Актывіст «Гавары праўду!» асуджаны на 10 сутак

06.09.2012 / 10:59

Актывіст маладзёжнага крыла кампаніі «Гавары праўду!» «Zмена» Ягор Віняцкі асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту,
паведаміў лідар «Zмены» Павел Вінаградаў.

Паводле яго слоў, вырак Віняцкаму вынесены судом Першамайскага раёна Мінска па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйным правапарушэнні.

«Нібыта ён лаяўся матам у грамадскім месцы», — паведаміў Вінаградаў.

Нагадаем, 5 верасня, у 13.30 у кватэру да Віняцкага прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Фармальнай падставай для візіту міліцыянераў было правядзенне вобыску, аднак невядома, ці выстаўлялі Віняцкаму адпаведную пастанову. У выніку актывіста павезлі ва УУС Першамайскага раёна сталіцы, у яго была канфіскавана друкаваная прадукцыя.

Вінаградаў мяркуе, што затрыманне звязана з выбарамі ў палату прадстаўнікоў і кампаніяй па байкоце выбараў у Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101, якую праводзяць «Zмена», «Гавары праўду!», рух «За Свабоду» і Партыя БНФ. Паводле слоў Вінаградава, Віняцкі з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ Арцёма Лявы, які балатуецца па 101-й акрузе, але мае намер зняць сваю кандыдатуру з выбараў перад галасаваннем.