"Акупацыя. Містэрыі"
Найважнейшы беларускі фільм
Артыкул пра этапную стужку - для ўсёй беларускай культуры.
10.05.2007 / 19:04
Гэта стары артыкул, надрукаваны ў "Нашай Ніве" ў №43 за 2003 год. На сайце ён недаступны ў поўным аб'ёме, таму перадрукоўваю яго цалкам. Карціна Андрэя Кудзіненкі ў ніякім разе не састарэла - і не састарэе шчэ доўга. Гэта этапны фільм для беларускага кіно.
Акупацыя. Містэрыі (100 фільмаў, якія варта пабачыць)
Рэжысэр: Андрэй Кудзіненка
Сцэнар: Аляксандар Качан
Апэратар: Павал Зубрыцкі
Кампазітар: Андрэй Волкаў
Прадусары: Аляксандар Дэбалюк, Андрэй Кудзіненка, Сяргей Арцімовіч
Ролі выконваюць: Аляксандар Колбышаў, Анатоль Кот, Аляксандар Маўчанаў, Сьвятлана Зелянкоўская, Любоў Румянцава, Ігар Дзянісаў, Алена Сідарава, Андрэй Курэйчык, Іван Шатко, Мікалай Прылуцкі, Ігар Пстыга, Ганна Пінкевіч, Андрэй Кавальчук, Аляксандар Цімошкін, Генадзь Фамін, Павал Савельеў
Кінафэсты: Удзел у Ратэрдамскім МКФ, удзел у Маскоўскім МКФ, МКФ у Тайбэі і іншых фэстах.
Адзнака: 9 (з 10)
У Беларусі нарэшце зьняты паўнавартасны эўрапейскі фільм. Карціна Андрэя Кудзіненкі "Акупацыя" вяртае беларускае кіно да спрадвечнай і амаль забытай мэты мастацтва - зьдзіўляць, ачышчаць, агаломшваць. Выклікаць катарсыс. "Акупацыя" радыкальна розьніцца ад млявых беларускіх гісторый апошніх часоў. Фільм вылучаецца моцнай і сьвежай рэжысурай, пазначанай аўтарскай пазыцыяй.
Калі ў карціне "Настасься Слуцкая" Сьвятлана Зелянкоўская ператвораная ў бесканфліктную марыянэтку мыльнаопэрнай гісторыі, дык у фільме Кудзіненкі - выхаванца Віктара Турава - талент гэтай актрысы раскрываецца напоўніцу: гэта сама жарсьць, архетыпічная й пажадлівая Ева, жывы чалавек з крыві й плоці. Калі сцэнар Аляксандра Качана ў карціне "Павадыр" увасабляецца як гісторыя нат не барацьбы, а залагоджваньня лепшага найлепшым - дык ягоны ж сцэнар у "Акупацыі" крываточыць і скаланае гледача.
Фільм складаецца з трох навэл. Першая, "Адам і Ева", была зьнятая два гады таму і называлася "Партызанская містэрыя". Сёлета да яе далучаныя яшчэ дзьве містэрыі - "Маці" і "Бацька". Атрымалася цэласнае поўнамэтражнае кіно.
Калі мы спачатку яшчэ сьмяёмся ("Адам і Ева" - гэта містэрыя-іронія), дык потым нам сьціскае горла ад суперажываньня мацярынскай бядзе. А містэрыя-прыпавесьць "Бацька" пакідае нас у трывожным і раздумлівым чаканьні. У кожнай гісторыі ёсьць трагічная памылка, якую выправіць немагчыма. Вясковы хлопец Адам (Аляксандар Маўчанаў), які йшоў у партызаны, застаецца на хутары ў абдымках каханай. Ён трапляе ў пастку жаночых чараў і нат забівае свайго правадніка Штыркіна. Нямая жанчына ратуе параненага нацыста, які замяняе ёй сына, што загінуў. Маленькі хлопчык так імкнецца адшукаць зьніклага бацьку, што прыводзіць у дом людзей, якія забіваюць яго айчыма і маці.
