«Мэмуары гейшы»
ТВ, 30 красавіка 2007, панядзелак
Усходняя гістарычная мэлядрама на інтрыгоўную тэму. Стужку спрадусаваў Стывэн Сьпілбэрг.
30.04.2007 / 19:36
ТВ, 30 красавіка, панядзелак.
ЗША, 2005, каляровы, 145 хв.
Рэжысэр: Роб Маршал
Ролі выконваюць: Чжан Цзыі, Сузука Ога, Мішэль Йеа, Лі Гун, Кодзі Якусё, Саманта Футэрман
Жанр: усходняя гістарычная мэлядрама.
Адзнака: 6 (з 10).
Маленькую дзяўчынку прадаюць у дом гейшаў. Яна вырастае й становіцца прыгажуняй Саюры, здольнай спыніць мужчыну адным позіркам.
У карціне Роба Маршала «Мэмуары гейшы» ёсьць усе атрыбуты «ўсходняга кіно»: кімано, дождж, сакура, сьвятло й цені, пяшчота ружовага і холад брунатнага. Нездарма карціна атрымала «Оскары» за апэратарскую працу і касьцюмы. Але ўся апэратарская раскоша ўдала хавае адсутнасьць ўсходняе атмасфэры. Гэта ўдалая імітацыя гістарычнага кіно.
Усхваленьне Гітлера на японскім радыё, касьцюмы 30-х, згадкі пра акупаваную Манчжурыю. Кітайцы ўжо выказалі свой пратэст; іх абурыла тое, што гейшаў, якія абслугоўваюць японскіх мілітарнікаў, гралі кітайскія прыгажуні Цзыі Чжан і Лі Гун. Але ўвесь гістарычны антураж — толькі фон для прыватнай гісторыі.
Гэта таленавітая імітацыя мэлядрамы. Таемнае каханьне гейшы, якой нельга кахаць, але дазволена спакушаць, інтрыгі гульні і насоўка любага чалавека, залітая дзявочымі сьлязамі. Ўсходнія жарсьці сьцішаныя дыдактычным камэнтаром і завяршаюцца галівудзкім гэпі-эндам.
Прадусаваў карціну Стывэн Сьпілбэрг, у якога геніяльны нюх на посьпех. І хаця стужка — імітацыя, хто ведае, які арыгінал?