Апакаліпсіс у глямуры
Крывава-цукерны натуралізм ад Гібсана
Новая стужка Мэла Гібсана “Апакаліпсіс” – гэта этнаграфічнае шкуматаньне, вылізаная карцінка, паганскія рытуалы ў капішчах – і дубовая ідэя для спажыўца.
14.12.2006 / 22:15
Новая стужка Мэла Гібсана “Апакаліпсіс” – гэта этнаграфічнае шкуматаньне, вылізаная карцінка, паганскія рытуалы ў капішчах – і дубовая ідэя для спажыўца.
Імпэрыя майя наконадні заваёвы гішпанцамі. Мірна праводзіць свае дні трапічнае племя. Але ваяры майя нападаюць на вёску – і забіраюць людзей у палон. Герой стужкі – Лапа Ягуара – пройдзе пакутлівы шлях да сталіцы імпэрыі, будзе кінуты на паганскі алтар – і ўцячэ ў джунглі, каб выратаваць сябе й сям’ю.
Гісторыя гібсанаўскага “апакаліпсісу” разгортваецца надзіва прадказальна: тут выскачыць пантэра, зараз заб’юць нягодніка – а цяпер у ляндшафце мусіць быць водаспад.
Але сцэнарная банальнасьць маскуецца сэнсацыйнасьцю тэмы, этнаграфічнымі сцэнкамі – і глыбокадумнымі намінкамі на ідэю.
Уся карціна здымалася на забытай мове індзейцаў – і саміх герояў граюць індзейцы. У стужцы старанна аднаўляецца першабытны й дакалюмбавы побыт: шнары, фарбы, адзеньне, абсыдыян.
Татуіроўкі ваяроў, абсыпаныя белым рабы, выпэцканыя ў блакітнае ахвяры. (Грым стужкі заслугоўвае найвышэйшае пахвалы).
Відовішчная масоўка ля капішча, паганскія жрацы... Але гэта ўсё просталінейна. Калі бракуе этнаграфічных прыкметаў, Гібсан выплюхвае на экран мяса й кроў. Зьедзеныя сырымі яйкі тапіра (самае бязьвіннае), выдранае чалавечае сэрца, абгрызены ягуарам твар, галава, што коціцца па прыступках.
Натуралізм зашкальвае. Нельга сказаць, што ў кіно не было такога. Італьянскія фільмы пра зомбі і канібалаў – найбліжэйшыя сваякі, але гэта нізавы жахаўскі жанр, дзе не пасуюць папрокі ў натуралізьме.
Стужка Гібсана – зь ідэяй. Гэта эпас. Аўтарскае пасланьне. Праўда, надзвычай просьценкае: вялікія цывілізацыі струпянелі знутры – і цяпер час падобны. Для таго, каб пасланьне дайшло, Гібсан карыстаецца лабавымі мэтадамі цукерна-крывавага глямуру. Падрабязнасьць у дэталях, вылізана-прыемныя кадры, забойна-корсткія пікантнасьці...
А калісьці Гібсан пачынаў, як Шалёны Макс – у аднаіменнай постапакаліптычнай (!) стужцы. Таленавіты актор паспрабаваў сябе рэжысэрам... Фільмы станавіліся ўсё болей мяснымі, усё болей патаснымі... Спрошчанымі.
Спрошчанасьць разам з сэнсацыйным этнаграфізмам і крывёю гарантуе касу.
Але лепей ня стацца ахвярай глямуру.
Апакаліпсіс (Apocalipto)
ЗША, 2006, каляровы, 139 хв, з субтытрамі.
Рэжысэр: Мэл Гібсан
Ролі выконваюць: Рудзі Янглблад, Далія Эрнандэз, Джонатан Бруэр.
Жанр: Прыгоды, эксплюатацыйны фільм гвалту
Адзнака: 4 (з 10)
Узроставыя абмежаваньні: з 18 гадоў.
"Апакаліпсіс" намінаваны на "Оскара" 2006 г. за грым, гук і мантаж гуку.
Чытайце таксама вынікі кінагоду.