“Пэрсанаж”, “Элемэнтарныя часьцінкі”, “Мэтамарфозы”, “Дэжа вю”, “Містыфікацыя”, “Д’ябал носіць Prada”

Кіно на лічбе

Новыя фільмы на дысках

24.04.2007 / 18:49


Дэжа вю

Д’ябал носіць Prada

Містыфікацыя

Мэтамарфозы

Пэрсанаж

Элемэнтарныя часьцінкі

Дэжа вю (Deja Vu)

ЗША, 2006, каляровы, 128 хв.

Рэжысэр: Тоні Скот

Ролі выконваюць: Дэнзэл Вашынгтан, Вэл Кілмэр, Джэймз Кэвізэл, Паўла Патан, Адам Голдбэрг

Жанр: Дэтэктыўны трымценьнік з элемэнтамі фантастыкі

Адзнака: 6 (з 10)

Агент ФБР Даг Карлінг шукае тэрарыста, які падарваў параход. Сьледчаму прапануюць новую тэхналёгію, якая дазваляе падрабязна сачыць за мінулымі падзеямі, якія зафіксаваныя сеткаю спадарожнікаў. Але ў працэсе вышуку Даг адчувае, што ўсё гэта ўжо калісьці бачыў...

Рэжысэр Тоні Скот зрабіў дынамічны трымценьнік зь нечаканым фантастычным паваротам. Перасьлед тэрарыста на аўто нагадае клясычную сцэну з “Францускім сувязным” – хаця перасьлед набыў “віртуальны” характар паляваньня за зьніклым прышлым.А гісторыя пра машыну часу (дакручаная мэлядраматычным драйвам) ніколі не выглядала такой рэальнаю і жывой.

Д’ябал носіць “Prada” (The Devil Wears Prada)

ЗША, 2006, каляровы, 109 хв.

Рэжысэр: Дэйвід Франкель

Ролі выконваюць: Мэрыл Стрып, Эн Гэтэўэй, Эмілі Блант, Стэньлі Тучы, Сайман Бэйкер

Жанр: Драма

Адзнака: 6 (з 10)

Намінацыя на “Оскар” за найлепшыя касьцюмы і найлепшую жаночую ролю

Правінцыйная журналістка Андрэа трапляе ў сакратаркі да дэспатычнай рэдактаркі моднага часопісу Міранды Прыстлі. Андрэа можа дасягнуць кар’ерных посьпехаў (праявіўшы пры гэтым неверагодную вынаходлівасьць), але за кошт сваіх сяброў, сваёй любові... і сваёй душы..

Дыдактычная гісторыя пра спакусы, дзе ў ролі д’ябла выступае модная сьцярвоза, а глямурны сьвет сымбалізуе пекла. Подыюмныя касьцюмы, яскравыя колеры – і разьлічана-таленавітая Мэрыл Стрып на абцасах.

Містыфікацыя (The Hoax)

ЗША, 2006, каляровы, 115 хв.

Рэжысэр: Ласэ Халстрэм

Ролі выконваюць: Рычард Гір, Альфрэд Малін, Гоўп Дэвіс, Марша Гэй Гардэн, Стэнлі Тучы, Джулі Дэльпі

Жанр: Драма

Адзнака: 5 (з 10)

Няўдачлівы пісьменьнік Кліфард Ірвінг (Рычард Гір) прыдумляе, што складае біяграфію эксцэнтрычнага міліярдэра Говарда Г’юза, які, маўляў, пагадзіўся супрацоўнічаць з героем. Г’юз, які вядомы сваёй скандальнасьцю й затворніцтвам – ласы кавалак для выдаўцоў, і перад Кліфардам адчыняюцца ўсе дзьверы.

Герой усё глыбей закопваецца ва ўласную містыфікацыю – і пакрысе сам пачынае ў яе верыць.

Цікавая драма пра хлусьню і праўду, заснаваная на рэальных падзеях.

