырвонаармейцы, каб вывезці ў Расію, але ў выніку хуткага наступу палякаў каштоўнасць памяняла гаспадароў. Палякі таксама не збіраліся вяртаць яго вернікам і завезлі аж у Варшаву. Там, на чыгуначнай платформе, звон пабачыў сцяпанкаўскі чалавек. Пасля доўгіх перамоваў і ўпрошванняў удалося вярнуць каштоўнасць у Сцяпанкі.

Наступная небяспека напаткала яе ў часе Другой сусветнай, калі немцы рэквізавалі паўсюль званы. Але ўжо навучаныя досведам сцяпанкаўцы здолелі перахаваць свой. І ён маўчаў да канца савецкай эпохі.
Мы часта забываем: усе культурныя каштоўнасці Беларусі – храмы, званы, абразы – створаныя на народныя грошы. У іх нібы акамуляваныя намаганні і энергія пакаленняў продкаў. І ніякі пустадомак не мае права іх забіраць ці нішчыць. Гэта абраза ўсім нам.
Ад языка сцяпанкаўскага звона ідзе вяроўка аж да долу, у бабінец. Каб можна было званіць, не ўздымаючыся па крутых сходах. Калі ж гулкі ўдар заспее цябе на версе званіцы, можна атрымаць ад нечаканасці лёгкую кантузію.
Мала хто бывае на званіцы: глядзіце, што з яе можна пабачыць.
Традыцыйнае палескае сонца на вокнах і старыя каваныя завесы царкоўных дзвярэй.
Зямля Касцюшкі
Між Здзітавам і Сцяпанкамі ляжаць Малыя Сяхновічы – колішні родавы маёнтак Касцюшкаў, дзе некалькі гадоў гаспадарыў сам герой двух кантынентаў, славуты Тадэвуш Андрэй Банавентура.
І ў Здзітаве, маёнтку яго бацькі, і ў Сцяпанках, і ў Збірагах Тадэвуш Касцюшка безумоўна бываў. І бачыў храмы, якія мы сёння наведваем.

І наконт таго, што Касцюшка – беларускі герой, у Малых Сяхновічах сумневаў няма. Яго вобраз засвойваецца нават у прыкладным мастацтве: каля мясцовага музея можна пабачыць плён леташняга пленэра народных майстроў. Стаяць драўляныя скульптуры трохі лубочнага Тадэвуша пры генеральскіх рэгаліях, Людвікі Сасноўскай, з якой Касцюшку так і не выпала ажаніцца, ды вусатых мужыкоў-касінераў.
Збірагі: асіметрыя
У Збірагах, што таксама недалёка ад Жабінкі, мы заспяваем царкву замкнёнай. Святар па тэлефоне загадвае нас «не пускаць», але потым адтайвае. Адмыкаецца царква вялізнымі старымі ключамі.
Відэа знята на Samsung Galaxy A50.
Царква Святой Параскевы
ў вёсцы Збірагі (Брэсцкі раён). Упершыню згадваецца ў 1610 ў сувязі з фундацыяй княгіні Агаты Соф'і Сапежанкі з Пацаў як уніяцкая Траецкая царква. Ад 1886 праваслаўная. У 1920 ператворана ў касцёл. Пасля Другой сусветнай вайны зноў праваслаўная. Помнік драўлянага дойлідства.
Храм Святой Параскевы Сербскай нагадвае здзітаўскі, хоць і маладзейшы на стагоддзе. Паводле дакументаў. Яго фундавала ў 1610-м княгіня Агата Соф'я Сапежанка з Пацаў. Але, звяртаюць увагу краязнаўцы, гаворка ў яе тастаменце магла ісці пра ўжо наяўную царкву, а не пра тую, якую трэба збудаваць. Тым больш, прыгадваў ранейшы настаяцель Пятро Бабіч, яго папярэднік бачыў лічбу «1502», высечаную дзесьці на кроквах. Шкада, што не давялося застаць айца Пятра: 90-гадовы бацюшка адышоў сёлета ў сакавіку.
Магіла Пятра Бабіча. далей – пахаванні мясцовай святарскай дынастыі Малашкаў.
Пасвячэнне ён атрымаў у 52 гады, у 1980-м, калі прафесія праваслаўнага святара была, мякка кажучы, не мэйнстрымавай. Да апошняга айцец Пятро служыў у Збірагах, прыязджаючы ў непагадзь да храма на скутары.

