Пінскі гарадскі суддзя Мацей Бутрымовіч — дзед мастака і кампазітара Напалеона Орды — здзівіў жыхароў Варшавы, калі прыплыў з Пінска на невялікіх судах з падарункамі ў сталіцу Рэчы Паспалітай. Піяр-акцыя прайшла паспяхова: Бутрымовіч запрасіў у Пінск караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага для закладкі свайго палаца, і той пагадзіўся. Цяпер у Пінску гэты будынак вядомы як «Палац Бутрымовіча».
Працы пачаліся ў 1784 годзе і працягваліся амаль дзесяць год. Збудаванне спалучыла ў сабе рысы класіцызму і барока. Гараджане называлі будынак не іначай як «пінскі мур», бо гэта быў першы свецкі будынак з каменю. Дарэчы, Мацей Бутрымовіч ініцыяваў і будаўніцтва Каралеўскага канала, які цяпер мы ведаем як Днепра-Бугскі.
Мацей Бутрымовіч, партрэт XVIII ст.
Фота: Wikimedia
Праз два дамы ад яго месціцца дом унука Бутрымовіча – дом Орды (Леніна, 38). Эклектычны будынак, які сваімі абрысамі нагадвае ўтульныя дамкі Амерыкі, змураваны з чырвонай цэглы ў XIX стагоддзі для нявесткі Напалеона – Леанціны. Яна займалася грамадскай дзейнасцю, асветніцтвам і дабрачыннасцю. Часта тут спыняўся і сам Напалеон Орда, калі працаваў над сваімі творамі.
Яшчэ адзін знакавы будынак — прыватны асабняк Грыгаровіча. Пабудаваны ў 1922 годзе для знакамітага пінскага рэстаратара Тэадора Грыгаровіча, асабняк стаіць на беразе Піны. Цяпер гэта ўтульны жылы дом, аналагі якому цяжка знайсці ў іншых мясцовасцях краіны.
Грыгаровіч быў вядомым кандытарам. У ягоным рэстаране (будынак у стылі мадэрн, ён захаваўся) бавілі час беларускія пісьменнікі, якія наведвалі Заходнюю Беларусь у 1939 годзе, а таксама такія зоркі, як Фаіна Ранеўская ці Леанід Уцёсаў.
Міхась Лынькоў пакідаў у кнізе водгукаў: «Трэба пажадаць кожнаму працаўніку нарэшта так клапаціцца аб наведвальніках, як адміністрацыя рэстарана Грыгаровіча. 31.XI. 39».