Гісторыя3737

 «І з тых часоў сядзеў маскаль ціха…»

450 год назад, 26 студзеня 1564, адбылася Ульская бітва. Гэта была другая, пасля Оршы, па значэнні перамога войска ВКЛ у змаганні з Масквой у XVI стагоддзі. Піша гісторык Андрэй Янушкевіч.

Нагадаем, як развіваліся падзеі. Ішла ў самым разгары Інфлянцкая вайна.

Ад 1562, пасля сканчэння перамір’я, распачаліся ваенныя дзеянні па ўсёй лініі мяжы паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. 15 лютага 1563 пасля маштабнай аблогавай аперацыі маскоўцам здаўся Полацк. Захоп значнага кавалка тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага адразу перахіліў баланс сіл у вайне на карысць маскоўцаў.

Ліцвіны мусілі пайсці на ганебныя перамовы, каб спыніць экспансію і як след падрыхтавацца да адпору непрыяцеля. У снежні 1563 г. — студзені 1564 у Маскве знаходзілася літоўскае пасольства на чале з Юрыем Хадкевічам. Дамовіцца, аднак, аб перамір’і на прымальных умовах яму не ўдалося.

У Маскве не хацелі ісці на саступкі, выхваляючыся сваім поспехам пад Полацкам і пагражаючы новым ударам па беларускіх землях ВКЛ.

І сапраўды, паралельна з дыпламатычнымі перамовамі маскоўскае войска рыхтавалася да новай выправы. У Смаленску шыкавалася вялізнае войска на чале з Васілём Сярэбраным. Другая групоўка павінна была выйсці з Полацка. Яе ўзначальваў новапрызначаны полацкі ваявода Пётр Шуйскі і налічвала яна, па свежых падліках расійскага даследчыка В. Пенскога, каля пяці тысяч вайскоўцаў.

Для Вялікага Княства наступіў «момант ісціны». Калі страту Полацка можна было спісаць на нечаканасць нападзення і непадрыхтаванасць да яго ў зімовы час, то паўтарэнне падобных па­дзей праз год азначала б элементарную няздольнасць дзяржавы абараніць свае землі пад магутным напорам праціўніка.

Таму літвіны рыхтаваліся як маглі да любога павароту падзей.

У Лукомлі стаяла малалікае войска пад камандай гетманаў Мікалая Радзівіла Рудога і Рыгора Хадкевіча. Яно складалася з некалькіх ротаў найманых жаўнераў і кволага паспалітага рушання, якое не прывыкла збірацца ўзімку. Гетманы мелі пад рукой тысячы паўтары баяздольных жаўнераў.

Добра папрацавала выведка, паведаміўшы, што недалёка знаходзіцца маскоўскае войска. Гетманы рушылі наперад, у Чашніках атрымалі звестку, што роты на чале з Рыгорам Бакам і Баркулабам Корсакам уступілі ў бой з маскоўскім авангардам. Асноўнае маскоўскае войска было непадалёк.

Супярэчлівымі з’яўляюцца звесткі крыніц аб падрыхтаванасці да бою маскоўскага войска.

Адказ на гэтае пытанне з’яўляецца найважнейшым для разумення ходу і характару бітвы. Ці было маскоўскае войска падрыхтавана да бітвы, ці быў для яго напад вой­ска ВКЛ нечаканым?

Крыніцы сведчаць, што бітва адбылася позна ўвечары. Ліцвіны напалі на маскоўскі лагер. Маскоўскія жаўнеры не мелі пры сабе зброі і не стаялі ў баявых шыхтах:

«Царовы ж ваяводы не толькі даспехі (не) паспелі на сябе ўскласці, але і ў палкі стаць не паспелі». Летапіс абвінавачвае вайскоўцаў у нядобрасумленным выкананні абавязкаў: «…ішлі не па гаспадарскім загадзе, не старожка і не ў палках (не ў баявым страі), і даспехі свае і зброю везлі ў санях». Храніст Аляксандр Гваньіні сведчыць, што «на Маскву ўдарылі, якая была неасцярожная і не змагла падрыхтавацца да абароны, а нашы, не даючы ім апомніцца, без адпачынку секлі любога, хто трапляўся пад руку».

Такім чынам, удар ліцвінаў аказаўся для маскоўцаў поўнай нечаканасцю; маскоўцы не здолелі апамятавацца і аказаць супраціўленне.

