У Мінску падпісана пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і Ізраілем. Дакумент падпісалі 19 верасня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і міністр абсорбцыі Ізраіля Софа Ландвер.

Уладзімір Макей назваў падпісанае пагадненне гістарычным дакументам і падкрэсліў, што была праведзена «актыўная праца многімі дзяржорганамі дзвюх краін». «Удзячны ізраільскім партнёрам, што яны, як і мы, правялі каласальную працу», — сказаў беларускі міністр. 

Ён зазначыў, што, згодна з дакументам, грамадзяне Беларусі і Ізраіля атрымаюць магчымасць знаходзіцца на тэрыторыі дзвюх краін да 90 дзён на працягу паўгода без візы. Паводле слоў Макея, адмена віз паслужыць стымулам для развіцця кантакту паміж бізнесменамі, дзеячамі культуры і простымі грамадзянамі. «Сур'ёзны выбух актыўнасці можна будзе назіраць і ў сферы турызму, — сказаў ён. — У нас прамыя авіязносіны, так што не будзе праблемай нават на выхадныя наведаць тыя мясціны, якія падабаюцца грамадзянам Ізраіля ці Беларусі». 

Паводле слоў Макея, сённяшняе пагадненне з'яўляецца «вялікім каменем у і так ужо салідны фундамент супрацоўніцтва» паміж дзвюма краінамі. 

Дакумент набудзе моц праз 90 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?