Кінахрыбет (100 фільмаў, якія варта пабачыць)

Першы фільм новага тысячагодзьдзя на менскіх экранах

Гісторыка-містычны "Хрыбет д’ябла" Гільерма Дэль Торы.

14.03.2007 / 08:48

Хрыбет д’ябла (El Espinazo Del Diablo / The Devil's Backbone)

Гішпанія – Мэксіка, 2001, каляровы, 106 хв.

Рэжысэр: Гільерма Дэль Тора

Сцэнарысты: Гільерма Дэль Тора, Антоніа Трасорас, Дэйвід Маназ

Кампазытар: Хаўер Наварэтэ

Апэратар: Гільерма Навара

Галоўны мастак: Сэзар Макаран

Дэкаратары: Пабла Пэрона Навара, Марыя Дэль Пілар Рэвуэлта

Мастак па касьцюмах: Хасэ Віка

Грым: Паўла Круз, Фэрмін Галан, Мануэла Гузман, Хорхе Хернандэс

Адмысловыя і візуальныя эфэкты: Кармэн Агірэ, Альфонса Ніета, Рэйес Абадэс, Эміліа Руіс Дэль Рыа

Гук: Ян Сасплугас, Арыёл Тарага, Кіку Відал

Мантаж: Луі дэ ла Мадрыд

Прадусары: Агустын Альмадовар, Пэдра Альмадовар, Роза Босх, Берта Навара, Майкл Рубэн, Гільерма Дэль Тора

Ролі выконваюць: Эдуарда Нар’ега, Марыса Парэдэс, Фэдэрыка Лупі, Фэрнарда Цьельвэ, Іньіга Гарсес, Ірэн Вісэда, Хасэ Мануэль Ларэнца, Хуан Карлас Веліда, Пака Маэстрэ

Жанр: Гісторыка-містычная драма-прыпавесьць

Адзнака: 10 (з 10)

30-ыя гады. Грамадзянская вайна ў Гішпаніі. 12-гадовы Карлас (Фэрнарда Цьелвэ) пасьля сьмерці бацькі-камуніста трапляе ў прытулак пад апеку “чырвонай” дырэктрысы Кармэн (Марыса Парэдэс) і прафэсара Касарэса (Фэдэрыка Лупі). У школьным двары гмырыцца неразарваная авіяцыйная бомба, а ў начных калідорах блукае прывід загіблага хлопчыка…

Першая частка містыка-мэтафізычнай трылёгіі Гільерма Дэль Торы пра Грамадзянскую вайну й фашызм (другая частка – “Лябірынт Фаўна”, а трэцяя – мусіць зьявіцца ў 2009 годзе).

Карціна – найдасканалейшы шэдэўр мэксыканскага рэжысэра.

Фільм ня толькі распавядае пра людзкія лёсы падчас крывавае калатнечы (гісторыя ад Антоніа Трасораса) – і ня проста палохае страшнай казкай пра прывіда (прыдумка Гільерма Дэль Торы). Фільм увасабляе саму існасьць кіно.

Калісьці крытык Андрэ Базэн абараняў “онталягічную праўду” кіно і параўноўваў фільмы з бурштынам, у які трапляюць інсэкты – каб назаўжды захавацца.

Карціна “Хрыбет д’ябла” – бурштын. Але ў гэтым бурштыне не забытыя рэчы ці зпакутаваныя ад старасьці твары – хаця праўда эпохі й псыхалягічная глыбіня адметныя для карціны.

Пацерты грамафон, пазламанае радыё, вершы, змрочныя калідоры, уздыхі ў цемры...

На стужцы, прадусаванай Пэдра Альмадоварам, зафіксаваныя цалкам нематэрыяльныя зьявы. Страх, юр, нянавісьць і прага да грошай; людзкія забабоны, першае каханьне, мужнасьць, адказнасьць. Ініцыяцыя, калі дзіця сутыкаецца са злом і мусіць даць яму бой (невыносная сцэна, калі дзеці атакуюць ворага). Сацыяльнае зло – як праява мэтафізычнага зла – і прывід, як помста й акрываўленае сумленьне.

Бурштынавым алькаголем залітыя эмбрыёны-пачваркі, якіх мясцовы люд называе “хрыбтамі д’ябла”; залаты напой раскупляецца "для патэнцыі". Залаты твар у патопленага прывіда – і толькі кроплямі цурочыць кроў уверх. Да часу стаілася й маўчыць іржавая бомба, умураваная ў інтэрнацкі двор – і жоўта-залаты выбух. Залатыя зьліткі ў драўлянай назе дырэктаркі-інваліда, залатыя твары забітых; бурштынавае цела палюбоўніка-падонка; залатая сьпёка дарогі, на якую выходзяць асірацелыя дзеці.

Стары прафэсар у карціне пакутліва запытваецца і ягоныя словы – пра сам фільм: “Што такое прывід?.. Трагедыя, якой наканаваны вечны паўтор?.. Мо’, сэкундны боль? Нешта мёртвае, што здаецца жывым… Пачуцьце, падвешанае ў часе. Быццам фатаграфія ў расфокусе. Быццам муха ў бурштыне…

Прывід – гэта я”.

Ілюзія ўвасобілася.

Карціна дэманструецца ў фармаце “4х4” з чацьвярга 15 сакавіка ў кінатэатрах “Аўрора”, “Цэнтральны”, “Перамога”, “Мір”.

Таксама ў кінафармаце “Спачуваньне спадарыні Помсьце”, “Крывавы дыямант”, “Як малыя дзеці”.


Фатаграфіі з сайту “Культовое кино”

Глядзіце таксама Лябірынт Фаўна

Таксама на экранах ідуць "Выспа", "Бабілён", "Ганібал: Узыходжаньне", "Прывідны гоншчык", "Мёртвыя дачкі", "Кроў і шакалад", "Любоў-морква".

Усе фільмы