На хорах царквы стаіць партрэт айца Пятра – і наш праважаты хрысціцца на яго як на абраз.
Калі пашчасціць трапіць у Збірагах на хоры, абавязкова звярніце ўвагу на парэнчы балкона, зробленыя з цэльнага выгнутага бруса.
Іканастасы
ў беларускіх цэрквах масава з'явіліся ў 1830-я, калі рыхтавалася ліквідацыя Уніі ды перавод мільёна беларускіх уніятаў у праваслаўе маскоўскага ўзору. Дзе-нідзе былі нават пратэсты вернікаў – так, у вёсцы Рэчыца Пінскага павета сяляне зламалі іканастас: ім не падабалася, што цяпер таямніца Еўхарыстыі (ператварэнне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыстову) адбываецца за зачыненымі царскімі варотамі, а не на іх вачах.
Іканастас у Збірагах – тых самых 1830-х, але з ранейшымі элементамі: анёлкамі, карункавай разьбой, абразамі XVIII стагоддзя, у якіх выразна чатаецца жыццялюбная традыцыя беларускага барока.
Царква ў Збірагах унікальная і сваёй асіметрычнасцю: апсіда прыбудаваная не роўна па цэнтры нефа, а з невялікім сыходам улева.
Званіца ў Збірагах: аркавыя праёмы закрытыя шчытамі з дошак. Хоць на іх і намаляваныя вокны, у рэальнасці адчыняецца толькі адно.
Чэрск: званіца і кенатафы
Толькі з прыходам тэлеграфіі-тэлефаніі ды электрычнага гучнамаўлення званіцы сталі часткай выключна храмавай архітэктуры. А ў Сярэднявеччы яны стаялі і над брамамі гарадоў, здалёк абвяшчаючы пра пажар, набліжэнне ворагаў ці прыезд высокай урадавай дэлегацыі. Тыя надбрамныя званіцы, мусіць, выглядалі так, як чэрская.
Чэрск – вёска ў паўднёва-заходнім кутку Беларусі, да Польшчы – 15 кіламетраў, да Украіны – 8. Званіца пры мясцовай Міхайлаўскай царкве нібы захавалася з часу татарскіх нашэсцяў – можна ва ўяўленні дабудаваць справа і злева ад яе абарончыя сцены. Над маленькім уваходам – штосьці кшталту баявой галерэі.
«Тут маліліся, калі яшчэ царквы не было. Яна ж старэйшая за царкву», – пераказвае нам народнае паданне бабуля Поля, захавальніца ключоў ад чэрскага храма.
Ці сапраўды званіца старэйшая за пачатак XVIII стагоддзя? Ці яна выглядае так – зробленая з дрэва-векаўшчыны, змацаваная драўлянымі шпількамі, а не цвікамі – у параўнанні з падноўленай царквой?
На апошнім фота бачна, што ў званіцы захоўваюцца і знятыя некалі з царквы традыцыйныя каваныя крыжы.
На царкву ж яшчэ ў ХІХ стагоддзі ўссадзілі два несувымерныя купалы-цыбуліны.
Царква Святога Міхала
ў вёсцы Чэрск (Брэсцкі раён). Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная на мяжы XVII—XVIII ст. (да 1701), відазмененая ў 1860-я, тады да галоўнага фасада быў дабудаваны большы квадратны прытвор.
Асобна стаіць трох'ярусная званіца аднаго веку з царквой – на сёння адзіная ў Беларусі званіца такой канструкцыі.
Прыбудавалі таксама квадратны, шырэйшы за саму старую царкву, бабінец, баковачку-рызніцу злева. Праз тую рызніцу, зламаўшы дзверы, у сярэдзіне 2000-х у царкву ўлезлі зладзеі.

