«Вяртаньне» і «Жмуркі»
ТВ, 1 чэрвеня, пятніца
Драма «Вяртаньне» Андрэя Зьвягінцава, «Жмуркі» Аляксея Балабанава і трагікамэдыя «Элі Паркер»
01.06.2007 / 07:33
Драма «Вяртаньне» Андрэя Зьвягінцава, «Жмуркі» Аляксея Балабанава і трагікамэдыя «Элі Паркер»
БТ, 22.05
Жмуркі (Жмурки)
Расея, 2005, каляровы, 107 хв.
Рэжысэр: Аляксей Балабанаў
Ролі выконваюць: Дььмітры Дзюжаў, Аляксей Панін, Мікіта Міхалкоў, Сяргей Макавецкі, Віктар Сухарукаў, Дзьмітры Пяўцоў
Жанр: іранічна-мізантрапічны крымінальны баявік, сьцёб-камэдыя.
Адзнака: 6 (з 10).
У клясычных жудасьціках парачкі вычварэнцаў ажыўлялі нявест (для Франкенштайна) ды гуляліся з зомбі. У карціне Аляксея Балабанава «Жмуркі» крыніцай жахаў выступае фальклёрны расейскі пэрыяд першапачатковага назапашваньня капіталу, прэпараваны з іранічным цынізмам і «прысьцёбнутымі» адсылкамі да Тарантына.
Два гангстэры-адмарозкі (Аляксей Панін і Дзьмітры Дзюжаў), якія служаць на пабягушках у героя Мікіты Міхалкова (малінавы пінжак і распальцоўка дадаюцца камплектам), мусяць вярнуць валізку з гераінам. Колькасьць трупаў расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі.
Пэрсанажы карціны — усе як на падбор: з ілбамі пітэкантрапаў, масіўнымі сківіцамі, ідыятычна-рубленымі фразамі, і амаль усе кандыдаты ў жмурыкі. У фільме скарыстана 60 літраў штучнай крыві.
Вуліцы, машыны, дамы — пашарпаныя, атмасфэрка сьцёбна-гратэскная. Балабанаў даў волю сваёй мізантропіі — і расквеціў яе чорным гумарам. Крымінальна-гераічныя таварышы з «Брыгад», «Мянтоў» і балабанаўскага «Брата» наўмысна зьніжаны да ўзроўню моўнага штампу і фальклёрнага цэтліка.
Цэтлікі ажыўлены трапнымі дэталькамі: бандзюган Панін паўсюль цягаецца з інтэлігенцкаю папкаю і жагнаецца на кожную цэркаўку; шафападобны Дзюжаў мае малюсенькі нататнічак і вывучае ангельскую па коміксах. Малінавапінжачны Міхалкоў млее ад тоўстага сынка-нашчадка і ня любіць Цэрэтэлі.
Але перапрацаваны сцэнар футбаліста Стаса Махначова — гэта набор анэкдотаў, які ня цягне на эпас. Напоўніцу ацаніць такое здольныя толькі людзі, на ўласным досьведзе знаёмыя з часамі «малінавых пінжакоў».
Пры канцы фільму паранены герой Паніна скардзіцца, што «страціў цнатлівасьць». Вынікам гэтай страты становіцца кабінэт зь відам на Крэмль, сакратарка Рэната Ліцьвінава — і сёньняшняя Расея.
***
***
СТВ, 23.30
Вяртаньне (Возвращение)
Расея, 2003, каляровы, 105 хв.
Рэжысэр: Андрэй Зьвягінцаў
Ролі выконваюць: Уладзімер Гарын, Іван Дабранраваў, Канстанцін Лаўраненка
Жанр: Драма
Адзнака: 8 (з 10)
Прызы: "Залаты леў" Вэнэцыянскага кінафэсту
У жыцьці двух братоў нечакана зьяўляецца бацька (Канстанцін Лаўраненка), знаёмы ім толькі па фатаграфіям дзесяцігадовай даўніны. Чужы і суворы чалавек наладжвае сынам жорсткае выпрабаваньне. Адзін з братоў падпарадкоўваецца, другі бунтуе…
І ці насамрэч гэта іхні бацька? І ці быў, увогуле, бацька...
Мэтафізычная драма Андрэя Зьвягінцава, што выклікала захапленьне ў Вэнэцыі, выкарыстоўвае дакладны й неабходны мінімум выразных сродкаў, забывае пра “побыт” і працуе з адвечнымі архетыпамі. Бацька, сын, ахвярапрынашэньне…
Актор Канстанцін Лаўраненка сёлета атрымаў узнагароду Канскага кінафэсту, як найлепшы актор (наступны фільм Андрэя Зьвягінцава «Выгнаньне»).
Пасьля карціны а 01.20 на тэлеканале дакумэнтальны расповед пра стужку «Вяртаньне».