З Браславам звязана жыццё доктара Станіслава Нарбута. Трэці сын у сям'і, нашчадак старажытнага роду герба «Трубы», Станіслаў нарадзіўся ў 1853 годзе на Гарадзеншчыне. Старэйшы брат, Людовік, браў удзел у паўстанні Каліноўскага. За гэта сям'я і пацярпела: улады канфіскавалі маёнтак, сям'ю пазбавілі шляхецтва, а ўсіх дарослых выслалі з Беларусі. 11-гадовага Станіслава прытулілі сваякі ў Вільні. Сын «дзяржаўных злачынцаў» не меў права паступаць ва ўніверсітэты Расійскай імперыі, таму Станіслаў атрымаў адукацыю ў Мюнхене ў Баварскім універсітэце.
У родныя мясціны Нарбут вярнуўся доктарам медыцыны. Меў прыватную практыку ў Друі і Браславе. Жаданне дапамагаць простым людзям было настолькі моцным, што за два гады клапатлівы Нарбут адбудаваў у Браславе ўласную цагляную лякарню. (Сёння ў гэтым будынку – скіт Свята-Панцеляймонаўскага манастыра.)
Станіслаў Нарбут разам з сям'ёй. Фота: Wikimedia
Актыўнасць доктара медыцыны не мела межаў. Нарбут заснаваў у Браславе пажарную дружыну, выдаваў газету «Дух Браслава», удзельнічаў у працы мясцовага тэатра. Аўтарытэт і павага да доктара Нарбута сярод гараджан былі неаспрэчнымі, таму пасля яго смерці жыхары Браслава арганізаваліся і сабралі сродкі на дом для яго сям'і. А праз год, у 1927 годзе, на Замкавай гары быў усталяваны за народныя грошы дзесяціметровы абеліск. Зямлю пад помнік аддаў мясцовы жыхар.