У Мінску затрыманы злодзей, які трапляў у кватэры пасля псіхалагічнай апрацоўкі дзяцей

06.04.2011 / 10:40

Супрацоўнікі Першамайскага аддзела аховы 5 красавіка затрымалі на вуліцы Калініна ў Мінску злодзея, які трапляў у кватэры пасля псіхалагічнай апрацоўкі дзяцей гаспадароў,
паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама.

Нагадаем, злачынец прыглядаўся да дзяцей 10–13 гадоў, якія гулялі каля школы, затым падыходзіў да аднаго з іх і выказваў прэтэнзіі наконт нібыта прычыненага яму ўрону. У прыватнасці, мужчына абвінавачваў ахвяру ў пашкоджанні транспартнага сродку (разбіванні шыбы, пашкоджанні паштовай скрыні і г.д.) і патрабаваў адвесці яго дамоў для сустрэчы з бацькамі. «Пацярпелы» высвятляў, ці сапраўды бацькі ў гэты момант знаходзяцца дома. Калі дарослыя адсутнічалі, з дапамогай маральнага націску на дзіця ён трапляў у жыллё і выкрадаў грошы і каштоўныя рэчы.

Такіх выпадкаў у горадзе з пачатку сакавіка было шэсць.

Як паведамілі ў ГУУС, 5 красавіка злодзей «апрацоўваў» школьніка, які ўжо быў папярэджаны маці аб такім спосабе ўчынення злачынства. Хлопчык запомніў мужчыну, здолеў вырвацца і патэлефанаваў бацькам. Тыя паведамілі ў міліцыю. У выніку злачынец быў затрыманы праз некалькі хвілін. Гэта 34-гадовы мінчанін, раней неаднаразова судзімы за крадзяжы, рабаванне і разбой.

Зараз у дачыненні да затрыманага праводзяцца следчыя дзеянні, скіраваныя на ўстанаўленне дачынення да іншых аналагічных злачынстваў і збор неабходнай доказнай базы. Крымінальныя справы па фактах крадзяжоў, махлярства і рабавання распачаты ў Маскоўскім, Партызанскім, Першамайскім, Савецкім і Фрунзенскім РУУС сталіцы.