Пераломным момантам сечы сталі ўцёкі з поля бою параненага камандзіра маскоўскага войска, выдатнага военачальніка Шуйскага. Яго забіў ці то шляхціч Каспар Швяйкоўскі, ці то нейкі полацкі селянін сякерай — крыніцы кажуць па-­рознаму.

Пасля гэтага пачалася ўсеагульная паніка. Жаўнеры ВКЛ гналіся за ворагамі цэлых пяць міляў. Шмат маскоўцаў патанула ў рэках і загінула ад рук сялян з найбліжэйшых вёсак.

У бітве загінуў альбо быў узяты ў палон амаль увесь камандны склад маскоўскага войска — 150 чалавек, у асноўным ваяводы, тысяцкія, сотнікі.

Звычайным «дзецям баярскім» удалося ўцячы, карыстаючыся цемрай. Аднак ў гэтым і заключаўся галоўны эфект — гібель галоўнакамандуючага зрабіла вялікае ўражанне на маскоўскага цара Івана Жахлівага. Атрыманы палон стаў важным аргументам у далейшых перамовах з Масквой.

Кіраўніцтва ВКЛ выкарыстала перамогу пад Улай у прапагандысцкіх мэтах напоўніцу. Акцэнтавалася ўвага перадусім на тым, што ліцвіны справіліся з маскоўцамі ўласнымі сіламі, без дапамогі палякаў.

Каралеўскі двор у Польшчы, а ўслед за ім і шырокія грамадскія колы даведаліся пра бітву найперш са знакамітага «ліста Радзівіла». Радзівіл стварыў візію адкрытага, сумленнага бою, жадаючы дамагчыся максімальнага эфекту пры ўздзеянні на чытача. Радзівілаўскі ліст неўзабаве, намаганнямі Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, быў надрукаваны ў Нямеччыне. Розгалас пра Ульскую бітву разнёсся па ўсёй Еўропе.

У гэты час у Варшаве на каронным сойме адбываліся перамовы аб заключэнні уніі паміж Каронай і Княствам. Адной з прычын распачынання ўнійных перамоў было пагаршэнне ваенна­стратэгічнага становішча ВКЛ у выніку страты Полацка. Разгром маскоўцаў пад Улай усё пераварочваў і даваў ліцвінам так патрэбную ініцыятыву ў вайне. Канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны згарнуў перамовы, спаслаўшыся на важныя справы ў ВКЛ. Заключэнне уніі было адцягнута.

Праз некалькі дзесяцігоддзяў аўтар «Хронікі Літоўскай і Жамойцкай», пішучы пра бітву пад Улай 1564 г., падсумаваў: «І з тых часоў сядзеў маскаль ціха…».

* * *

Інфлянцкая (Лівонская) вайна (1558—1583), вайна паміж Маскоўскай дзяржавай, з аднаго боку, і Лівонскім ордэнам, Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай), Швецыяй за кантроль над Лівоніяй. Для Масковіі гэта была вайна за выхад да Балтыкі. Падчас вайны моцна пацярпелі ўсходнія беларускія землі. Маскоўскае войска ўзяло Полацк, які ўтрымлівала 16 гадоў. Аслабленае вайной, ВКЛ вымушана было падпісаць Люблінскую унію з Польшчай. Вайна скончылася Ям­Запольскім мірам, Полацк, Веліж і Лівонія вярнуліся ў склад ВКЛ.

Гібель Шуйскага. Польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі у паэме, прысвечанай бітве на Уле, апісаў гібель Пятра Шуйскага. Слаўны ваявода, аўтар перамог над казанскімі татарамі і над шведамі ў Лівоніі, ратуючыся, папрасіў селяніна адвезці яго жывым у Полацк. Аднак селянін, спакусіўшыся на залаты ланцуг, які Шуйскі меў на шыі, забіў ваяводу сякерай. Калі пра гэта стала вядома Радзівілу, піша Стрыйкоўскі, князь заплакаў ад сораму, загадаў годна пахаваць Шуйскага, а селяніну як марадзёру адсекчы галаву.

* * *

Андрэй Янушкевіч — гісторык, кандыдат гістарычных навук. Аўтар кнігі «Вялікае Княства Літоўскае і Інфлянцкая вайна 1558-1570 гг.»

Каментары37

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску15

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

У Dana Mall зноў зрабілі вельмі прыгожую навагоднюю інсталяцыю ФОТЫ4

Іван Эйсмант: Больш за 50% беларусаў давяраюць дзяржаўным СМІ24

«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў13

Стрымера Crawly, які даставаў палякаў у касцюме гнома, дэпартавалі ва Украіну27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску15

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →