Зміцер Бандарэнка: Я не перажыў і сотай часткі таго, што Саннікаў
абноўлена
Палітвязня выпусцілі ў нядзелю.
15.04.2012 / 15:13
З жонкай Вольгай, якая столькі змагалася за яго вызваленне.
Турма пакінула след на абліччы вязня, але не зламіла яго.
Бандарэнка прыбыў на мінскі аўтавакзал «Усходні» а 14 гадзіне. Яго сустракалі каля 60 чалавек з кветкамі.
«Хрыстос уваскрос! Вызваленне палітвязняў — гэта добры знак для Беларусі,— сказаў Зміцер, як толькі прыехаў у Мінск. — Хаця ў такі дзень павінны быць вызвалены ўсе».
Пра вызваленне Саннікава ён пачуў учора а 20-й гадзіне з радыё «Свабода». «Першая мая думка была: а мне прыйдзецца чакаць два тыдні да вяртання паслоў». Але сёння раніцай прыйшоў намеснік начальніка калоніі і загадаў збірацца з рэчамі. Бандарэнка перапытаў, яго вызваляюць ці пераводзяць на этап.
«У такі дзень ніхто не стаў бы вас падманваць», — адказаў турэмшчык.
Нагадаем, сёння праваслаўныя святкуюць Уваскрасенне Хрыстова.
Зміцер Бандарэнка двойчы падкрэсліў, што не перажыў за кратамі і сотай часткі таго, што вытрымаў Андрэй Саннікаў. Ён адзначыў, што калі б ведаў, што Саннікаў напісаў прашэнне аб памілаванні ў лістападзе, і сваё прашэнне быў напісаў бы раней.
Ён расказаў, што яго спрабавалі завербаваць яшчэ ў турме КДБ.
КДБісты патрабавалі ад яго ціхага кантролю над сайтам «Хартыя’97», а таксамы адмовы ад рэдагавання каментароў на сайце.
«Такім чынам, я пацярпеў за цэнзуру», — пажартаваў ён. Бандарэнка заявіў, што не збіраецца адмаўляцца ад сваёй папярэдняй дзейнасці. «Грамадзянскую дзейнасць буду працягваць. Хацелася б, каб краіна стала свабоднай».
Выглядае Бандарэнка нармальна.
* * *
Па словах жонкі Змітра Вольгі, мужа выпусцілі з Магілёўскай калоніі сёння дзесьці а 9.15 раніцы. Падрабязнасцяў яна не ведае. Цяпер Бандарэнку вязуць на маршрутцы ў Мінск. Па інфармацыі charter97.org, Зміцер едзе лежачы праз праблемы са спіной.
Зміцер Бандарэнка прыбудзе на Усходні аўтавакзал у 13.20-13.30.
Сустрэць яго сабралася каля 50 чалавек. Сярод іх ягоная жонка, якая ўвесь гэты час змагалася за вызваленне мужа, Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп з Данікам, а таксама бацькі Ірыны Халіп.
Саннікаў сказаў, што трохі здзіўлены: у нядзелі звычайна не вызваляюць.
Змітра Бандарэнку асудзілі на два гады калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня 2010. Ён з'яўляўся даверанай асобай Андрэя Саннікава на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. За кратамі ён перанёс дзве аперацыі. У ліпені 2011 г. яму рабілі аперацыю на хрыбетніку, выдалялі міжпазванковую грыжу. У пачатку красавіка яму выдалілі на назе абсцэс, які ўтварыўся ад падагры.
Прашэнне аб памілаванні палітвязень напісаў 1 лютага.
14 красавіка на свабоду выпусцілі Андрэя Саннікава.
Працяг будзе.