Пішам доўгія тэксты з 1906 года
© 2018 | Наша Ніва
МСЦІСЛАЎ
НА МЯЖЫ КУЛЬТУР
Разам з Samsung мы пачынаем праект «Гарады Магдэбургскага права» і пабываем у тых, што пакінулі глыбокі след у беларускай культуры – ад з'яўлення, праз эпоху магдэбургскага росквіту і да нашых дзён. Некаторыя з гэтых гарадоў былі вялікімі ў мінулым, у некаторых, магчыма, усё яшчэ наперадзе. Ландшафты, культурныя здабыткі і вядомыя асобы – у нашых мультымедыйных гайдах. Пачынаем з горада-музея Мсціслава.
Горад як брэнд. Горад як культурны здабытак.

Кантэнт для матэрыялаў мы ствараем з дапамогай супермагутнага Samsung Galaxy Note9.
ЗАМКАВАЯ ГАРА
Беларуская Вільня, Мекка для археолагаў, беларускі Суздаль – гэта ўсё пра Мсціслаў. Мясцовы ландшафт – ідэальны для ўзнікнення заможнага горада і цэнтра княства.

«Месцы сілы» – узгоркі і абарончыя валы – узвышаюцца тут на дзясяткі метраў. Узняцца на іх не проста, але калі стаіш на мсціслаўскіх «гарах», займае дух – у Беларусі месцаў з такім кантрасным ландшафтам не шмат.

Акурат гэтая асаблівасць дала Мсціславу шанец на росквіт і імклівае развіццё яшчэ ў раннім Сярэднявеччы.
Старажытнае паселішча ўзнікае на гары каля ракі Віхра, у мясцінах сутыкнення крывіцкай і радзіміцкай культур.

Быць памежжам – гістарычны лёс Мсціслава. Пазней гэта будзе мяжа Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы.
Макет замчышча XІІ стагоддзя
ЗАМКАВАЯ ГАРА
ПАЧАТАК
Мсціслаў названы ў гонар рэальнага чалавека, прычым не заснавальніка. Летапісны заснавальнік горада – смаленскі князь Расціслаў Мсціслававіч. Князь назваў новы горад у гонар бацькі, вялікага князя кіеўскага, пад уплывам якога доўга знаходзіўся.
У 1980 годзе падчас археалагічных даследаванняў у Мсціславе знайшлі ўрывак берасцяной граматы. Для Беларусі з яе глебамі гэта вялікая рэдкасць: бяроста дрэнна захоўваецца ў зямлі. Вядомыя ўсяго тры беларускія берасцяныя граматы. У мсціслаўскай гаворыцца пра куплю збожжа ў неўраджайны год. Побытавая тэма, а значыць, такая перапіска, як і пісьменнасць, былі рэччу звычайнай. Калі шукаць сучасныя аналогіі, гэта былі кароткія зацемкі, як твіты ці нататкі ў мабільніках.

Цікава, што з трох берасцяных грамат у Беларусі – дзве знойдзены ў Мсціславе. Такі вось горад-музей.
У XІV стагоддзі тут кіраваў сын вялікага князя літоўскага Лугвен (у хрысцянстве – Сямён) Альгердавіч. Гэта ён у 1410-м камандаваў на Грунвальдскім полі трыма палкамі смаленскай зямлі, якія вытрымалі ўдар крыжакоў і не адступілі. Ад Лугвена пачалася дынастыя мсціслаўскіх князёў. Яго пячатка з «Пагоняй» – адна з самых ранніх выяў беларускай геральдычнай іконы.

Пячатка Лугвена. Фота: Wikimedia
Берасцяная грамата з Мсціслава.
Магілеўскі краязнаўчы музей.
Фота: Wikimedia
Першая згадка пра Мсціслаў – 1135 год. У суседнім Полацкім княстве ў той час інакіня Еўфрасіння ініцыюе будаўніцтва каменнага Спасаўскага сабора, у Тураве стрыгуць у манахі яшчэ нікому не вядомага Кірылу, будучага епіскапа і пісьменніка...
МСЦІСЛАВЕЦ
Мсціслаўскі трэнд на культуру своеасаблівы: у горадзе два помнікі беларускаму асветніку і друкару Пятру Мсціслаўцу. Пастаўленыя яны з розніцай у 25 гадоў. Цікава, што і Пётр на іх рознага ўзросту: помнік 1986 года паказвае асветніка ў юнацтве, а манумент 2001 года – у больш сталым веку.

