«Рэйнджэр з атамнай зоны»
ТВ, 26 красавіка, чацьвер
Экплюатацыйны чарнобыльскі баявік. Кепска, затое «народнае кіно» і па тэме.
26.04.2007 / 07:34
БТ, 12.35
«Рэйнджэр з атамнай зоны»
Беларусь – Расея, 1999, каляровы, 85 хв.
Рэжысэр: Вячаслаў Нікіфараў
Ролі выконваюць: Аляксей Краўчанка, Тацяна Мяшчэркіна, Уладзімер Самойлаў, Сяргей Махавікоў, Аляксандар Беразень, Рада Нікіфарава, Валя Нікіфараў
Жанр: Баявік
Адзнака: 2 (з 10)
Падводнік Барсук пасьля звальненьня з расейскай арміі вяртаецца дадому, у мястэчка ля чарнобыльскай зоны. Капітан заступае на бацькоўскую пасаду лесьніка. Цяпер ён будзе змагацца з мафіяй, якая гандлюе заражаным мясам і заадно наладзіла наркатрафік.
Стужка Нікіфарава – яскравы прадстаўнік «новага народнага кіно» («Сын за бацьку», «Кахаць па-руску 1,2,3»). Героі гэтых карцін паўстаюць супраць канстытуцый, законаў і рынку і змагаюцца з кепскімі бізнэсоўцамі, адкапаўшы прыхаваны кулямёт. Памагатыя ў змаганьні супраць законаў – калгасьнікі й міліцыянты, якія нудзяцца без савецкай улады і закідваюць ворага шапкамі.
Чарнобыльскі баявік Нікіфарава выглядае кволенькім на тле і без таго не бліскучага «ахлякратычнага» кіно. Але кепскае кіно мае свае эксплюатацыйныя манкі.
У «Рэйнджэры» - гэта Аляксей Краўчанка – у галоўнае ролі (актор праславіўся, зьняўшыся падлеткам у «Ідзі й глядзі»). Ёсьць абавязковыя – і бездапаможныя – эратычныя сцэны. Грудастыя прастытуткі чарнобыльскай зоны (?!!) – сапраўдная трэшавая вынаходка.
І зьвярніце ўвагу на партрэт, пад якім змагаецца капітан Барсук.