Піраты Карыбскага мора 3: На ўскрайку сьвету
Усе на абардаж кінатэатраў!
Трэцяя частка піратаў пераўзыйшла ўсе чаканьні. Прыгоды, якія варта пабачыць.
29.05.2007 / 07:28
Піраты Карыбскага мора 3: На ўскрайку сьвету (Pirates of the Caribbean: At Worlds End)
ЗША, 2007, каляровы, 168 хв.
Рэжысэр: Гор Вэрбінскі
Ролі выконваюць: Джоні Дэп, Кіра Найтлі, Арланда Блум, Джэфры Раш, Джонатан Прайс, Чоў Юн-Фат, Біл Найі, Том Голандэр, Кіт Рычардз
Жанр: Прыгоды
Адзнака: 8,5 (з 10)
На піратаў абвешчана паляваньне. Лорд Бэкет, які атрымаў кантроль над містычным “Лятучым галяндцам” зьнішчае свабодалюбны народ на шыбеніцах. Уіл Тэрнэр, Элізабэт Сўон і капітан Барбоса адпраўляюцца на край сьвету, каб вызваліць зь пякельнае пасткі Джэка Вераб’я (Джоні Дэп). Сама эксцэнтрычны пірат усіх часоў і народаў канчаткова – (і таленавіта!) – зьехаў з глузду. Але ён – адзін зь дзевяці пірацкіх баронаў. І толькі разам можна абвясьціць вайну Ост-Індзкай кампаніі, у паслугачах якой шчупальцатвары Дэйвід Джонз…
Другая частка Карыбскіх піратаў – “Куфар мерцьвяка” – выглядала паўзай пасьля ўдалага старту “Чорнай жамчужыны”. Але трэцяя частка пераўзыйшла ўсе чаканьні.
Трохгадзінны дыснэеўскі атракцыён задае новы стандарт прыгодніцкага кіно – і зьмяшчае ўсё.
Пірацкая рамантыка, каханьне, звышвідовішчныя бойкі (сцэна над марской безданю – сапраўдны кінацуд!), містыка з арт-гаўзнымі элемэнтамі (Джоні Дэп і ягоныя клоны), гэгі, старажытныя міты, касьцюмная драма (мастакі пабудавалі сінгапурскі горад XVII стагодзьдзя).
Шызоідныя кашмары Джоні Дэпа, які аддае каманды сябе самому – і сябе самога забівае – упрыгожылі бы й фэстывальны фільм, але ў карціне Гора Вэрбінскі самыя складаныя прыёмы кінамовы зразумелыя ўсім і кожнаму. (На экране зьяўляецца й прататып Джэка Вераб’я – рокер-наркуша Кіт Рычардз у ролі татусі Джэка).
Усе героі падманваюць адзін аднаго, падстаўляюць, пераходзяць на супрацьлеглы бок (што суправаджаецца бойкамі й уцёкамі) – добрапрыстойнае пірацкае кіно канчаткова становіцца самай чароўнай і зубадрабільнай вар’ятняй, у якую ня сорамна звадзіць дзетак.
Над марскою варонкай счапіліся два караблі, малпа-артылерыст па наводцы папугая вядзе абстрэл ворагаў, шальное вясельле пад звон мячоў, разумныя камяні-крабы, аграмадная багіня Каліпса – і гратэскны пірацкі Інтэрнацыянал.
Усе на абардаж кінатэатраў!
Калі квіткоў хопіць.