Заблытана-глямурны Рычард Гір – і напалоханы Альфрэд Маліна (сябра Кліфарда).

Мэтамарфозы (Metamorphosis)

Вугоршчына – Канада – Нямеччына – Вялікабрытанія – Аўстрыя, 2007, каляровы, 105 хв.

Рэжысэр: Ёня Ходзі

Ролі выконваюць Крыстафэр Ламбэрт, Коры Сэўер, Ірэна Хофман, Чарлі Голўэй, Джэніфэр Гайэм, Андраш Керн

Жанр: Гатычна-маладзёвы вампірычны фільм

Адзнака: 4 (з 10)

Тры маладыя амэрыканцы вандруюць па Вугоршчыне. У дарозе яны знаёмяцца зь пекнай дзяўчынай, у якую закахаўся галоўны герой – аматар гісторыі і адвакат крывавай графіні Эржэбэт Батары.

Мэта вандроўкі – стары палац. Але там герояў чакае сустрэча з сапраўднымі вампірамі.

Інтэрнацыянальная кінабрыгада скарысталася славай самага касавага вугорскага пэрсанажу – Эржэбэт Батары. Тэма “сэрыйных забойстваў” рыфмуецца з вампірычнай, прашываецца маладзёвым слэнгам – і разгортваецца ў дэкарацыях палацу (які напрыканцы стаецца… чыстцом!)

Гатычная раскоша ў карціне – малабюджэтна-трэшавая, вампір Крыстафэр Ламбэрт вядзе доўгія дэмагагічныя гутаркі, гераіні вяла віскочуць, а непамерлая дачка графіні дэманструе аголенае цела й прыёмы каратэ. Жанравыя штамы, зьмешаныя ў кактэйль, па-свойму мілыя й прывабныя.

Пэрсанаж (Дзівосьней за выдумку) (Stranger Than Fiction)

ЗША, 2006, каляровы, 113 хв.

Рэжысэр: Марк Форстэр

Ролі выконваюць: Ўіл Фэрэл, Дастын Хофман, Эма Томпсан, Кўін Лаціфа, Мэгі Джыленгал

Жанр: Трагікамэдыя з фантастычнымі элемэнтамі

Адзнака: 6 (з 10)

Аднойчы занудлівы мытар Гаральд Крык чуе голас, які камэнтуе ўсе ягоныя дзеяньні. Герой ня зьехаў з глузду, проста пісьменьніца Карэн Эйфель складае пра яго кнігу. Каб вызначыцца са сваім лёсам Гаральд зьвяртаецца па дапамогу да літаратуразнаўцы (Дастын Хофман). Выглядае, што мытар – герой камэдыі. Але пісьменьніцца-суіцыдніца заўжды забівае сваіх пэрсанажаў…

Нестандартная трагікамэдыя зь любоўю, літаратурай – і дасьціпным закадравым голасам.

Элемэнтарныя часьцінкі (Elementarteilchen)

Нямеччына, 2006, каляровы, 113 хв.

Рэжысэр: Оскар Ролер

Ролі выконваюць: Морыц Бляйбтрой, Крыстыян Ульмэн, Марціна Гедэк, Франка Патэнтэ

Жанр: Драма паводле раману Мішэля Ўэльбека

Адзнака: 6 (з 10)

Маці Бруна й Міхаэля гіпавала – і зусім не цікавілася сваімі дзецьмі. Міхаэль стаўся генэтыкам, які марыць зьмяніць чалавечае цела, а Бруна пакутуе на ліхаманкавы сэкс.

Ацьверазеньне пасьля сэксуальнай рэвалюцыі, дэпрэсія – і спроба знайсьці любоў, калі ўсё абняслаўлена. “Новы дзівосны сьвет” Олдаса Хаксьлі напрыканцы.

Таленавіта-надрыўны Морыц Бляйбтрой – і спакусьліва-самазабойчая Франка Патэнтэ.

Усе фільмы