У Менску адбыўся І Маладзёвы фэст відэаролікаў «Кінагрань»

Былі прадстаўлены 44 творы

25-26 красавіка ў менскім кінатэатры «Цэнтральны» пад апекай Белдзяржунівэрсытэту й Менгарвыканкаму прайшоў маладзёвы відэафэст.

27.04.2007 / 18:11

25-26 красавіка ў менскім кінатэатры «Цэнтральны» прайшоў І Адкрыты маладзёвы гарадзкі фэст відэаролікаў «Кінагрань». Ідэя акцыі нарадзілася ў Белдзяржунівэрсытэце – і знайшла падтрымку ў Менгарвыканкаме.

Маладыя людзі прадставілі на фэст 44 працы. Пераважная большасьць зь іх зьнятая на студыі STS Беларускага ўнівэрсытэту, былі ролікі, створаныя ў Акадэміі мастацтва – і нават у школе.

Стужкі былі разьмеркаваныя паводле намінацый:

«Мой Менск» (перамог нарыс «Горад майго супакою» Машы Курачовай)

«Сэрца на далоні» («Жыві..» Тацяны Мастыкінай)

«Student’s life» («Сумленьне» Алены й Аляксея Рабчанкі – хатняя замалёўка-кліп пра студэнтак, якія рыхтуюць шпаргалкі)

«Найлепшая апэратарская праца» («Так казаў Кагі» Аляксея Мароза й Фёдара Немцава – за дзівосныя ракурсы жанглёра)

«Найлепшая ігравая стужка» («Лялька» Алены Дзенісевіч – пра гераіню, якая сьніць дзіцячыя кашмары)

«Найлепшая дакумэнтальная стужка» («Раскажы мне, воблака» Андрэя Куцілы – пра хворых дзетак, якім прывезьлі ляльку).

Хаця карціны былі створаныя аматарамі дый пачаткоўцамі, у іх ёсьць жывасьць і заўважны патэнцыял.

Так студэнт Беларускага ўнівэрсытэту Андрэй Куціла прадставіў на фэсьце адразу некалькі сваіх фільмаў, якія ён зрабіў сам, ці з удзелам сяброў (творчае аб’яднаньне КНР – Куціла, Налівайка, Рамашко). Іхнія стужкі вылучаюцца сюжэтам, апэратарскай і рэжысэрскай працай. «Спатканьне» - игравы жарт пра любоўную сустрэчу; «Блізкае-далёкае» - паэтычны нарыс пра Жыровічы, а «Радыёкропка» - нестандартны партрэт вясковае Беларусі.

Сябры журы Людміла Перагудава й Сяргей Кацьер папрасілі маладых аўтараў паказаць фільмы й на іншых відэаакцыях.

Ролікі І Маладзёвага фэсту можна паглядзець на сайце ITV.by.

Таксама 27 красавіка ў «Доме кіно» а 19.00 кінавідэапракат і Беларуская Акадэмія мастацтваў прадстаўляе «Кіна-арт па-беларуску», дзе таксама будуць іншыя стужкі маладых творцаў.

Усе падзеі