Грамадства2323

У пошуках новай місіі: пра Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і яго дачыненне да Беларусі 

Піша доктар Фелікс Акерман.

Адразу ж пасля прызначэння новага рэктара ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні пачаліся пошукі новай місіі. Яна тэрмінова спатрэбілася, каб сфармуляваць агульнае бачанне ўніверсітэту сярод тых, хто ў ім застаўся, хто тут вучыцца або выкладае.

Місія ЕГУ не праяснялася ўжо некалькі гадоў, а цяпер яе належыць распрацаваць у вельмі кароткі тэрмін: першае бачанне новай місіі ўніверсітэта мае быць прадстаўленае донарам праз тыдзень. Дзякуючы гэтаму ціску ўсе зацікаўленыя бакі ўнутры ЕГУ селі за стол перамоў. У шэрагу дыскусій студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі адміністрацыі абменьваліся думкамі пра тое, чаму ўніверсітэт важны для іх і што яны ў ім бачаць. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі дэманстратыўна не ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, публічна патрабуючы заснавання «сапраўдны беларускага ўніверсітэту». Падпісанты звароту ўпэўненыя, што ўніверсітэт мае быць вызначаны нацыянальна. Апроч гэтага, відавочным ім падаецца тое, што канкрэтна ўтрымлівае нацыянальная інтэрпрэтацыя.

Аднак адносіны паміж беларускім універсітэтам у літоўскім выгнанні і беларускім грамадствам за вонкавай мяжой Еўрасаюза застаюцца ядром дыскусіі пра місію ЕГУ. Мы былі, ёсць і застаёмся беларускай інстытуцыяй – не толькі таму, што многія выкладчыкі і большасць студэнтаў прыязджаюць у Вільню дзеля ўніверсітэта. І нават для беларускай апазіцыі відавочна, што існуюць вельмі розныя ўяўленні пра тое, што значыць быць беларускім. Гэты спектр ахоплівае і строга этнічныя азначэнні, і выключна па-грамадзянску акрэсленыя варыянты. Але недастаткова гаварыць, што беларускім ёсць той, хто мае беларускае грамадзянства. Таксама наўрад ці мае сэнс на пачатку ХХІ стагоддзя рабіць падставай для агульных дзеянняў выключна этнічнае азначэнне. Сярод іншага і таму, што факусаванне на мове як адзіным выразна распазнавальным крытэры этнічнай прыналежнасці, нягледзячы на новую папулярнасць беларускай мовы, ёсць хутчэй фактарам падзелу, а не аб'яднання. Я пішу гэта як беларускамоўны навуковец, які дзесяць гадоў прысвяціў таму, каб паказаць, што беларуская мова даўно ператварылася з мовы вёскі ў мову адукаваных людзей, то бок мову горада.

У штодзённай працы маё бачанне для ЕГУ заключаецца ў тым, каб зрабіць з выгнання перавагу, эмпірычна павярнуўшыся да грамадства, у якім пачалася гісторыя нашага ўніверсітэта. Тэматызуючы Беларусь і адначасова змяшчаючы яе ў кантэкст, мы ў сваёй штодзённай працы павернемся да грамадства ў суседняй краіне. Мы ўжо робім гэта ў самых розных сферах – і гэта тая частка рэчаіснасці, якую крытыкі ахвотна замоўчваюць. Кіраўніца дэпартаменту медыя Ала Пігальская абараніла доктарскую дысертацыю пра гісторыю плаката ў БССР. Даследчыкі медыя, згуртаваныя вакол Альміры Усманавай, далі важныя імпульсы да візуальнага павароту ў разуменні Беларусі. Гендарныя даследаванні ў Беларусі таксама пачыналіся ў ЕГУ. Мы з калегамі-ўрбаністамі кіруем студэнтамі, якія ў сваіх магістарскіх працах пішуць пра канкрэтныя праблемы ў Маладзечне, Берасці і Менску. Палітолагі пад кіраўніцтвам Андрэя Сцяпанава аналізуюць змены ў Беларусі і вакол яе ды выпрацоўваюць пры гэтым моцную рэгіянальную перспектыву. Таццяна Чуліцкая арганізоўвае са сваімі студэнтамі назіранне за выбарамі ў Беларусі. Дэпартамент права прыйшоў да факусавання на правах чалавека, што, натуральна, адсылае да сітуацыі ў Беларусі. Даследаванні, прысвечаныя канстытуцыйнаму праву, будуць важныя для будучых канстытуцый у Беларусі. Дэпартамент гісторыі (пасля балючых страт) таксама зрабіў сваім фокусам Беларусь: мае цудоўныя калегі абмяркоўваюць са студэнтамі гісторыю беларускіх мястэчак, Вялікага княства Літоўскага і пераломаў ХХ стагоддзя. Музеолагі і абаронцы помнікаў уважліва аналізуюць, што змяняецца ў Беларусі, і фармулююць уласныя прапановы. Той, хто сцвярджае, што пасля канфліктаў мінулых гадоў усё гэта страціла вартасць, ігнаруе канкрэтную працу канкрэтных людзей.

