“Апошні сьведка” і цуды пасьля прэм’еры
“Magnificat-2007”. Дзень трэці
Увечары другога дня на фэсьце паказалі фільм пра Катынь. Трэці дзень фэстывалю – сьведчыць пра цуды.
22.06.2007 / 18:42
Увечары 21 чэрвеня на кінафэсьце “Magnificat-2007” паказалі польскі фільм “Апошні сьведка” пра адзінага чалавека, які застаўся ў жывых пасля Катынскай трагедыі. Прафэсар Віленскага унівэрсытэту Станіслаў Сьвяневіч, пазьбегнуў сьмерці і лічыў сваім хрысьціянскім абавязкам захаваць усю праўду пра мінулае.
Раніца 22 чэрвеня распачалася з прэс-канфэрэнцыі па праграме папярэдніх дзён. Стваральнікі фільмаў адказалі на пытаньні гледачоў і прэсы. Высьветлілася, што стужкі, прадстаўленыя на фэстывалі – мелі працяг у рэальным жыцьці.
Рэжысёр Уладзімір Казлоў распавёў, што пасьля прэм’еры карціны “Руская сястрычка з абацтва Сільванэс” на царкву, пабудаваную дамініканскімі манахамі, знайшліся грошы, каб захаваць ад чужога клімату.
Героя “Крышталёвага хлопчыка” – маленькага Сашу з невылечнаю цяжкой хваробай, усынавілі. “І гэта сапраўдны цуд, – кажа рэжысэр Аляксандр Цяпаў. – Бацькі, у якіх ужо ёсьць двое дзетак, вельмі любяць свайго новага сына, а Саша любіць іх.”
А ў вёску Благавешчаньне, дзе жыве сьляпая манахіня Ганна, гераіня стужкі “Паміж небам і зямлёй”, адзіная прыхаджанка храма, – пачалі вяртацца людзі.
Фэстываль “Magnificat” праягваецца ў мястэчку Івесь, дзе, па зьвестках беларускіх картографаў, знаходзіцца цэнтар Эўропы.
Была паказаная польская стужка “Горад на рацэ Чорнага Цмока” пра місіянераў-вэрбістаў у Благавешчанску. Італьянская карціна “У Сіракузах, дзе Марыя плакала” – унікальнае расьследаваньне цуду, зафіксаванага кінакамэрамі. Фільм “Адкрыты горад” пра прыезд Бенэдыкта XVI у Польшчу зьнятая 411 аператарамі – сьведкамі і ўдзельнікамі падзей.
Пасьля абеду будзе закладзеная Алея фестывалю з 14 каштанаў па колькасьці краінаў, прадстаўленых на фэсьце.
Заплянаваная прэм’ера канадзкае стужкі “Шлях Маклюэна” пра хрысьціянскія карані сьветапогляду слыннага мэдыйнага філёзафа.