Міліцыянт Давыдовіч, які збіваў Завадскую, пайшоў на павышэнне, але хавае інфармацыю пра сябе?

«Пацярпелыя» міліцыянты называлі ў судзе адрасы, на якіх не жывуць.

13.03.2011 / 12:17

Паводле нормаў, выступаючы на судовым працэсе, сведка мусіць назваць адрас, дзе ён зарэгістраваны і жыве, а таксама адукацыю і месца працы.

«Белсат» паспрабаваў дадаткова знайсці «пацярпелых» праз даведку «Белтэлекам». Высветлілася, што па названых імі адрасах жывуць іншыя людзі.

Напрыклад,

міліцыянт, якога пасля падзеяў на Плошчы павысілі да пасады камандзіра ўзводу палка спецыяльнага назначэння ГУУС Мінгарвыканкаму, Юрый Давыдовіч паведаміў, што жыве на вул. Напалеона Орды, 27–80. Нагадаем, што менавіта ён фігураваў у справе удару Святланы Завадскай у 2005 годзе.

У даведцы 109 нам сказалі, што тэлефон зарэгістраваны на іншага чалавека. Мы датэлефанаваліся да ўладальніка: «Ні Давыдовіч, ні Далідовіч (існуе імавернасць памылкі ў прозвішчы, бо „пацярпелы“ называў звесткі пра сябе ціха і хутка) Юрый Мікалаевіч ніколі тут не жыў». Такая ж гісторыя і з міліцыянтамі Волкавым, Кашталанавым, Палавінкам, Перапейкам і Лепешам.

Перад даваннем паказанняў

суддзя папярэдзіла «пацярпелых» пра тое, што заведама хлуслівыя паказанні караюцца паводле закона.
Артыкул 401 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф, або папраўчыя працы тэрмінам да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне свабоды тэрмінам да двух гадоў.
Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што скажоная інфармацыя пра месца жыхарства пацярпелых не з’яўляецца ілжэсведчаннем,
бо менавіта гэтыя дадзеныя да крымінальнай справы прамога дачынення не маюць. Аднак гэта сур’ёзная нагода паставіць пад сумнеў усё сказанае такімі «пацярпелымі». «Відавочна, што міліцыянты хацелі схаваць частку інфармацыі пра сябе. Але ў гэтым выпадку такі пацярпелы — ненадзейная крыніца інфармацыі для следства і судовага працэсу наогул. 
Чаму мы тады павінны верыць, што ён наогул міліцыянт і тым больш пацярпелы?
Магчыма, што гэта падстаўны чалавек — суддзя ж не спраўдзіла ягоныя дакументы ў зале суда», — зазначыў эксперт.