Тыпу крутыя мянты
Дасьціпная брытанская камэдыя на экранах сталіцы. Рэцэнзуе ў сваім блогу Андрэй Расінскі.
10.04.2007 / 13:38
Вялікабрытанія, 2007, каляровы, 121 хв.
Рэжысэр: Эдгар Райт
Ролі выконваюць: Сайман Пэг, Нік Фрост, Біл Бэйлі, Цім Барлаў, Дэйвід Брэдлі, Джым Бродбэнт, Стыў Куган, Пэдзі Консыдайн
Жанр: Дэтэктыўная камэдыя
Адзнака: 7,5 (з 10)
Нікалас Энджэл – ударнік паліцэйскае працы. Выдатнік, спартовец, змагар і працаголік. Узорныя паводзіны Энджэла так дапякаюць ягоным калегам, што героя сплаўляюць у правінцыйнае мястэчка, дзе няма ніякіх злачынстваў. Але ў гарадку адбываецца нешта дзіўнае й страшнае. Хаця месьцічы хорам сьцьвярджаюць, што няма прычынаў для клопату, Энджэл бярэцца за сьледзтва...
Пасьля дасьціпнай пародыі “Зомбі па імені Шон” (фільм у сеціве ўвайшоў у дзясятку найлепшых) рэжысэр Эдгар Райт вырашыў узяцца за дэтэктывы. Кампанію яму склала незабыўная парачка Сайман Пэг і Нік Фрост.
Што тычыцца дэтэктыўнага жанру, то такога густоўнага зьдзеку экран ня бачыў даўно. Брытанскі гумар – з сур’ёзным тварам, непахіснай правільнасьцю (у ідыёцкіх умовах) і інтэлектуальнай гульнёй прымушае рагатаць.
Мясцовыя клушы з гранатамётам, крутая вэстэрновая страляніна, марская міна й выбухі...
Дасьціпная пародыя і культавы паліцэйскі фільм адначасова.
На пачатку тыдня сэансы ў кінатэатрах “Кастрычнік”, “Масква”, “Аўрора”, напрыканцы – “Мір” і “Берасьце”.
Фота з сайту Kino.br.by