Аднак для будучыні нам трэба нешта большае за суму ранейшых даследаванняў – нам патрэбнае бачанне таго, як можна звязаць усе гэтыя разнастайныя дзеянні. Ужо тры гады ў Цэнтры нямецкіх даследаванняў у Вільні я эксперыментую з прыкладнымі культурнымі даследаваннямі і хацеў бы каротка патлумачыць, як мой досвед можа быць карысны для працы ЕГУ: ідэя заключаецца ў тым, каб ад эмпірычнага фокусу перайсці да больш канцэптуальных пытанняў, укаранёных у тэорыі гуманітарных навук. Апроч гэтага адбываецца канкрэтнае ўключэнне тэарэтычна распрацаваных ведаў у кантэкст прадмета, а таксама зваротнае звязванне атрыманых ведаў з тэорыяй. Для мяне гэтае пытанне паўстае ў рабочыя будні ў сувязі з Германіяй: як магчыма звязаць гісторыю духу на нямецкай мове з аналізам нямецкага грамадства ў абсалютна іншых сферах? Прыкладны аспект гэтых культурных даследаванняў заключаецца ў спробе ініцыяваць з універсітэта праекты, якія не толькі спасылаюцца на эмпірычны прадмет, але выходзяць за межы ўніверсітэта і ставяць эксперыменты на месцы ў выглядзе праектаў.

Гэтак, на пачатку чэрвеня разам са студэнтамі ды калегамі, Альмірай Усманавай і Андрэем Горных, мы паедзем у Берлін і Франкфурт-на-Одэры. Мы на месцы будзем вывучаць будучыню гарадоў у архітэктуры, мастацтве і кіно. Пры гэтым я буду прымушаць студэнтаў (афіцыйна, натуральна, я іх толькі падштурхоўваю) задумацца пра ўласную будучыню і па-іншаму зірнуць на Вільню ды свае родныя гарады. Аднак важным у гэтым працэсе мне здаецца наступнае: мы вернемся ў Вільню і абмяркуем тут, як мы можам прааналізаваць сабраны на месцы эмпірычны матэрыял і выкарыстаць атрыманыя высновы для працы ва ўніверсітэце. На мой погляд, гэта звязана з пытаннем пра беларускі вектар ЕГУ: недастаткова гаварыць, што мы беларускія толькі таму, што амаль усе прыехалі ў Вільню з Беларусі. Аднак магчыма накіраваць эмпірычны фокус працы на Беларусь ды ў межах выкладчыцкай і даследчай дзейнасці ўсё больш звяртацца да Беларусі, праводзіць эксперыменты на месцы, чытаць лекцыі ды кантактаваць з людзьмі. Добрую магчымасць для гэтага дае дыстанцыйнае навучанне, бо нашы студэнты жывуць і вучацца па ўсёй Беларусі. Аднак яшчэ больш важна, на мой погляд, звязаць гэтую фізічную арыентацыю і рух нашых выкладчыкаў і студэнтаў у Менск, Гародню, Віцебск і Гомель з рэфлексіяй унутры ўніверсітэта. І акурат у гэтым выпадку становішча ЕГУ як універсітэта ў выгнанні будзе перавагай: з суседняй Вільні мы глядзім на беларускае грамадства з пэўнай дыстанцыі. Гэтак жа для мяне прасцей арганізаваць нямецкія даследаванні на пэўнай адлегласці ад ФРГ.

Гэта не значыць, што ўсе супрацоўнікі і студэнты ЕГУ цяпер мусяць займацца прыкладнымі культурнымі даследаваннямі. Гэта толькі прапанова, як з адмоўнага фактару – знаходжання за межамі Беларусі – можна стварыць перавагу для сябе і як мы можам развіваць наратыў пра выгнанне. Мы можам выкарыстаць размяшчэнне ў гістарычнай Вільні для таго, каб духоўна, эмпірычна, тэарэтычна і практычна звярнуцца да Беларусі. Важную частку вучобы могуць скласці прыкладныя праекты ў Беларусі, якія б стваралі і выпрабоўвалі канкрэтныя падыходы для пастаноўкі гуманітарных пытанняў на месцы. І мы можам выкарыстоўваць сваё размяшчэнне ў Вільні ў падвойным сэнсе, бо пасля правядзення гэтых праектаў мы зможам на пэўнай дыстанцыі рэфлексаваць пра тое, што даведаліся. Гэты працэс быў бы карысны і для студэнтаў, якія прыязджаюць да нас з іншых грамадстваў, бо яго можна прымяніць таксама ў дачыненні Украіны, Калінінграда і паўночна-заходняй часткі Расіі. 

