Традыцыйна ўзвядзенне замка стала магчымым дзякуючы ўзгоркаваму ландшафту ў Наваградку. Беларусы звычайна памятаюць пра «горны» Лагойск, але многія забываюць, што менавіта Наваградак — самы высокі па ўзроўні над морам горад Беларусі.
Драўляны замак тут быў вядомы з XI стагоддзя, а ў XIII з'явілася першая каменная вежа. На замчышчы стаяла царква і княскі палац. Імаверна, менавіта ў ім спыняліся Вітаўт з Ягайлам. Лічыцца, што ў XVI стагоддзі Наваградскі замак быў адным з самых магутных умацаванняў на беларускіх землях.
Падчас ваенных ліхалеццяў XVII стагоддзя – вайны з Масковіяй – замак моцна пацярпеў. Яго велічныя вежы ўзарвалі, і ён цалкам страціў свае абарончыя функцыі. На замчышчы пасвіліся свінні, сюды нават вывозілася смецце. Магчыма, камяні замка ляжаць пад асфальтам Наваградка: у 1802 годзе гарадзенскі губернатар Бенінгсен дазволіў брукаваць імі вуліцы. Толькі ў 1920-я руіны паспрабавалі ўзяць пад ахову. Польскія навукоўцы (Наваградак адышоў з Заходняй Беларуссю да Польшчы) правялі кансервацыю вежаў, паставілі апоры і ўзнавілі прыблізны план замка. Наваградак стаў аб'ектам увагі археолагаў ужо ў другой палове XX стагоддзя.
Кубак святой Ядзвігі.
Фота: Wikimedia
Даследчыкі з Пецярбурга працавалі на замкавай гары з 1956 года. Узначальвала экспедыцыю Фрыда Гурэвіч. У 1960-м яна і знайшла найвялікшы скарб наваградскага замка — «Кубак святой Ядзвігі», разбіты. Шкляны келіх, які выкарыстоўвалі падчас каранацый і найвышэйшых урачыстасцяў. Лічыцца, што гэта быў падарунак Міндоўгу ад візантыйскага імператара Атона II. Згодна з легендай, гэтыя кубкі належалі Ядзвізе — жонцы герцага Сілезіі Генрыха. Ёсць і іншая легенда: у разьблёным кубку з выявай грыфона, ільва і дрэва жыцця вада магла ператварацца ў віно. На сёння вядома чатырнаццаць такіх кубкаў у музеях Польшчы, Германіі, Галандыі і Англіі. Брытанскі музей уключае іх у «Топ-100» найважнейшых помнікаў матэрыяльнай культуры. Кубак з Наваградка выставілі ў Эрмітажы толькі ў 2017 годзе.