Восы атакавалі дзіцячы садок у Гомелі

Пяцёра дзяцей шпіталізавалі.

05.09.2012 / 11:16

Восы напалі на дзяцей у адным з дзіцячых садкоў Гомеля, пасля чаго пяцёра дзяцей былі дастаўлены ў Гомельскую абласную клінічную бальніцу, паведамілі ў прэс-службе абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле папярэдніх звестак, трое дзяцей ужо выпісаны, двое яшчэ застаюцца пад наглядам медыкаў.

Здарэнне адбылося 3 верасня. Дзеці гулялі на пляцоўцы і, капаючыся ў пясочніцы, натрапілі на асінае гняздо, і рой насякомых накінуўся на малых.

Да гэтага выпадку адміністрацыя саду не звярталася ў падраздзяленне МНС наконт знішчэння восаў, пасля здарэння ратавальнікі ліквідавалі асінае гняздо.

У прэс-службе дадалі, што на жнівень-верасень традыцыйна прыпадае пік актыўнасці вос і шэршняў. У гэты перыяд яны найбольш небяспечныя. Таму пры выяўленні іх гнёздаў у сацыяльных установах неабходна звяртацца да спецыялістаў, а таксама праяўляць максімальную асцярожнасць.