Беларускія вайскоўцы: Мінск надзейна абаронены з паветра

Усяго вакол сталіцы знаходзіцца дзевяць дывізіёнаў С-300.

06.04.2011 / 09:35

Мінск надзейна абаронены ад нападу з паветра.

Пра гэта 5 красавіка заявіў прадстаўнік камандавання Паўночна-заходнягааператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА Беларусі пры наведванні журналістамі аднаго з дывізіёнаў 15-й зенітнай ракетнай брыгады (штаб у Фаніпалі), што знаходзіцца паблізу сталіцы.

Упэўненасць ваеннаслужачых грунтуецца як на магчымасцях зенітных ракетных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні брыгады, што прыкрывае паветраную прастору над Мінскам, так і на аптымальным варыянце размяшчэння яе дывізіёнаў.

Усяго вакол сталіцы знаходзіцца дзевяць дывізіёнаў 15-й зенітнай ракетнай брыгады, узброеных зенітнымі ракетнымі комплексамі С-300 розных мадыфікацый.

Усе дывізіёны ў розныя гады ажыццяўлялі баявыя пускі ў межах вучэнняў на расійскім палігоне Ашулук у Астраханскай вобласці. Чарговыя стрэльбы адбудуцца ў 2011 годзе.

Аб перспектывах пераўзбраення брыгады на новыя зенітныя комплексы прадстаўнік Паўночна-заходняга АТК гаварыць адмовіўся, заявіўшы, што гэта адносіцца да кампетэнцыі вышэйшых штабоў.

Падчас наведвання аднаго з падраздзяленняў 49-й радыётэхнічнай брыгады ў Мінскім раёне журналістам было заяўлена, што выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі замежнымі баявымі самалётамі не было. Пры гэтым радыётэхнічныя войскі рэгулярна адсочваюць палёты самалётаў НАТО ў Літве і Латвіі. Як мінімум адзін раз у дзень над тэрыторыяй гэтых краін фіксуюцца палёты пары F-16.