Скразным пэрсанажам усіх містэрый зьяўляецца партызанскі ваяка Штыркін у бліскучым выкананьні Аляксандра Колбышава. У першай частцы яго забіваюць, але ён пасьпяхова "ўваскрасае": гісторыі наўмысна ідуць у адваротным парадку. (Прывітаньне Тарантына й Орсану Ўэлзу.) "Аляксандар Колбышаў сыграў падонка!" - абураўся высокі кіначыноўнік у даносе-рэцэнзіі. Штыркін - не хрэстаматыйны беларусьфільмаўскі партызан; яго найбліжэйшыя "сваякі" - хутчэй, пэрсанажы Плаўтавых камэдый. Гэта балаганны выхваляка, які зграбна-чароўным жэстам расьпіхвае па кішэнях скрадзенае, занюхвае коткай гарэлку - ну папросту недаравальны паклёп на сьветлы вобраз партызана і "старэйшага брата". Але за сьмехам бачацца рэчы сур'ёзныя. Ці ня ёсьць Штыркін Мікітам Зноскам свайго часу, з тымі ж пакутамі рабства й прыстасавальніцтва? Акторскія працы ў карціне дакладныя, трапныя, вывераныя і неверагодна жывыя. Маці (Алена Сідарава) цягне параненага, хапае ротам паветра, высільваецца - амаль адчувальная пакута цела на белай прасторы сьнегу - такое было ў дакумэнтальным фільме Віктара Дашука.
"Гэта проста нейкая жывёльнасьць", - абуралася адна глядачка. Як так? Жанчына корміць параненага нямецкага жаўнера ўласным малаком. Але гэта глядзіцца як неабмежаванае мацярынскае дараваньне. Гэты эпізод у сцэнары сапраўды меў моцныя біялягічныя й фрайдысцкія элемэнты, але рэжысэр зьняў рызыкоўныя сцэны настолькі тактоўна, наколькі гэта ўвогуле было магчыма. А апошнія кадры "Маці", калі нямая жанчына, каб вярнуць навазнойдзенага сына, падпальвае ўласную хату і грае на падораным губным гармоніку, шокава й палемічна спасылаюцца на "Знак бяды". Андрэй Кудзіненка хацеў паказаць сваю карціну Быкаву, але мантаж фільму быў завершаны 22 чэрвеня, у дзень сьмерці пісьменьніка.
Ролю зацятага нацыста выканаў Андрэй Курэйчык. На здымачнай пляцоўцы маладога драматурга шматкроць "зьбівалі" й па некалькі дубляў запар кідалі ў сьнег. "Гэта табе ня п'ескі пісаць!" - пасьмейваліся акторы-"паліцаі". Мастакі, якія глядзелі карціну, захапляліся грымам, але гэта была натуральная фізіяномія Курэйчыка, якая папросту апухла падчас здымак.
Андрэй Кавальчук грае ў трэцяй містэрыі вясковага старасту Яна, на якога палююць партызаны. У карціне створаныя вобразы сялянаў, галоўнымі атрыбутамі якіх зьяўляюцца ня лапці, каўтун і забітасьць, але годнасьць, зямля і свабода. Гэта і Адам зь першай містэрыі, і Ян, які зьбіраецца змагацца з камуністамі сам і пасынка свайго падвучвае, дый галоўны станоўчы пэрсанаж карціны - Якуб Лойка.
Якуб Лойка ў выкананьні Анатоля Кота - адзін з самых моцных, прывабных і шматабяцальных вобразаў беларускага кіно. Гэткі селянін-арыстакрат у капелюшы. Пабачыўшы яго, можна сказаць, што ў беларускага кіно не абы-які патэнцыял вэстэрнаў. Але ў гэтым фільме Кот заканамерна акцэнтуе ў сваім герою не тэхаскія, але заходнебеларускія рысы. Якуб Лойка - патомны партызан. Ягоны прадзед сышоў ваяваць да Каліноўскага. Сцэна, дзе Якуб даходліва тлумачыць Штыркіну, супраць каго змагаўся ягоны прадзед, зрывае аплядысмэнты й сьмех. Але горла сьціскаецца ў сцэне, дзе партызан Якуб мусіць забіць старасту Яна. "Ну што, братка, мы з табой тутэйшыя, самі разьбяромся. А я балюча не зраблю. Мы ж свае людзі…" Удзельнікі здымачнай групы нават плакалі. Вайна дасягае апатэозу, на экране мы бачым толькі людзкія твары - сьмерць жа ўваходзіць у чалавечае сэрца.