Мсціславец у суаўтарстве з Іванам Фёдаравым выдаў у 1564 годзе ў Маскве «Апостал» – першую друкаваную расійскую кнігу.
У гэты час Іван Жахлівы ўмацоўвае самаўладдзе і Пётр вымушаны вярнуцца ў ВКЛ.
У Вільні ён запускае свой чарговы выдавецкі «стартап» – легендарную друкарню Мамонічаў. Выдадзенае там «Евангелле Напрастольнае» стала ўзорам беларускага кнігадрукавання.

Сёння Мсціслаўца назвалі б трэндавым дызайнерам – распрацаваныя ім шрыфты і літары выкарыстоўваліся пры друку Статутаў ВКЛ і моцна паўплывалі на тагачасны працэс кнігадрукавання.
Віленскае «Евангелле Напрастольнае» з друкарні Мамонічаў, 1575 г. Захоўваецца ў Веткаўскім музеі.
Фота: Wikimedia
МАГДЭБУРГСКІ РОСКВІТ
У 1634 горад атрымлівае самакіраванне. Кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза дае Мсціславу Магдэбургскае права і герб: «у залатым полі збройная рука з мячом – Малая Пагоня».
У гэты час ВКЛ і Рэч Паспалітая інтэгруюцца ў еўрапейскую прастору. Пратэстанцкая этыка, кнігадрукаванне, мануфактурная вытворчасць і ідэі Рэнесансу пануюць у княстве ўжо больш за стагоддзе. Пранікаюць яны і ў Мсціслаў.

Мсціслаўская кафля – мясцовы брэнд для заможных жыхароў ВКЛ. Свае місіі мелі тут ордэны кармелітаў, дамініканцаў і езуітаў. Яны і прыносяць з сабой тагачаснае еўрапейскае мысленне і культуру.

МАГДЭБУРГСКІ
РОСКВІТ
ПАМЕЖЖА
XVІІ стагоддзе – адначасова і драматычны час для Мсціслава. Эпоху росквіту і развіцця спыняе вайна з Масковіяй. У 1654 годзе войскі ваяводы Трубяцкога амаль знішчаюць горад. Выбітных майстроў вывозяць на ўсход. Такі лёс напаткаў, напрыклад, Сцяпана Палубеса – выбітнага кафляра, які аздабляў керамікай праваслаўныя храмы Масквы.
Гэты трагічны для Мсціслава час адлюстраваны на фрэсках кармеліцкага касцёла – найбольш каштоўнага помніка ў Мсціславе. Будынак з'яўляецца адной з дамінантаў горада. Яго план блізкі да квадрата – вельмі нетыповае архітэктурнае рашэнне.

Цяпер там ідзе рэканструкцыя, але фрэскі «Узяцце Мсціслава» і «Забойства ксяндзоў» маюць шанец захавацца для нашчадкаў. Гэта рэдкія і прагрэсіўныя для свайго часу выявы, якія адлюстроўваюць рэальныя гістарычныя падзеі.
Старажытная кафля з Мсціслава.
Захоўваецца ў мясцовым музеі.
Фрэска «Узяцце Мсціслава»
ў касцёле кармелітаў, 1912 г.
Фота: Wikimedia
Цяжка паверыць, але на пачатку ХVII стагоддзя Мсціслаў
быў большы за Кіеў! Навукоўцы лічаць, што ў тыя часы
яго насельніцтва дасягала 30 тысяч чалавек.
У Кіеве на той час жыло ўсяго 12 тысяч.

МЯСТЭЧКА
Пасля знікнення Рэчы Паспалітай Мсціслаў спрабуе адрадзіцца на правінцыйным узроўні. Большая частка яго жыхароў на той час – яўрэі. Яны і сфармавалі той вобраз класічнага беларускага мястэчка з майстэрнямі, гандлем, аптэкамі. Пра актыўнасць гараджан той пары гаворыць і наяўнасць у горадзе адразу трох гатэляў – «Арол», «Берлін», «Парыж». Будынак апошняга выдатна захаваўся.
Мсціслаўская забудова XIX стагоддзя – турыстычная візітоўка. У горадзе адрэстаўраваныя гандлёвыя шэрагі, якія знаходзяцца на месцы сярэднявечнага рынку. Злева – райвыканкам, а справа, крыху далей, – гісторыка-краязнаўчы музей.

