«Вечнае зьзяньне чыстага розуму», «Блізка да сэрца», «Першы ўдар»
ТВ, 6 траўня 2007, нядзеля
Дзьве мэлядрамы й адзін баявік - пра падрыўную дзейнасьць Джэкі Чана ва Ўкраіне.
06.05.2007 / 10:49
ТВ, 6 траўня, нядзеля
СТВ, 20.45
Вечнае зьзяньне чыстага розуму (Eternal Sunshine of the Spotless Mind)
ЗША, 2004, каляровы, 108 хв.
Рэжысэр: Мішэль Гандры
Ролі выконваюць: Джым Кэры, Кейт Ўінсьлет, Джэры Робэрт Бірн, Элайджа Вуд, Томас Джэйн Раян, Марк Руфала, Кірстэн Данст
Жанр: Мэлядрама з элемэнтамі фантастыкі
Адзнака: 7 (з 10)
Імпульсіўная Клементына (Кейт Ўінсьлет) выкідае з памяці свайго каханка Джоэла. Ціхмяны й сарамлівы Джоэл (Джым Кэры) таксама вырашае выдаліць з памяці ўсялякія ўспаміны пра былыя пачуцьці, тым болей, што фантастычныя тэхналёгіі гэта дазваляюць. Але, калі навукоўцы ўжо распачалі працэдуру, Джоэл адчувае, што каханьне да Клементыны – самае важнае ў ягоным жыцьці. Распачынаецца сэнтымэнтальна-відовішчная барацьба любові й амнэзіі…
Карціна Мішэля Гандры – пра парадоксы каханьня й забыцьця. Джым Кэры – нечакана сур’ёзны, Кейт Ўінсьлет – экстравагантна расфарбаваная. Рэжысэр, засяродзіўшыся на экспэрымэнтах з камэрамі, даў акторам поўную свабоду – каб тыя максымальна раскрыліся.
Назва стужкі пазычана з паэмы Аляксандра Попа «Лісты Элаізы да Абэляру» 1714 году. Гэтую ж паэму сцэнарыст Чарльз Каўфман скарыстаў для фільму «Быць Джонам Малкавічам».
Тытры стужкі распачынаюцца а 18 хвіліне – гэта таксама аўтарскі прыём.
Лад, 20.55
Блізка да сэрца (Up Close & Personal)
ЗША, 1996, каляровы, 124 хв.
Рэжысэр: Джон Эўнет
Ролі выконваюць: Робэрт Рэдфард, Мішэль Пфайфэр, Стокард Чанінг, Джо Мантэнья, Кейт Неліган, Глен Пламэр
Жанр: Мэлядрама
Мэтр журналістыкі Ўорэн (Робэрт Рэдфард) сымпатызуе Сэлі (Мішэль Пфайфэр) і вучыць яе майстэрству тэлевядоўцы. Але кемлівая Сэлі настолькі ўсё цяміць, што хутка пераўзыходзіць Ўорэна – і таму варта пацьвярджаць сваю чалавечую й прафэсійную годнасьць… Па-над барацьбою «канкурэнтаў» – любоў.
НТВ, 23.20
Першы ўдар (Jing cha gu shi IV: Jian dan ren wu)
ЗША – Ганконг, 1996, каляровы, 108 хв.
Рэжысэр: Стэнлі Тонг
Ролі выконваюць: Джэкі Чан, Джэксан Лю, Эні Ву, Біл Танг, Юры Пятроў, Нона Грышаева, Тэры Ву
Жанр: Усходні баявік
Паліцэйскі з Ганконгу, наняты выведкамі ЗША і Расеі, распачынае пошукі падпольных гандляроў уранам. Галоўны атракцыён карціны – Джэкі Чан. Сьледзтва з усходнімі галавакрутнымі бойкамі вядзецца… ва Ўкраіне.