«Лісты з Івадзімы»
Карціна Клінта Іствуда
Так мусіць выглядаць беларускае кіно паводле Васіля Быкава.
24.04.2007 / 15:57
ЗША, 2006, каляровы, 141 хв.
Рэжысэр: Клінт Іствуд
Ролі выконваюць: Кен Ватанабэ, Казунары Ніномія, Цуошы Іхара, Руа Касэ, Сіда Накамура, Хіросі Ватанабэ
Жанр: Вайсковая драма
Адзнака: 8 (з 10)
Прэмія «Оскар» за найлепшы гук і прэмія «Залаты глёбус»
Другая Сусьветная вайна. Японская армія абараняе востраў Івадзіму. Калі амэрыканцы захопяць гэты пляцдарм, ім будзе адкрыты шлях да галоўных выспаў. Японскія жаўнеры адстрэльваюцца з каменных катакомбаў, але вынікі вайны прадвызначаныя…
«Лісты з Івадзімы» – другая частка дылёгіі Клінта Іствуда. «Сьцягі нашых бацькоў» распавядалі пра бітву вачыма амэрыканцаў, героі «Лістоў» – японцы.
Карціну ўжо параўноўвалі з быкаўскім «Жураўліным крыкам» дый іншымі творамі беларускага аўтара: стан трагічнае безвыходнасьці, успаміны, канфлікт ідэалягічнага фанатызму й чалавечнасьці.
Попельна-зялёная гама пасуе ня толькі «японскай гісторыі», але й быкаўскім вайсковым рэаліям, фінал прадказальны, дзеяньне нетаропкае – і зацягвае. Мы бачым «акопную праўду» вайны (за што так дзяўблі Быкава), прапагандовую гістэрыю – і годнасьць, насуперак забабонам.
Японскі генэрал, які прыехаў біцца за Івадзіму – гэта мудры быкаўскі камандзір; пекар, які ня ведае, як трымаць вінтоўку – просты беларускі хлапец. Ёсьць і сваё НКВД – тайная вайсковая паліцыя…
Але японская трагедыя – паводле Іствуду – адрозьніваецца ад быкаўскіх катастрофаў. Памерці, застаўшыся чалавекам – адказны выбар быкаўскага герою, які выконвае свой апошні абавязак. І гэта для эўрапейца ліміт.
Выжыць, застаўшыся чалавекам, насуперак эпідэміі самазабойстваў, і выканаць свой абавязак – гэта ліміт для японца. Бо НКВДзіст у кожнае галаве: не выканаць загад адступаць, падарваць сябе гарматай, прымусіць падрывацца падначаленых (пакутліва-невыносная сцэна). І па-над усім гэтым – захаваныя лісты з жывымі галасамі людзей.
«Амэрыканскі самурай» Іствуд зрабіў карціну пранізьліва-гуманістычную й агульначалавечую. Бяз гучнага патасу, някідкую і экзыстэнцыйна-стрыманую.
Сапраўднае беларускае кіно паводле Васіля Быкава.
Карціна дэманстравалася ў Кінафармаце «4х4» . Сэансы з 23 па 29 красавіка ў менскім кінатэатры «Мір» а 18.40.
Таксама на экране Фляндрыя, Ганібал: Узыходжаньне, Тыпу крутыя мянты.