4 кастрычніка памёр генерал-палкоўнік Уладзімір Ягораў, значны дзяржаўны дзеяч перыяду аднаўлення незалежнасці Беларусі. Было яму 76 гадоў.
Ён быў кіраўніком Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі (1994—1995) і міністрам унутраных спраў (1990—1994).
Ён нарадзіўся ў сям'і каваля ў вёсцы Рэчыца Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля камсамольскай кар'еры скончыў савецкую Найвышэйшую школу КДБ. Але накіравалі яго працаваць у міліцыю. З пасады міністра ўнутраных спраў Савецкай Латвіі і з задання ў Афганістане ён вярнуўся ў Мінск у 1990-м.
Быў сапраўдным патрыётам. Любіў спяваць беларускія песні, быў добрым баяністам. У хаце да апошняга ў яго вісела «Пагоня» на ўсю сцяну. Ён на пяць гадоў перажыў сваю жонку — рэктара Універсітэта культуры Ядвігу Грыгаровіч.
Пазнаёміліся яны з ёй нечакана.
«Калі я працаваў сакратаром ЦК камсамола, да мяне паступіла справа нейкай Ядвігі Грыгаровіч, — распавядаў ён у інтэрв'ю «Камсамолцы». — Нехта з яе аднакурсніц эміграваў у Ізраіль, у той час гэта лічылася здрадай, а будучая жонка выказалася з гэтай нагоды не так. Увогуле, мне даручылі яе выклікаць і пагаварыць. Прыйшла, прыгожая такая, маладая, мы пагутарылі і рассталіся. Неўзабаве я прыехаў у Маскву, патэлефанаваў ёй і прызначыў сустрэчу».
Яны былі парай з таго пакалення і тых ідэалаў, якія ў побыце ў сталыя гады вярнуліся да беларускай мовы свайго дзяцінства.
«Дома мы размаўлялі па-беларуску. Ты ведаеш, за ўсе гады сямейнага жыцця я не памятаю, каб мы калісьці маўчалі», — распавядаў ён.
Развітанне з генералам Ягоравым адбудзецца сёння ў Клубе імя Дзяржынскага.
Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да спачуванняў сям'і і сябрам генерала.
-
Дзядуля з Віцебска запосціў фота са скрынкай ад тэлевізара і стаў зоркай тыктоку. А яго сябар ператварыўся ў мем
-
«Не ем пасля шостай і кожны дзень раблю «нажніцы». Сакрэты бадзёрасці і гісторыя жыцця 99-гадовых сясцёр-блізнятак з Ваўкавыска
-
Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»
Каментары