Надзея Дземідовіч палітвязням: «Жыве Беларусь!»

01.11.2012 / 14:40

Учора сваю салідарнасць з палітвязнямі выказала былая зняволеная ГУЛАГа, легендарная Надзея Дземідовіч. Старэнькая, хворая, яна прыехала на сядзібу, каб узяць удзел у Марафоне Салідарнасці, каб сказаць словы падтрымкі, каб распавесці пра свой цяжкі лес, прэзентаваць сваю кнігу «Кенгір». Павіншаваць з выхадам кнігі прыйшоў такі ж легендарны чалавек, гісторык Леанід Лыч. Трэ было бачыць, як радавалася Надзея Дземідовіч, калі даведалася, што гэта той самы Лыч, працамі якога яна вельмі захапляецца і марай яе было сустрэць гэтага чалавека, і вось гэтая мара здейснілася. Людзі аднаго года нараджэння — яна 1927-га, а ён — 1928-га, беларусы на той час розных краін, Надзея Раманаўна жыла пад Польшчай, а Леанід Лыч у Савецкай Беларусі, сустрэліся і падзяліліся ўспамінамі пра той час, пра яднанне, пра страшныя часы сталінскага ліхалецця. Дзякуй ім вялікі і нізкі паклон. Дзякуй і барду Таццяне Беланогай, якая выканала для Надзеі Дземідовіч свае цудоўныя песні. Мяне вельмі ўразіла, што вітала нас усіх Надзея Дземідовіч словамі: «Жыве Беларусь». Жыве!

Ганна Шапуцька, Facebook.com