Страшная трагедыя ў Мінску: журналістка выкінулася з 9-га паверха разам з двума дзецьмі

абноўлена

Маме было 32 гады, дзецям 2 і 7. Усе трое загінулі на месцы.

23.08.2012 / 14:36

У адной з кватэр на дзявятым паверсе ў Мінску па вуліцы Панчанкі, 76 жанчына выкінулася з акна з двума малымі дзецьмі.

Маме было 32 гады. Дзецям (двум хлопчыкам) два (Стасік) і сем (Валера) гадоў.

Усё гэта адбылося ў доме, які вядомы ў Сухарава як журналісцкі.

Жанчына спачатку выкінула старэйшага, потым пералезла праз балкон з малодшым сынам.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, сям’я лічылася паспяховай. Жанчына знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку. Яна працавала журналістам БелТА. Зараз на месцы працуюць следчыя. Прычынай трагедыі магла стаць пасляродавая дэпрэсія», — пракаментаваў Kp.by начальнік Фрунзенскага РУУС Алег Гайдукевіч.

Тэлеканал АНТ паведаміў у якасці магчымай прычыны самагубства імавернасць разводу з мужам.

Справу будзе расследаваць Упраўленне Следчага камітэта па Фрунзенскім раёне сталіцы.

Старэйшае дзіця журналісткі скончыла першы клас.

На старонцы Мілены ў сацыяльнай сетцы стаяць аўдыёзапісы скайп-семінараў для барацьбы з фобіямі і неўрозамі.
У «Кантакт» яна апошні раз заходзіла сёння раніцай а 3:36.

Упраўленнем Следчага камітэта па Мінску па факце забойства двух дзяцей заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкула 139 КК.

* * *

Тэлефоны службы экстранай псіхалагічнай дапамогі

Кругласуткавая служба экстранай псіхалагічнай дапамогі «Тэлефон даверу»: 8 (017) 202-04-01

Рэспубліканская тэлефонная «гарачая лінія» па аказанні псіхалагічнай дапамогі непаўнагадовым, што трапілі ў крызісную сітуацыю: 8-801-100-16-11.

nn.by