Атаман Моніч і яго жанчыны: беларускія антысавецкія партызаны, калі каханне сплялося з палітыкай

Старонкі беларускай гісторыі 1920-х захапляюць сваімі галівудскімі паваротамі. Гатовыя сюжэты для захапляльнага кіно.

24.08.2024 / 16:37

Паўстанцы атамана Лукаша Сяменіка (у цэнтры). Праваруч яго — Юрка Моніч. Вялікае Стахава, 1919 год. Фота: Wikimedia Commons

Калі занураешся ў гісторыю беларускай антысавецкай партызанкі 1920-х, узнікае ўражанне, што ўсе тыя падзеі адбываліся на нейкім кінематаграфічным Дзікім Захадзе. 

Міліцэйскія зводкі нагадваюць хроніку ваенных падзей: напады на чыноўнікаў і цэлыя вайсковыя злучэнні, перастрэлкі, правакацыі… Пералічыць імёны атаманаў — не хопіць пальцаў: Рабцэвіч, Квіцінскі, Кляшчонак, Казлоўскі, Кузняцоў, Крук, Дзяргач, Хведашчэня, Караткевіч, Моніч, Сяменік…

Савецкая ідэалогія спрабавала выставіць іх звычайнымі гангстарамі. Між тым партызанскі рух, у якім бралі ўдзел дзясяткі тысяч сялян па ўсёй краіне, узнік як процідзеянне метадам бальшавіцкай улады.

Гаспадары не хацелі мірыцца з рабункамі камісараў, а досвед нядаўняй рэвалюцыі і кароткай дэмакратыі штурхаў да дзеяння. У Расіі ўспыхнула Антонаўшчына, задушаная пасля газам і гарматамі, ва Украіне — Махноўшчына, у Беларусі партызанскі рух 1920-х каардынавала арганізацыя «Зялёны Дуб».

Аж у 1925 савецкія газеты прызнавалі, што праз шэсць гадоў пасля абвяшчэння БССР пад самым Менскам, у Барысаўскай воласці, савецкая ўлада была надзвычай слабай. Рэальнай уладай быў лясны атаман — «палявы камандзір», як сказалі б цяпер.

Некаторыя з іх у мінулым стаялі пад сцягамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля, згубіўшы надзею на адваёву незалежнасці для цэлай Беларусі, яны сталі ўладай на падкантрольных сабе тэрыторыях, утварыўшы «партызанскія зоны». Гэта было б немагчыма без падтрымкі мясцовага насельніцтва. З кадрамі для атрадаў праблемы не было: сотні тысяч сялянскіх сыноў прайшлі праз франты Першай сусветнай, паўцякалі з аднаго ці другога войска… Да атамана мужыкі ішлі «падзарабіць», ён мог абараніць ад бальшавіцкай продразвёрсткі.

Змаганне з саветамі за ўплыў было жорсткім. У кнізе «Кароткі нарыс гісторыі міліцыі Беларусі» (1927) друкаваліся здымкі забітых партызанскіх верхаводаў: у поўны рост, са зброяй — толькі што не выстаўленыя ў вітрынах крамаў, як бывала на тым Дзікім Захадзе.

Ёсць і іншае фота — шчуплага голага чалавека, які ляжыць на зямлі. Гэта цела атамана Моніча, кіраўніка аднаго з наймацнейшых партызанскіх злучэнняў Усходняй Беларусі, за якім ЧК беспаспяхова ганялася некалькі гадоў. Ён трапіў у засаду ОГПУ 23 чэрвеня 1924 года. Магчыма, такі прынізлівы кадр — свайго роду пасмяротная бальшавіцкая помста.

Бацька рэйкавай вайны

Пункціры лёсу, матэрыялу якога хапіла б на раман, пазначыў Сяргей Пясэцкі ў сваёй аповесці «Ніхто не дасць нам выбаўлення».

Родам Моніч быў з вёскі Жаберычы (не да канца ясна, Малыя ці Вялікія) Барысаўскага павета (сёння — Крупскі раён). Ён скончыў настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў. З Першай сусветнай вайны вярнуўся падпаручнікам. У грамадзянскую ваяваў супраць бальшавікоў: спачатку разам з Врангелем, пасля з Булак-Балаховічам, і нарэшце — на чале ўласнага партызанскага аддзела.

Партызанскі досвед Моніч атрымліваў у злучэнні славутага партызана Лукаша Сяменіка (Семенюка). Магчыма, яны разам бралі ўдзел у Слуцкім збройным чыне.

