Замежны грамадзянін атрымаў у арэнду крэйдавыя кар'еры каля вёскі Хацінава на Любаншчыне.
Шмат гадоў купанне тут было забаронена, але людзі ўсё роўна прыязджалі. Што зменіцца цяпер, высвятляла выданне «СБ Беларусь Сегодня».
Адпачываць сюды прыязджаюць сотні людзей, хоць купацца тут небяспечна — і глыбіня дасягае 30 метраў.
Гісторыя дзіўнага ландшафту з вадой ярка-бірузовага колеру пачалася 20 гадоў таму, калі Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў спыніў здабычу вапны. Якраз тады лес, а разам з ім вадаёмы перадалі мясцоваму лясгасу, які меўся сачыць за парадкам. Дапамагала і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Галоўная праблема ў тым, што вадаём не прыстасаваныя для адпачынку. Няма ўладкаванага пляжу, ратавальнікаў. А ў некаторых месцах — рэзкія перапады глыбінь і тэмператур, нават летам вада не праграваецца глыбей за два метры. За апошнія гады ў гіблых месцах патанула 10 чалавек.
На патрабаванне ўладаў на беразе паставілі знак, які папярэджвае пра адказнасць за купанне. Рэйды на «блакітных азёрах» рэгулярна праводзіць міліцыя, парушальнікаў штрафуюць. Але людская бесклапотнасць не ведае межаў.
Хапае і адкідаў вакол кар'ера: на кожным кроку пластыкавая бутэлька або разарваны пакет. Паглыбіцца трохі ў лес — чакаюць цэлыя кучы смецця.
Відавочна, што справа хутка зрушыцца з мёртвага пункта. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Малашук падзяліўся навіной: два месяцы таму прыватная кампанія ТАА «Піраміда-Груп», зарэгістраваная ў гарпасёлку Урэчча, праз аўкцыён атрымала ў арэнду крэйдавыя кар'еры.
Галоўным інвестарам стане бізнэсовец з Егіпта, імя якога не называецца. Аляксандр Аляксандравіч мяркуе, што такое развіццё падзей пойдзе на карысць і раёну, і гасцям:
— Для нас кар'еры — праблема. Кожны год тут тонуць або атрымліваюць траўмы. Адпачывальнікі не прыбіраюць смецця. Аднак я ўпэўнены, што ў «блакітных азёраў» добрыя перспектывы. Скажам, восенню сюды на трэніроўкі рэгулярна прыязджаюць вайскоўцы з Асіповічаў. Яшчэ кажуць, лепшага месца для падводнага плавання ў краіне не знайсці. Чаму б не развіваць дайвінг?
Дамову з інвестарамі заключылі на мінімальны тэрмін — пяць гадоў. У іх — першачарговае права прадаўжэння арэнды. Намесніца начальніка землеўпарадкавальнай службы Любанскага райвыканкама Наталля Раменчык прыадкрыла планы новых уладальнікаў:
— У будучыні збіраюцца ўладкаваць на берагах базу адпачынку: гасцявыя домікі, рэстаран, лазню, кемпінг. Праўда, пакуль у арэнду аддалі толькі водную роўнядзь. Для атрымання зямлі інвестары павінны падрыхтаваць спецыяльны праект і зацвердзіць яго ў аблвыканкаме.
У «Пірамідзе-Груп» пацвердзілі гэтую інфармацыю і растлумачылі, што праца над атрыманнем зямлі ў арэнду пачнецца ў сярэдзіне жніўня, калі ключавы інвестар прыедзе на месца. Пакуль што ў планах ТАА зарыбленне вадаёма. Але гэта толькі пачатак.
Дарэчы, купацца пасля добраўпарадкавання пляжу збіраюцца дазволіць усім, а вось рыбалка стане платнай.
Каментары