Пасьля гэтага нерухомееш і толькі бачыш, як нясуць соннага хлопчыка-пасынка (Ігар Пстыга). Той сам адчыніў дзьверы мсьціўцам, бо лічыў, што прыйшоў ягоны тата. Напярэдадні хлопчык маліўся, каб бацька забраў яго з маці і "каб дзядзька Ян не перашкодзіў". Дзіця малілася сумленна й шчыра, сьціскаючы вінтоўку. Які час, такія і цацкі.
У гэтай гульні жыцьцё зьнікае, зьнікае мужчына, юнак, дзіця - і застаецца нямотны жаночы крык, які гучыць здранцьвелай мэлёдыяй на губным гармоніку ды шугае пажарам. І гэта ўжо ня роспач, а прысуд і ачышчэньне. Застаецца дупло ў вялізным дубе, дзе прачынаецца пакінуты хлопчык. Ён бяжыць па сьнезе й крычыць тонкім сарваным голасам: "Тата! Тата!"
Карціна ўражвае пранізьлівым і суворым гуманізмам. Рэдка кіно размаўляе так, але гэтыя імгненьні найкаштоўнейшыя. Нельга не адзначыць віртуозную працу гукарэжысэра й кампазытара Андрэя Волкава, які то жартуе акордамі з вэстэрнаў, то агортвае нас трывожнаю, амаль містычнаю атмасфэраю. Апэратар Павал Зубрыцкі стварае ілюзію кінастужкі, хаця фільм зроблены на лічбавым відэа; лёгкая камэра, панарамы і вывераныя статычныя кадры. Сучасная апэратарская кінамова. Можна сказаць, што ў фільме ёсьць кадры зацягнутыя; што НКВДзіст-ісламіст (!) - гэта празьмернасьць; што лішнімі выглядаюць цытаты зь Бібліі - архетыпічныя сытуацыі гавораць за сябе самі, - але ўсё гэта ня можа сапсаваць карціны.
Андрэй Кудзіненка іранічна гуляе з мовамі. Беларускія рэплікі дублююцца "карэктнымі" расейскімі тытрамі: "А голас як у дупе волас" - "И голос тоже не очень". "Я хацеў, каб людзі адчулі сакавітасьць беларускай мовы", - кажа рэжысэр. Карціна надзвычай кінэматаграфічная, насычаная мітамі й размовамі пра кіно. Мільгаюць фатаздымкі Любові Арловай і Марлен Дзітрых, чуюцца сьпевы зь "Вясёлых хлопцаў" (сьпявае паліцай).
Фільм Андрэя Кудзіненкі - гэта моцнае гульнявое й арыгінальнае эўрапейскае кіно зь беларускім акцэнтам і тварам, з крынічнай хваляю беларускае акавіты. Шчэ на стадыі здымак карціна была запрошаная на прэстыжны Ратэрдамскі фэстываль, што адбудзецца ў студзені. Некалькі маскоўскіх відэакампаній, якія выпадкова пабачылі "Акупацыю", б'юцца за правы на яе продаж.
У Беларусі прэм'ера плянавалася ў кінатэатры "Партызан". Але Саюз кінэматаграфістаў, які перайшоў на партызанскае становішча пасьля таго, як яго будынак заняў дзяржкантроль, збаяўся. Чыноўнікі - нават падчас здымак - намякалі на нейкі "пацыфізм" і "антыдзяржаўнасьць". Што ж, звычайная сытуацыя для Беларусі. Але ня вечная.
"Акупацыя" пачынаецца з правакацыйнага сьцьверджаньня: "Пяцьсот гадоў таму яны ня ведалі, што яны беларусы, але іх дзяржава была найбольшай у Эўропе. Калі яны даведаліся пра гэта, у іх ужо не было дзяржавы. Сто гадоў іх лічылі недаробленымі рускімі. Потым дваццаць гадоў - непаўнавартаснымі палякамі. Яшчэ два гады - савецкімі. А потым пачалася вайна і акупацыя. Пасьля іх беларусаў засталося зусім мала. Цяпер у беларусаў ёсьць дзяржава. Але іх саміх ужо няма".
Фільм даказвае адваротнае самым радыкальным чынам - празь незабыўную мастацкую вобразнасьць, празь сьцьвярджэньне сапраўднага беларускага кіно.
Акупацыі беларускай душы болей не існуе. Беларускае кіно пачынаецца.
***
Артыкул Андрэя Кудзіненкі "Праз могілкі"