Ёсць сведчанні, што Моніч звязваўся з Беларускай Вайсковай Камісіяй (БВК), задачай якой было стварэнне беларускага войска. Ён паведамляў, што гатовы са сваім аддзелам перайсці пад загад Беларускага ваеннага камандавання для змагання з бальшавікамі. БВК пастанавіла паслаць у аддзел Моніча сябра Камісіі капітана Францішка Кушаля. На жаль, пра тую інспекцыю Кушаля звестак няма.

Моніч быў першым беларускім партызанам, які практыкаваў «рэйкавую вайну». Гісторыя, якая здарылася ў кастрычніку 1923, прагрымела ў многіх еўрапейскіх газетах. Партызаны абрабавалі хуткі цягнік, што звязваў Маскву і Берлін.

Гэты экспрэс мусіў сведчыць пра стабільнасць і моц маладой савецкай улады. Аксаміт, бронза, натуральная скура і чырвонае дрэва — саліднае аздабленне міжнародных вагонаў адпавядала стандартам. Яны дастаўлялі да заходняй мяжы гаспадароў новага жыцця, савецкіх і заходніх дыпламатаў. Шыкоўна, камфортна і, здавалася б, бяспечна.

10 кастрычніка на перагоне Крупкі — Бобр партызаны разабралі рэйкі. Састаў разарваўся, і адзін вагон перакуліўся. Абышлося, на шчасце, без ахвяр.

У вагоны ўвайшлі ўзброеныя людзі. Пачалося вытрасанне кішэняў. Чарнавалосы высокі мужчына інтэлігентнага выгляду ветліва папрасіў прадстаўнікоў замежных місій не турбавацца.

Пасля звярнуўся да польскага вайсковага аташэ і спытаў, ці ведае пан палкоўнік, што ў яго аддзеле ёсць людзі з Польшчы. У адказ пачуў, што для яго, супрацоўніка Польскага генеральнага штаба, гэта не навіна. Моніч прапанаваў афіцэру вярнуць адабранае яго жвавымі хлопцамі, але паляк адмовіўся.

Ёсць версія, што пад выглядам гэтага «абрабавання» польскі генштаб перадаў сродкі партызанам Моніча.

Частку нарабаванага ўдалося адшукаць у мясцовых сялянаў — хто прынёс сам, спалохаўшыся пагрозаў, у каго знайшлі падчас ператрусаў. Але большасць паспела скарыстаць свае здабыткі. «…частку шоўка белага я даў схаваць свайму свату Івану, а 27 аршын прадаў Цадыку за 50 пудоў хлеба, за хлеб набыў жарабя. Яшчэ прадаў Ароніку Цадыку паліто чорнае летняе за 15 пудоў хлеба», — запісаў у пратакол следчы са слоў Рыгора Загалаўца.

Моніч, як паказалі сведкі, ад сваёй долі адмовіўся на карысць «Зялёнага Дубу».

Моніч, «Чэка» і вясёлая ўдавіца

Атрад Моніча быў надзіва жывучым. Ён праіснаваў чатыры гады пасля 1921-га, калі існаванне «зялёнай» партызанкі стала нявыгадным і тым, хто яе раней падтрымліваў. Умовы Рыжскай дамовы перадвызначылі лёс Галоўнага штаба «Зяленага Дуба». Польскія апекуны пачалі працес яго ліквідацыі.

Партызанскі рух, які і раней не вызначаўся маналітнасцю, расцерушыўся на дробныя кавалкі, пісалі гісторыкі, якія яго даследавалі.

Жывучасць монічаўцаў гісторык тлумачыць іх адарванасцю ад іншых партызанскіх структур: у адасоблены атрад складаней інспіраваць правакатара. Хоць у 1920-м такі выпадак адбыўся.

Тут прыгодніцка-палітычны дэтэктыў ператвараецца ў лірычную гісторыю.

Атаман Моніч наведваў зембінскаю красуню, удаву Аўдоццю Габец.

Дом шчырай на ласку Дусі і стаў месцам развіцця чэкісцкай інтрыгі.

У мястэчку стаў на пастой конны чырвонаармейскі атрад «для аховы ад бандытаў». Хоць тутэйшыя меркавалі, што сапраўдная мэта чырвоных — кантроль над мясцовым спіртзаводам.

А камандзір атрада Корзун пачаў атаку на вяселую ўдавіцу.

Спіртзавод як магніт прыцягваў вайскоўцаў. Таму зембінцы не здзівіліся, калі следам прыйшоў яшчэ адзін атрад чырвоных з Іванам Шпакоўскім на чале. Шпакоўскі папоўніў спіс Дусьчыных ухажораў. Людзі з цікавасцю сачылі за баявымі дзеяннямі камандзіраў вакол Аўдоцці.

