Зваўкадаўлены фільм
“Ваўкадаў” Мікалая Лебедзева на менскіх экранах
Карціна “Ваўкадаў” Мікалая Лебедзева сталася першым кінарасчараваньнем году.
03.01.2007 / 12:37
Карціна “Ваўкадаў” Мікалая Лебедзева сталася першым кінарасчараваньнем году.
Мікалай Лебедзеў – таленавіты рэжысэр, які выдатна праявіў сябе на трымценьніках “Зьмяіная крыніца” і “Паклоньнік” (які, дарэчы, здымаўся ў Менску). Пасьля вайскова-імпэрскае “Зоркі”, здавалася, што Лебедзеў рэабілітуецца на “Ваўкадаве”, тым болей, што фантастычнае й жахлівае – ягоны канёк. Фільм-фэнтэзі пакутліва здымаўся тры гады, рэкляма, што складала ледзьве не палову бюджэту, абяцала вабноты…
Ня верце, калі зашмат абяцаюць!
Ваўкадаў з роду Шэрых Сабакаў помсьціць злыдням, якія зьнішчылі ягоную вёску. У працэсе помсты Ваўкадаў вязе прынцэсу да мужа – і вызваляе сьвет ад прышэсьця злой багіні.
Насамрэч, сюжэт фільму, паводле раману Марыі Сямёнавай, надзіва няўцямны й заблытаны. Лекары-Гэндальфы, магічная кніжка як сьцілка, Жадобы зь Людажэрамі…
Папрокі, што для разуменьня карціны неабходна прачытаць раман – адкідаю. Кіно ёсьць самастойным мастацтвам, а пасьля фільму Лебедзева карціць абыходзіць усе расейскае фэнтэзі за кілямэтр.
Мудрагелістыя развагі пра “сямёнаўскіх” багоў упрыгожваюцца рыкамі, хрыпамі й выцьцём (у гэным асабліва вылучаецца Ніна Ўсатава). Ні з пушчы ні з поля зьяўляецца ўся ў белым актрыса Варлей, каб павучаць героя і лекаваць яго парашком.
Карціна цікавая толькі, калі падлічваць штампы. Старажытнасьць – з “Конана-барбара” і “Плянэты ведзьмаў” (забытая перабудовачная казка), адсечаная рука злыдня – з “Уладара пярсьцёнкаў”, парассыпаныя яблыкі – з Таркоўскага і Даўжэнкі, мост над безданю – з “Дазораў”. А злая багіня чамусьці нагадвае Нацыянальную бібліятэку са звычкамі Мэдузы Гаргоны.
Акторы – у тым ліку й таленавітая Аксана Акіньшына – пазіруюць, адмысловыя эфэкты – анічога дзівоснага. Спачуваньне й ажыўленьне выклікае толькі Нелятучы Мыш, напалову кампутарны маленькі кажан.
Але найбольшае спачуваньне – гледачам, якія з навагодняга бадуна прыйдуць на папарасьцягнуты фільм.
Якому варта было б застацца проста рэклямным ролікам.
“Ваўкадаў з роду Шэрых Сабакаў” (Волкодав из рода Серых Псов)
Расея, 2006, каляровы,136 хв.
Рэжысэр: Мікалай Лебедзеў
Ролі выконваюць: Аляксандар Бухараў, Аксана Акіньшына, Ігар Пятрэнка, Аляксандар Дамагараў, Натальля Варлей, Ніна Ўсатава, Юозас Будрайціс.
Жанр: Фэнтэзі паводле твору Марыі Сямёнавай
Адзнака: 3,5 (з 10)