Ветэран ізраільскай палітыкі, экс-прэзідэнт Шымон Перэс памёр на 94-м годзе жыцця.
Як паведамлялі крыніцы ў ягоным атачэнні, стан 93-гадовага Перэса рэзка пагоршыўся на гэтым тыдні — пасля перанесенага раней у гэтым месяцы інсульту. 13 верасня ён быў дастаўлены ў бальніцу недалёка ад Тэль-Авіва. З гэтага моманту Перэс знаходзіўся ў стане штучнай комы, а таксама быў падлучаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх.
Шымон Перэс займаў амаль усе галоўныя дзяржаўныя пасады ў Ізраілі: ён адпрацаваў два тэрміны на пасадзе прэм'ер-міністра, а таксама некалькі разоў узначальваў міністэрства абароны Ізраілю, міністэрства фінансаў, міністэрства сувязі, МЗС, МУС і іншыя ведамствы. З 2007 па 2014 гады Перэс займаў пасаду прэзідэнта краіны.
У 1994 годзе ён быў ганараваны Нобелеўскай прэміяй міру — разам з прэм'ер-міністрам Іцхакам Рабінам і палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам — за ролю ў мірных перамовах у Осла, якія паклалі пачатак працэсу перадачы грамадзянскай улады Палесцінскай аўтаноміі.
Шымон Перэс нарадзіўся 2 жніўня 1923 г. у беларускім Вішневе. У 1934 г. эміграваў у Палесціну.
«Нічога не падае з неба. Мы ў Ізраілі вельмі шмат працавалі. Што ў гэтым дрэннага? Не ведаю… Людзі ідуць у адпачынак — гэта пустая трата часу. Мне ўжо 90, і я ніколі не быў у адпачынку», — расказваў пра сябе Перэс.
Каментары