Румынія вярнула прэзыдэнта

Амаль тры чвэрці румынаў прагаласавалі за тое, каб Траян Басэску застаўся на сваёй пасадзе

22.05.2007 / 07:23

У Румыніі на выходных прайшоў рэфэрэндум, падчас якога вырашалася, ці прэзыдэнт Траян Басэску, якога парлямэнт абвінаваціў у «парушэньні канстытуцыі», застанецца на пасадзе прэзыдэнта. Паводле папярэдніх вынікаў, 74 адсоткі прагаласавалых выказаліся супраць пазбаўленьня прэзыдэнта ягонай пасады, чаго так настойліва патрабавалі сацыялісты і лібэралы. Яўка выбаршчыкаў склала каля 44 адсоткаў.

Паводле Басэску, ягоная перамога ў рэфэрэндуме азначае, што румыны прыхільна ставяцца да рэформаў і не жадаюць, каб алігархі ўплывалі на палітычнае жыцьцё Румыніі. Ён таксама абвесьціў, што будзе імкнуцца да ухваленьня зьменаў у канстытуцыі, каб краіна надалей не перажывала падобныя палітычныя крызісы.

У аснове палітычнага крызісу ў Румыніі ляжыць між іншым канфлікт прэзыдэнта і прэм’ера Кэліна Попэску‑Тэрычану, ягонага ранейшага саюзьніка. Тэрычану адхіліў прапанову прэзыдэнта абвесьціць датэрміновыя выбары, а таксама ўчыніў зьмены ўва ўрадзе, выдаляючы зь яго асобаў, зьвязаных з Басэску.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што вяртаньне Басэску на пасаду прэзыдэнта не азначае канца палітычнага крызісу ў Румыніі. На думку камэнтатараў, рэфэрэндум не спыніў барацьбы паміж Басэску, прыхільнікам сьмелых рэформаў і барацьбы з карупцыяй, і ягонымі палітычнымі супернікамі.

Вольга Данішэвіч паводле замежнае прэсы.