Раз візіты закаханых мужчын супалі ў часе. Раз’юшаныя палюбоўнікі схапіліся за зброю. Кволы на выгляд Шпакоўскі, як бывае ў вестэрнах, адным стрэлам зваліў мажнага Корзуна.

На ўвесь Зембін загаласіла Аўдоцця. Шпакоўскі і яго аддзел паўскоквалі на коней і паскакалі ў лес хавацца ад закона. Параненага Корзуна адвезлі ў барысаўскі шпіталь. Потым пайшлі чуткі, што ён памёр.

Насамрэч Шпакоўскага звалі Ян Крыкман. Быў ён чэкістам. Пасля Крыкман успамінаў, што гэты спектакль з стралянінай дазволіў яму ўвайсці ў давер да Моніча.

Ведаючы, што Аўдоцця Габец — яшчэ і яго каханка, вайскоўцы за чаркай у яе хаце абмяркоўвалі «сакрэты». У хуткім часе пасля скандалу Шпакоўскага знайшоў пасланец атамана і прапанаваў далучыцца да партызанаў.

Два тыдні цягнулася аператыўная гульня. Пасля па Монічу ўдарыў моцны чырвонаармейскі атрад. Страты партызанаў былі велізарнымі. Атаман здолеў уратавацца, але базы забеспячэння, яўкі ў вёсках, Крупках і Барысаве — усё, што за два тыдні ў атрадзе паспелі пабачыць людзі Крыкмана — было страчана…

Сонька — дзве ў адной

Гэта не адзіная рамантычная лінія гісторыі Моніча, вартай цэлага кінасерыяла. Моцны, ладны, адукаваны кавалер, фактычны гаспадар усяго наваколля, не мог не прыцягваць увагу кабет.

У «Кароткім нарысе гісторыі міліцыі Беларусі» побач з яго імем фігуруе імя Сонькі. «Сонька была як дзве ў адной, — кажа Ніна Стужынская. — Яна прывозіла ў атрад грошы, вопратку, медыкаменты, вербавала новых байцоў. У 1923 жанчына змагла пераправіць да Моніча праз мяжу з Польшчы дванаццаць чалавек».

Асноўная крыніца звестак пра Соньку — яе следчая справа. Насамрэч яе звалі Хаўроння (ці, на расейскі манер, Фяўроння) Наўроцкая (прозвішча па мужу, дзявочае — Рыбак).

Сведка на судзе, яе сястра Агаф’я, не пашкадавала фарбаў: «з чортам у галаве», кручаная, «гуляць» пачала з пятнаццаці гадоў, пайшла ад бацькоў. Сялянская гаспадарка не цікавіла яе. Душа прагнула кахання, прыгодаў. Знайшла занятак цікавы:

праз мяжу вазіла кантрабанду, на савецкім баку гандлявала хусткамі, панчохамі, мылам, тытунем. Для свайго Жоржыка (так яна называла атамана) дастаўляла зброю і патроны, была кур’еркай і выведніцай.

Вандравала па вёсках, гадала на картах, збірала інфармацыю.

Геаграфія прыгодаў спрытнай сялянкі выклікае здзіўленне: Румынія, Польшча, Каўказ, Беларусь абапал мяжы. Раз, вярнуўшыся з Румыніі, яна адрэзала касу і пажадала звацца Сонькай. У эпоху знакамітай Сонькі Залатой Ручкі выбар псеўданіма быў перадвызначаны.

Гісторыя кахання гэтых Боні і Клайда з-пад Барысава пачыналася рамантычна.

Моніч і Фяўроння пазнаёміліся, калі ён настаўнічаў у вясковай школцы — да вайны.

Каханне ўспыхнула ізноў пасля вяртання Моніча ад Врангеля.

З паказанняў Соні суду вынікае, што яна была побач з ім у Польшчы, дзе ён далучыўся да нейкага «жонду» (Беларускага Палітычнага Камітэта (?)).

Чаму Соня пры канцы бурлівага 1920-га апынулася адна ў Беларусі, з яе блытанага аповяду цяжка зразумець.

«У 1920 годзе брат мой Іван, — распавёў на допыце малады селянін з вёскі Шчаўры Язэп Наўроцкі, — ездзіў па соль да польскай мяжы, пазнаёміўся недзе на паўдарозе за Якімаўкай з нейкай Сонькай Рыбак».

Сваякам шчаслівы Іван аб’явіў, што знайшоў жонку. Але хутка сям’я зразумела, што нявестка не здольная да працы на гаспадарцы. Да таго ж, у адсутнасць мужа да іх у хату заўсёды прыходзілі падазроныя людзі.

