Дзіця ў лябірынце пачвараў
Канскі шэдэўр Гільерма Дэль Торы
Гішпанія, 1944 год. Дзесяцігадовая Афэлія разам зь цяжарнаю маці прыяжджае ў лягер айчыма — капітана Відаля. Капітан вядзе бязьлітасную вайну зь мясцовымі партызанамі
09.01.2007 / 17:20
Мэксіка – Гішпанія – ЗША, 2006, каляровы, 119 хв.
Рэжысэр: Гільерма Дэль Тора
Ролі выконваюць: Арыядна Хіль, Івана Бакера, Серхі Лопез, Марыбэль Вэрду
Жанр: страшная казка, гісторыка-партызанская драма-прыпавесьць
Адзнака: 9 (з 10)
Гішпанія, 1944 год. 10-гадовая Афэлія разам зь цяжарнаю маці прыяжджае ў лягер айчыма – капітана Відаля. Капітан – злы й фанабэрысты чалавек, які вядзе бязьлітасную вайну з мясцовымі партызанамі. У закінутым лябірынце летуценная Афэлія сустракае Фаўна, які паведамляе дзяўчынцы, што яна – дачка падземнага караля. І, каб вярнуцца да бацькі, ёй трэба прайсьці магічныя выпрабаваньні.
Рэальная вайна сьплятаецца з кашмарамі лябірынту – і што здольнае супрацьпаставіць злу бязьвіннае дзіця?
Дэль Тора распрацоўвае новы жанр страшнага казачнага рэалізму, дзе фантазіі сьплятаюцца з рэальнасьцю, гісторыя неадлучаная ад містыкі, а героі (звычайна, дзеці) даюць бой сацыяльнаму й мэтафізычнаму злу. Першая спроба такога жанру – алхіміка-вампірычная прыпавесьць “Хронас”, другая – шэдэўр “Хрыбет д’ябла” пра грамадзянскую вайну ў Гішпаніі вачыма хлопчыка.
Але шчэ адна крыніца Дэль Тора – клясычны гішпанскі жывапіс. Ветліва-драпежны Фаўн, сьляпая пачвара з вачыма на далонях, цёмныя лябірынты ад апэратара Гільерма Навары – нагадаюць кашмары позьняга Гоі й барочную містыку.
Бязьвіннасьць мае ўладу, зло ня здольнае фантазіраваць. Але допускам у сьвет фантазій становіцца ўласная кроў – а казка становіцца настолькі страшнай, што дзецям лепей яе не глядзець.
"Лябірынт Фаўна" намінаваны на "Оскара" за 2006 г.