Пачатак звычайнага прэзыдэнта
ТВ, 8 траўня 2007, аўторак
Экранізацыя Быкава, шэдэўр Таркоўскага й дакумэнтальны атракцыён Міхаіла Рома. «Дажыць да сьвітаньня», «Іванава дзяцінства» і «Звычайны фашызм».
08.05.2007 / 07:18
Экранізацыя Быкава, шэдэўр Таркоўскага й дакумэнтальны атракцыён Міхаіла Рома. «Дажыць да сьвітаньня», «Іванава дзяцінства» і «Звычайны фашызм».
Лад, 12.35
Іванава дзяцінства (Иваново детство)
Расея, 1962, чорна-белы, 96 хв.
Рэжысэр: Андрэй Таркоўскі
Ролі выконваюць: Мікалай Бурляеў, Валянцін Зубкоў, Яўген Жарыкаў, Валянціна Малявіна, Сьцяпан Крылоў, Мікалай Грынько, Ірына Таркоўская, Андрэй Канчалоўскі
Жанр: Ваенны фільм-трагедыя паводле апавяданьня Ўладзімера Багамолава
Адзнака: 9 (з 10)
Прызы: “Залаты леў Сьвятога Марка” МКФ у Вэнэцыі, прэмія за лепшую рэжысуру МКФ у Сан-Францыска, Галоўны прыз “Залатая галава Паленке” МКФ у Акапулька, Адмысловы прыз МКФ у Карлавых Варах – усяго болей за 15 прызоў.
Згубіўшы родных на вайне, дванаццагадовы Іван становіцца разьведчыкам – і ненавідзіць ворагаў…
“Герой бачыць сны,” – прапанаваў Андрэй Таркоўскі, калі яго запрасілі на фільм. Хлопчык бачыць сны – і гэтыя сны кантрастуюць зь лютай ваеннай рэальнасьцю. Дзіця-забойца, дзіця-мсьціўца, дзіця, скалечанае вайной (залімітная гульня Мікалая Бурляева) – разьведка ў тыле ворага, як вандроўка ў краіну сьмерці – але па-над чорнай вадой і ссохлым дрэвам сны зь яблыкамі, сьмехам і маці. Экзыстэнцыйны шок і трагедыя агаломшылі мэтра экзыстэнцыялізму Сартра – і ён напісаў артыкул пра дэбютную стужку расейскага рэжысэра.
У фільме Таркоўскага няма абавязковага фальшывага патасу, што сілкуе прапаганду – а ёсьць пранізьлівая чалавечая праўда. У карціне сны пераходзяць у рэальнасьць, дэталі рэальнасьці кандэнсуюцца да глябальных сымбаляў, а звычайная вада становіцца архетыпам жыцьця й сьмерці.
«Іванава дзяцінства» – фільм, пасьля якога большасьць “вайсковай” кінапрадукцыі варта выкінуць, як прапагандовае ашмецьце.
СТВ, 22.55
Дажыць да сьвітаньня
Расея, 1975, чорна-белы, 79 хв.
Рэжысэры: Міхаіл Яршоў, Віктар Сакалоў
Ролі выконваюць: Аляксандар Міхайлаў, Аляксей Гарачаў, Сьвятлана Арлова, Аляксей Панькін, Мікалай Кузьмін, Павал Кашлакоў, Аляксандар Бандарэнка, Уладзімер Емяльянаў
Жанр: Ваенная драма паводле аднайменнай аповесьці Васіля Быкава
Увосень 1941, калі фашысты былі пад Масквою, невялічкі атрад пад кіраўніцтвам лейтэнанта Іваноўскага адправіўся ў тыл ворагам, каб падараваць сховішча з баепрыпасамі. Але сховішча знойдзена не было…
Малавядомая беларускаму гледачу экранізацыя Васіля Быкаў (пісьменьнік таксама склаў і сцэнар да стужкі). Фільм пастаўлены на “Ленфільме” рэжысэрамі-франтавікамі.
СТВ, 01.00
Звычайны фашызм (Обыкновенный фашизм)
Расея, 1965, чорна-белы, 138 хв.
Рэжысэр: Міхаіл Ром
Жанр: Дакумэнтальны фільм
Адзнака: 8,5 (з 10)
Міхаіл Ром прызнаўся, што рабіў карціну “Звычайны фашызм”, выкарыстоўваючы прынцып “мантажу атракцыёнаў”. Калі сабраць разам усе “хайлі”, усе гістэрыкі, усе ўрачыстыя паседжаньні Трэцяга Рэйху, то атрымаецца суцэльны атракцыён – і абагульненая карціна бесчалавечнага рэжыму. Ром зрабіў глыбокае дасьледаваньне таталітарнай сыстэмы: фашыстоўскае мастацтва, фашыстоўская штодзённасьць, людзкія лёсы ад нараджэньня – і да магілкі са свастыкай. Таталітарная сыстэма зьнішчала чалавека, пераўтварала яго ў пыл – ёй была супрацьпастаўлена асоба аўтара.
Ром прымусіў старыя кадры раскрыць свае таямніцы, распячатаць другія-трэція сэнсы, якія раней не заўважаліся, выкрыць фашыстоўскія мэханізмы: вось на заднем пляне мітусіцца ад шчасьця фюрэрскі “вэртыкальнік”, вось натоўпы пераймаюць жэсты свайго куміра…
Сакратар ЦК па ідэалёгіі Суслаў, паглядзеўшы фільм, пакрыўджана запытаўся ў аўтара: “Міхаіл Ільіч, за што вы нас так ня любіце?! "Заскарузлы камуніст меў рацыю: таталітарныя рэжымы падобныя, дыктатура заўжды паўтараецца.
З апорай на ромаўскую “антрапалёгію” зрабіў стужку пра “Звычайнага прэзыдэнта” і Юры Хашчавацкі.
Але Ром быў першым – а ягоны фільм стаўся эталёнам.