Пры канцы я хацеў бы падзяліцца другім прыкладам сваёй працы ў Цэнтры нямецкіх даследаванняў: мае студэнты на гэтым тыдні чытаюць тэкст пра архітэктурныя планы Адольфа Гітлера. Разам са сваім «прыдворным» архітэктарам Альбэртам Шпээрам ён планаваў разбурыць значную частку гістарычнага Берліна, каб узвесці сталіцу свету Германію. Мае студэнты чытаюць артыкул у нямецкай Вікіпедыі і ў выніку сваёй працы мусяць перапрацаваць рускія і беларускія версіі гэтага артыкула. Падчас паездкі ў чэрвені мы на месцы даведаемся, дзе горад Германію пачалі будаваць падчас нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры. Студэнты апытаюць жыхароў Берліна пра тое, што гэтая архітэктура значыць для іх сёння. Па вяртанні мы абмяркуем, што пабудаваныя берлінскія гарадскія ўтопіі значаць для Вільні і Менска, і як можна правесці параўнанне, а таксама – дзе праходзяць межы такіх параўнанняў. Натуральна, гэта іншая справа – студэнты займаюцца чужым грамадствам, чыю мову толькі пачалі вывучаць. У звязку ж з Беларуссю быў бы магчымы цалкам іншы праект: чаму б студэнтам, якія запісаліся на дыстанцыйнае навучанне, не падзяліцца новымі ведамі на месцы, са сваім атачэннем? У Беларусі таксама будзе ўсё больш старэйшых людзей, якія маюць больш часу і хочуць па-новаму разумець сучаснасць. Нашы студэнты маглі б уступіць у камунікацыю з імі, нягледзячы на існыя абмежаванні.

Я бачу вялікі патэнцыял для ЕГУ ў тым, каб у эпоху рэвалюцыі ведаў адшукаць новыя шляхі для кантакту з беларускім грамадствам, і ў абмене думкамі. Аднак для гэтага нам трэба вельмі дакладна акрэсліць свае дачыненні з Беларуссю. Натуральна, пры гэтым нельга праводзіць штучнае супрацьпастаўленне паміж еўрапейскасцю і беларускасцю. Беларусь заўсёды была часткай Еўропы – і ў горы, і ў радасці. Апошнія дыктатуры ў Заходняй Еўропе палі толькі на пачатку 1980-х гадоў. Сённяшняя драма вакол Грэцыі караніцца ў заўчаснай інтэграцыі грамадства, якое толькі ў 1981 годзе вонкава вызвалілася ад дыктатуры. Ці значыць гэта, што Грэцыя менш еўрапейская? Не. Адначасова еўрапейскасць нельга ўжываць як цьмяны панятак, які злучае ў сабе ўсё: і сувязь з Беларуссю, і сувязь з Літвой, якая гасцінна прыняла нас у сябе, і сувязь з Еўрасаюзам, еўрапейскімі каштоўнасцямі і Балонскім працэсам (і, натуральна, з шэнгенам). Сапраўды, з кропкі гледжання ЕГУ Еўропа – гэта ўсё пералічанае, і добра, што мы называемся Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам, а не Беларускім нацыянальным універсітэтам, аднак гэта не вызваляе нас ад абавязку вельмі дакладна акрэсліць, што мы разумеем пад Еўропай і гуманізмам. Я разумею гэта як падвойны выклік – з аднаго боку актыўна засвойваць традыцыі, а з другога боку крытычна пераасэнсоўваць іх, саміх сябе, свае дзеянні і думкі. Здольнасць да гэтага мы перадаем студэнтам на амбітных навучальных праграмах, і гэтую здольнасць мы самі кожны раз наноў праяўляем у сваёй штодзённай працы. 

***

Разам з Вольгай Сасункевiч Фелікс Аккерман арганізуе ў ЕГУ 26 і 27 мая варкшоп ў рамках цыкла Colloquium Vilnense пра метадалагічныя пытанні, як сёння ладзіць беларускія даследаванні. 

У першы вечар Пер Андэрс Рутлінг прадстаўляе сваю кнігу пра беларускі нацыяналізм. 

У другі вечар ЕГУ разам з Віленскім Універсітэтам будуць святкаваць 105 дзень народзінаў Барыса Кіта.

Каментары23

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні3

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Усе навіны →
Усе навіны

Лакалізавалі дакладнае месца знаходжання расійскага фільтрацыйнага лагера ў Нароўлі, у якім катавалі ўкраінскіх палонных15

Някляеў: Вельмі шмат было зроблена памылак — і ўладай, і апазіцыяй20

Расійскія ваенкары пішуць пра «крах абароны» расійска-сірыйскіх сілаў пад Алепа. Асад спешна вылецеў у Маскву17

У Магілёве прадаюць 23-гадовы VW Golf 4 за 9000 даляраў. Што ў ім такога?1

Стала вядома, колькі сёлета давядзецца заплаціць за натуральную навагоднюю ялінку1

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта16

Вярхоўны суд адмяніў прысуд арт-менеджару Аляксандру Чахоўскаму, справу будуць пераглядаць

У Мінску адкрыецца рэстаран, які прапрацуе ўсяго год

«Даляраў столькі, што хоць печку імі палі». Азаронак на камеру спаліў купюру ў 1 даляр22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні3

Кабелі ў Балтыйскім моры пашкодзіў кітайскі сухагруз, які перавозіў расійскія ўгнаенні

Галоўнае
Усе навіны →