Бандарэнку далі 2 гады агульнага рэжыму

+ онлайн з суда. Бандарэнка суддзі: Узмах матылька народзіць новы сусвет

Пракурор прасіў тры гады.

27.04.2011 / 10:29

Зміцер Бандарэнка трымаўся горда.

Сёння суд Першамайскага раёна сталіцы (суддзя Таццяна Рывінская) вынес прысуд грамадскаму актывісту, каардынатару «Еўрапейскай Беларусі» Змітру Бандарэнку, які быў на прэзідэнцкіх выбарах даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

Зміцер Бандарэнка асуджаны на два гады калоніі агульнага рэдыму (арт. 342 КК). Пракурор прасіў пакараць максімальным тэрмінам паводле гэтага артыкула — трыма гадамі пазбаўлення волі.

Ён таксама павінен сплаціць 159 тыс. рублёў (каля 40 даляраў) штрафу за шкоду, нанесеную працы грамадскага транспарту.

Зміцер Бандарэнка выглядаў вельмі спакойна, трымаўся ўпэўнена, сядзеў у клетцы, чытаў «Белорусы и рынок».

Онлайн-рэпартаж з суда: Пракурор папрасіў для Бандарэнкі тры гады турмы. Бандарэнка суддзі: Узмах матылька народзіць новы сусвет.

* * *

Менавіта за «Плошчу» асуджана ўжо восем чалавек:

за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

За злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў — на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

* * *

Сёння ідзе суд над Андрэем Саннікавым, якога судзяць разам ў групай чатырох шараговых удзельнікаў акцыі: Іллёй Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Уладзімірам Яроменкам. Гэты працэс праходзіць у судзе Партазанскага раёна сталіцы,

а 11-й гадзіне ў Кастрычніцкім судзе пачынаецца разгляд справы ўпартага актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава, юнака з Гродна Алеся Кіркевіча, архівіста Змітра Дразда, Андрэя Пратасені і Уладзіміра Хамічэнкі (агент «Навушнік»).

Усім ім інкрымінуюць арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках, што караецца максімальным тэрмінам да пяці гадоў.

Кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева, Віталя Рымашэўскага, актывістаў "Гавары праўду!" Аляксандра Фядуту, Сяргея Вазняка і Андрэя Дзмітрыева, маладафронтаўку Насту Палажанку пачнуць судзіць 5 мая.

СП, АГ