«Ключы ў мяне былі, – расказвае бабуля Поля. – У той дзень у клубе насупраць была гулянка, дык не чулі, як дзверы ламалі». Скрадзеныя абразы так і не знайшлі.
Адметнасць Чэрска – кенатафы вакол царквы. Кенатафамі старажытныя грэкі называлі сімвалічныя магілы – іх рабілі, калі блізкі чалавек загінуў у моры ці на чужыне: каб было куды прыйсці паплакаць.

Шэрагам стаяць цагляныя помнікі сынам чэрскіх людзей, забітым на вайне, чые магілы раскіданыя па ўсёй Еўропе. Але мода на кенатафы пачалася тут, відаць, у 1928-м, ад жадання сям'і захаваць памяць пра памерлага ў Амерыцы на заробках чалавека.
Дзівін: алтаром на захад
Адна з прычынаў, чаму на Палессі так добра захоўваецца архаіка, – палескія дарогі. Асабліва мясцовага падпарадкавання. І не хлусіў навігатар, які адвёў нам паўтары гадзіны на пераадоленне 96 кіламетраў ад Чэрска да Дзівіна праз Маларыту.
Гравійка змянілася палявой дарогай з ямамі. Нездалёк відаць былі памежная вышка і слупы з нацягнутым дротам, а за кукурузным полем – Украіна.

У Дзівін трапляем на змярканні. Храм Параскевы Пятніцы – нібы ўзнагарода за турботы 500-кіламетровага шляху. Двухвежавая царква-карабель з лёгкімі васьмерыкамі макавак, побач – традыцыйны цяжкі палескі крыж.
Царква Святой Параскевы Пятніцы
ў вёсцы Дзівін (Кобрынскі раён). Пабудавана ў 1740 як уніяцкая на месцы храма, вядомага з 1566. У 1869 абноўленая і перададзеная праваслаўным. Помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю барока. Каля царквы ёсць званіца ХІХ стагоддзя.
Царквы ў Дзівіне дзве – другая навейшая, рэтраспектыўна-рускага выгляду. «Наша царква стаіць прастолам на захад, бо была ўніяцкая, а тая, што далей па вуліцы – на ўсход», – тлумачыць нам жыхарка Дзівіна. Яна ж падказвае, у каго пытаць ключоў.

Бабуля СтэфанІя жыве ў канцы вуліцы 17 Верасня, дзе ўсе адзін адному нейкія сваякі. Знаходжу яе на сяле ў суседкі. Яна ідзе па ключы ў сваю невялікую хатку, адганяючы з дарогі – «Воны мэнэ заколупалы!» – харошых, ціхіх на выгляд кацянят. Яны надта не баяцца.
Бабуля пры царкве ўжо 19 год, ад самага часу яе новага асвячэння. Ад 1960-х тут быў клуб, таму ўсё царкоўнае начынне і абразы новыя.
Апошняе фота – бабуля СтэфанІя паказвае ікону, што нібыта засталася ад старога ўбрання.
«І ўсё адно наша царква – сама хароша», – кажа яна, зачыняючы за намі шклопакетныя дзверы. За самавольную замену дзвярэй архітэктурнага помніка (старыя не зачыняліся ўзімку) прыходу далі штрафу.
Адны дзверы – малая ахвяра за 250 год, цягам якіх на гэтых землях памянялася пяць дзяржаў ды прайшоў дзясятак войнаў і паўстанняў.
Але, з іншага боку, царква XVI стагоддзя, парамантаваная ў XVIII-м, з дабудаванай да яе званіцай XIX-га, з пастаўленым у 1830-я іканастасам, крытая бляхай і пафарбаваная ў сіні ў 1970-я, з шклопакетамі і залатой цыбулінай 2000-х – помнік не менш цікавы за «проста» царкву XVI стагоддзя, аўтэнтычна захаваную. Бо дае магчымасць узірацца не ў аддалены пункт часу, а бачыць панарамна ўсю гісторыю краіны за чатырыста год. І тут дапамог бы просты інфармацыйны стэнд з сумленна расказанай гісторыяй храма. А што там у ЮНЕСКА вырашаць – іх справа.
  • Андрэй Скурко
    тэкст
  • Надзея Бужан
    фота
  • Антон Сурапін
    здымкі з дрона
Спецпраект «Драўляныя цэрквы Палесся»
мы стварылі разам з кампаніяй Samsung Electronics
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910