“Мост у Тэрабітыю”
Дзіцячы фільм з дарослым болем
Карціна для сямейнага прагляду толькі здаецца фэнтазі. Пякучая трагедыя прымушае плакаць і вучыць самаму важнаму.
04.04.2007 / 20:02
ЗША, 2007, каляровы, 95 хв.
Рэжысэр: Габар Чупа
Ролі выконваюць: Джош Гатчэрсан, Ганна Сафія-Роб, Зуі Дэшанэль, Робэрт Патрык, Бэйлі Мэдысан
Жанр: Драма з элемэнтамі фэнтазі для сямейнага прагляду паводле аднайменнай аповесьці Кэтрын Патэрсан
Адзнака: 7 (з 10)
Джэс марыў стаць першым бегуном у клясе, калі яго апярэдзіла новая вучаніца – Лесьлі (таленавіта-дзёрзкая Ганна-Сафія Роб). Дзеці пасябравалі: Джэс малюе чароўны сьвет, а Лесьлі прыдумала дзівосную краіну – Тэрабітыю, у якую яны ўцякаюць ад крыўднікоў і нястачы. У дзіцячых фантазіях вавёркі становяцца злымі жаўнерамі, дрэвы пераўтвараюцца ў троляў, а матылі вядуць у бой паветраную армію.
Заклапочаны бацька патрабуе ад Джэса “не вітаць у аблоках”, але рэальнасьць сама нанясе хлопчыку страшны ўдар...
Стужка для сямейнага прагляду толькі здаецца фэнтазі. Адмысловыя эфэкты наўмысна сьціплыя – каб фантазіраваць любому дзіцяці трэба няшмат; пазнавальныя школьныя тыпажы: хуліганы, настаўніца, суворы бацька (экс-Тэрмінатар Робэрт Патрык).
Але пякучая трагедыя (сюжэтны паварот станецца шокам для гледача) прымушае плакаць уголас – і вучыць самаму важнаму: любові й спачуваньню.
Злая хуліганка сама дапаможа, сухая настаўніца – знойдзе самыя цёплыя словы падтрымкі, бацька прытуліць, а пасталелы герой павядзе маленькую сястру ў чароўную Тэрабітыю.
Гэтая мудрая любоў і ёсьць цудам.
З 4 па 8 красавіка карціна дэманструецца ў кінатэатры “Піянэр”, з 9 красавіка – у кінатэтрах “Перамога” і “Дружба”.
Таксама ў кінатэатрах Фантан, 300 спартанцаў, Каралева, Любоў-морква, Ганібал: Узыходжаньне, Ілюзіяніст.
Фота з сайту kinopoisk.ru