Большасць беларускіх топ-чыноўнікаў пасля адстаўкі працуюць у Расіі або на расійскія кампаніі
Вызвалены з пасады чарговы кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі, Вадзім Зайцаў. Некаторыя з ягоных папярэднікаў заставаліся на дзяржаўнай службе, як Сухарэнка. Іншыя, як Ерын і Мацкевіч, працягвалі кар’еру… у Расіі. Калі б такое здарылася з былым кіраўніком спецслужбы ў іншай еўрапейскай краіне, гэта было б скандалам. У Беларусі ж гэта — норма.
10.11.2012 / 18:22
Вадзім Зайцаў.
Урал Латыпаў.
Іван Ціцянкоў.
Уладзімір Навумаў.
Віктар Рахманько.
Леанід Ерын.
Уладзімір Мацкевіч.
Так уладкоўваюцца не толькі камітэтчыкі. Экс-міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў стаў кіраўніком прадстаўніцтва «РуссНефть» у Беларусі. Цікава, што некалі гэтую пасаду займаў былы кіраўнік Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Дражын. Хто яшчэ прайшоў такой сцежкай — з беларускіх чыноўнікаў у расійскі бізнэс?
1. Урал Латыпаў і Іван Антановіч
Адразу два папярэднікі Мартынава на пасадзе кіраўніка МЗС (Беларусі, а не Расіі) пасля адстаўкі для ПМЖ абралі Маскву. Іван Антановіч займаўся ў расійскай сталіцы навуковай і педагагічнай працай.
Што да Урала Латыпава, то ў Беларусі за Лукашэнкам з КДБ ён перасеў на топ-пасады міністра замежных справаў, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, Рады бяспекі. Пасля адстаўкі ён тры гады адпрацаваў старшынёй кансультацыйнай рады кампаніі «Лукойл Беларусь». Ад 2008 перайшоў у кампанію «МТЗ «Рубін», аднаго з найбуйнейшых дэвелапераў расійскай сталіцы. Раней тамсама працаваў былы прэм’ер Уладзімір Ярмошын. Праўда, на старыя гады Ярмошын вярнуўся ў Мінск.
2. Іван Ціцянкоў
Першы кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў найбольш запомніўся сваім рэзанансным учынкам падчас рэферэндуму 1995, калі парваў белчырвонабелы сцяг. З часам Ціцянкоў зашмат падмяў пад сябе. Кіраўнік краіны нават абвінаваціў свайго аканома, што ён «зарваўся». Пасля адстаўкі Ціцянкоў працаваў у расійскай кампаніі «Ітэра», а пасля адкрыў уласны будаўнічы бізнэс. У Маскве. Кажуць, што сёлета Ціцянкова бачылі ўжо ў Мінску.
3. Уладзімір Навумаў
А вось былога міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава пасля адстаўкі ніхто ў Беларусі не назіраў. Хаця ў адзіным інтэрв’ю пасля ад’езду з краіны экс-чыноўнік прызнаваўся, што вольна прыязджае ў Мінск. Навумава адставілі ў час гучнай барацьбы МУС і КДБ. Калі разыгрывалася «справа паляўнічых», за краты трапілі некаторыя намеснікі Навумава.
Цяпер Навумаў нібыта працуе ў блізкай да Пуціна кампаніі «Растэхналогіі» дарадцам кіраўніка. «НН» тэлефанавала ў кампанію, каб знайсці Навумава. Ветлівыя сакратаркі доўга шукалі такое прозвішча, але не знайшлі.
4. Віктар Рахманько
Пасаду начальніка Беларускай чыгункі Віктар Рахманько страціў у 2001, калі трапіў пад карупцыйную справу, якая скончылася турмой. Да канца тэрміну чыноўнік не дасядзеў, а па вызваленні накіраваўся ў Маскву. Там яго таленты знайшлі прымяненне у «Газпраме». Цяпер Рахманько ўзначальвае Дэпартамент інвестыцый і будаўніцтва кампаніі.
5. Леанід Ерын і Уладзімір Мацкевіч
У Маскве ўладкаваліся адразу два былыя старшыні КДБ. Леанід Ерын працуе дарадцам начальніка «Расійскай чыгункі». Працу дарадцы знайшоў сабе і Уладзімір Мацкевіч. Ён дапамагае кіраўніку кампаніі «Савкамфлот».