Хто? Соня не задумвалася: «Брацельнік». Прадукты з дому Соня выносіла рэгулярна. Усё ішло Монічу. А праз год, прыхапіўшы мяса забітага вала, каштоўныя рэчы (сваякі з асаблівым жалем згадвалі кравецкую машынку) яна сышла ў лес.

Па рамантычнай версіі самой Соні, Моніч выкраў яе са сваім сябрам, нейкім Ларывонам, які ці то дапамагаў, ці то кантраляваў раней іх з Монічам «працу» ў Польшчы.

У матэрыялах следства Сонька фігуруе і як кіраўнічка ўзброенага аддзела. Савецкая выведка ў гэты час не раз паведамляла аб дзейнасці між станцыяй Прыяміна і Барысавам атрада нейкай Маруські… Мо тут проста блытаніна з імёнамі?

Амуры атамана

Яе адносіны з атаманам складаліся няпроста.

Інфарматар ЧК з вёскі Вялікае Хацюхова ў даносе за верасень 1923 года падрабязна апісаў, як Таццяна Рогава, дзяўчына з суседняй Радзіцы, апранутая надзвычай зайздрасна для мясцовых модніц (футрачка, шаравары-галіфэ, боцікі на высокіх абцасах), ішла з атаманам у лазню Язэпа Шышко на вачах ва ўсёй вёскі.

У Радзіцы неўзабаве завітала і Соня з атрадам, прымусіла гаспадара пакарміць яе людзей, выпытала навіны і плёткі і зноў знікла ў лесе. Ці не жаночая рэўнасць прыгнала яе?

Магчыма, амуры Моніча прымусілі Соню вярнуцца ў Шчаўры. Муж дараваў ёй здраду.

Сваякі папярэдзілі Івана, «каб нагі яе не было ў іх». Пазней Іван быў арыштаваны па справе за набыццё скрадзеных рэчаў. (Соня прынесла з абрабаванага цягніка?)

А ўвесну 1924 сваякі і аднавяскоўцы пабачылі Соню, пра якую ведалі, што «зноў скруцілася з Монічам», на лаве падсудных. Каханне і палітыка прывялі да трагічнага фіналу: 2 сакавіка 1924 Соня разам з іншымі шасцю паплечнікамі Моніча была асуджаная да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу.

Беларускія валькірыі

Выпадак Соні-Фяўронні — не адзінкавы.

Жанчыны не былі пасіўнымі назіральніцамі ў падзеях 1920-х.

Заходні псіхолаг В. Дзенкінэ сцвярджаў, што ў XX ст. адбылася інтэлектуалізацыя і фемінізацыя тэрору. На суседніх украінскіх абшарах у той час грымела імя не толькі знакамітага Махно, але і яго паплечніцы Маруські — Марыі Нікіфаравай.

Гісторыкі мала цікавіліся пакручастым жыццём беларускіх «валькірый» — колькі захапляльных сюжэтаў застаецца без увагі! Чаго варты жыццяпіс Ганны Доўгерт, нарачонай атамана Дзергача, найлепшай выведніцы «Зялёнага Дубу».

Яна пражыла ўсяго 21 год: расстралялі бальшавікі. Да прыходу ў «Зялёны Дуб» паспела паваяваць разам з Махно, атаманамі Струком і Сакалоўскім. Дый сястра апошняга, настаўніца Маруся Сакалоўская, пасля гібелі брата ўлетку 1919 года, узначаліла яго аддзел.

Жанчына назвала атрад у гонар брата — Паўстанцкая брыгада імя Змітра Сакалоўскага.

Яшчэ адна Маруся была заўважаная ў баявых рэйдах побач з атаманам Мяфодзіем Караткевічам. Партызанскім антыбальшавіцкім аддзелам у Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета кіравала Марыя Варановіч пасля таго, як яе муж быў забіты ў сутычцы з чырвонымі.

Час, у які жылі згаданыя «Марусі» і «Соні», цікавы не толькі рэвалюцыйнымі катаклізмамі.

Жанчыны з выклікам парушалі патрыярхальныя традыцыі: пакідалі кухню, гаспадарку, сям’ю, выходзілі на поле боя.

Маладыя, дзёрзкія — некаторыя з іх скіравалі свою энергію і талент у рэчышча справы любімага мужчыны. Другія самі прэтэндавалі на ролю харызматычных лідараў.

…На прыкладзе атамана Моніча можна заўважыць, як хутка людская памяць стварае легенды: яго «скарб», нібыта нарабаваны ў цягніку, а пасля прыхаваны, на Барысаўшчыне шукаюць з не меншым імпэтам, чым у іншых мясцінах — «карэту Напалеона» або «залатых апосталаў Радзівілаў». І магілу расстралянай Сонькі паказваюць дагэтуль.

Наша сапраўдная гісторыя