Музей у Мсціславе не проста «краязнаўчы», як у большасці райцэнтраў, а гісторыка-археалагічны. Яго экспазіцыя можа быць цікавай і для пераборлівага турыста.

Напэўна, гістарычная спадчына Мсціслава паўплывала і на з'яўленне выбітных навукоўцаў. Гісторыкі Міхась Ткачоў і Алег Трусаў – вядомыя мсціслаўцы, якія шмат зрабілі для Беларусі.
Панарама Мсціслава 1872 года з часопіса «Tygodnik Ilustrowany»
ПЕСНЯРЫ ПРАВІНЦЫІ
Караткевіч наведваў Мсціслаў у студзені 1982 года падчас магутнай завеі. У сваім эсэ для раёнкі «Шлях Кастрычніка» ўжо вядомы пісьменнік назваў Мсціслаў «дыяментавым горадам».

«І ўсе будынкі – усе – увесь горад гарэў, іскрыўся, пераліваўся ўсімі колерамі, а найболей блакітным, як адзін вялічэзны, чысцейшай вады дыямент», – пісаў пра райцэнтр класік. А пазней зрабіў пра горад цэлую кніжку.

Адценняў сіняга і блакітнага ў драўлянай архітэктуры Мсціслава багата і сёння. Гэты колер можа быць фірмовым для беларускіх гарадоў і мястэчак. На старажытных вуліцах яшчэ можна знайсці шматлікія веснічкі і брамы.

«Дыяментавы горад» воляй лёсу стаўся правінцыяй на ўскрайку Беларусі. Частка гістарычных будынкаў пустуе, а комплекс езуіцкага калегіума з кожным годам становіцца ўсё больш занядбаным. Мсціслаў мог бы стаць цудоўнай лакацыяй для творчых рэзідэнцый – літаратараў, мастакоў і творцаў. Адсюль родам выбітныя беларускія мастакі-авангардысты – Ізраіль Басаў і Абрам Маневіч.

ПЕСНЯРЫ
ПРАВІНЦЫІ
АВАНГАРД
У Мсціславе ў 1881 годзе нарадзіўся Абрам Маневіч – мастак, які злучае сваёй творчасцю Беларусь, Украіну і ЗША. У 20-гадовым веку Маневіч едзе на вучобу ў Кіеўскую мастацкую вучэльню. У гэты час там ужо Малевіч і Бялыніцкі-Біруля. 1900-я – радыкальны час для сусветнага мастацтва, час маніфестаў і стылістычных рэвалюцый. Маневіч пачынае як імпрэсіяніст і паступова рухаецца да мадэрну і кубізму. У 1917-м ён ужо прафесар Украінскай акадэміі мастацтваў.
Кастрычніцкая рэвалюцыя пакідае ўсё менш прасторы для творчасці, і Маневіч на пачатку 1920-х пераязджае
з Мінска ў Лондан, а пасля ў Нью-Ёрк. Эмігранцкі Бронкс стаў для яго крыніцай натхнення, бо нагадваў родны Мсціслаў.

Тут ён і становіцца авангардным песняром «аднапавярховай Амерыкі». Працы мастака набывае Бруклінскі музей, а аматарам яго творчасці становіцца Альберт Эйнштэйн. У запісцы ўжо смяротна хвораму мастаку нобелеўскі лаўрэат пісаў: «Мы абодва служым зоркам – вы як мастак, я – як навуковец».
Рэпрадукцыя палатна Маневіча «Мой родны Мсціслаў» вісела ў майстэрні яшчэ аднаго вядомага мастака-мсціслаўца, творамі якога мінчукі зусім нядаўна маглі натхняцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, – Ізраіля Басава. Яго творчасць толькі вяртаецца ў публічную прастору – у савецкія часы мастака лічылі фармалістам і часта здымалі яго работы з паказаў. Выгнаны Другой сусветнай з роднага Мсціслава, Ізраіль Басаў стаў «песняром Мінска». Яго ўнікальны графічны стыль і авангардная эстэтыка ўжо зрабілася класікай беларускага мастацтва.
тэкст, фоты, графічная абалонка:
Сяргей Гудзілін
ТАА «Самсунг Электронікс Рус Компані», ІНН 7703608910