Топ-3 нявыкананых перадвыбарчых абяцанак Лукашэнкі
«НН» параўнала абяцанні восені-2010 з рэчаіснасцю вясны-2011.
06.04.2011 / 18:43
Перад выбарамі кіраўнік краіны абяцаў беларусам залатыя горы. «НН» параўнала абяцанні восені-2010 з рэчаіснасцю вясны-2011 і выявіла тры найбольш правальных з іх.
1. Умацаваць нацыянальную валюту. Будуць забяспечаная стабільнасць курсу беларускага рубля, абсалютная захаванасць прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту.
За тры месяцы 2011 года рубель быў дэвальваны на 7%, а банкі суседніх краін увогуле панізілі вартасць беларускай валюты на 20% і больш. У краіне назіраецца дэфіцыт валюты — набыць нават дробныя сумы ў еўра і доларах ў абменніках Беларусі надзвычай праблематычна. Насельніцтва масава пазбаўляецца ад рублёў — у банках скупляюць нават кілаграмовыя залатыя зліткі.
2. Стаць багацейшымі. Чым багацейшы чалавек — тым багацейшая краіна. За кошт росту эканомікі будзе забяспечаны пастаянны рост заработнай платы, пенсій, стыпендый, іх поўная і своечасовая выплата.
Інфляцыя ў 2011 годзе ўжо склала прыкладна 5%. Паліва двойчы даражэла на 10% ад папярэдняга кошту кожны раз. Сярэдні месячны заробак беларусаў, у пераліку на рэальны курс долара і еўра, знізіўся амаль на 15–20%.
3 Стварыць новае аблічча беларускай эканомікі. На працягу бліжэйшых пяці гадоў у краіне будзе рэалізавана не менш за 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З’явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя. Гэта новыя вытворчасці, новыя тэхналогіі, новыя працоўныя месцы, запатрабаваныя на рынку працы, рост экспарту. Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнэсам. Экспарт сельгаспрадуктаў будзе павялічаны больш чым у два разы — да 7 мільярдаў даляраў у год.
У рэальнасці па стане на красавік 2011 беларуская эканоміка залежыць ад мільярднага расійскага крэдыту, які дазволіць ёй пратрымацца яшчэ некалькі месяцаў на ранейшым узроўні. Адно з вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны — МАЗ — можа фактычна трапіць пад кантроль свайго галоўнага канкурэнта — расійскага КамАЗа. Замежныя інвестары масава прадаюць свой бізнэс у Беларусі. А ў сферы энэргетыкі пабудова АЭС па расійскай тэхналогіі яшчэ больш узмацніць і без таго небяспечную залежнасць ад аднаго суседа.