Еўрапарламент асудзіў прымяненне ў Беларусі катаванняў
11.03.2011 / 16:16
Еўрапарламент 10 сакавіка на сесіі ў Страсбургу прыняў рэзалюцыю, якая асуджае прымяненне катаванняў у дачыненні да затрыманых па справе аб падзеях 19 снежня ў Мінску.
Рэзалюцыя асуджае непавагу беларускімі ўладамі фундаментальных правоў на свабоду сходаў і меркаванняў і заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх затрыманых па палітычных матывах.
Дакумент таксама рашуча асуджае прымяненне катаванняў у дачыненні да зняволеных як форму жорсткага абыходжання, забароненую міжнародным заканадаўствам і абсалютна непрымальную для еўрапейскай краіны і бліжэйшага суседа ЕС.
Рэзалюцыя асуджае прыгаворы, вынесеныя маладзёжным актывістам апазіцыі за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня, як «скандальнае і сур’ёзнае парушэнне іх палітычных і грамадзянскіх правоў і скандальнае парушэнне міжнародных канвенцый, удзельнікам якіх з’яўляецца Беларусь».
Еўрадэпутаты таксама выступілі з асуджэннем створанай у краіне «атмасферы страху, рэпрэсій і пераследу грамадзянскай супольнасці і СМІ», якая выяўляецца ў правядзенні вобыскаў у рэдакцыях і кватэрах журналістаў і грамадскіх арганізацый, выключэннямі з ВНУ і звальненнямі з працы, і заклікалі ўлады стварыць умовы для свабоднага выказвання меркаванняў і свабоды СМІ ў Беларусі.
Рэзалюцыя таксама заклікае ўлады Беларусі забяспечыць вяршэнства закона, міжнародных канвенцый і нацыянальнага заканадаўства, каб гарантаваць належныя ўмовы ўтрымання ў турмах зняволеных і магчымасць іх сустрэч са сваякамі, адвакатамі і медыцынскім персаналам. Дэпутаты таксама патрабуюць спыніць пераслед палітычных апанентаў, праваабаронцаў і незалежных СМІ.
У дакуменце асуджаецца рашэнне аб ануляванні ліцэнзій тых юрыстаў, якія працавалі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску, у прыватнасці адвакатаў Алега Агеева, Паўла Сапелкі, Таццяны Агеевай, Уладзіміра Толсціка і Тамары Гараевай, і ўтрымоўваецца заклік да калегіі адмяніць гэтыя рашэнні.
Еўрадэпутаты таксама асудзілі рашэнне Міністэрства юстыцыі Беларусі аб выключэнне са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці Аляксандра Пыльчанкі за выказаную ім заклапочанасць з нагоды рашэння Міністэрства юстыцыі аб адкліканні ліцэнзій у адвакатаў. У рэзалюцыі адзначаецца, што гэта рашэнне неабгрунтаванае і сведчыць аб рэальнай пагрозе незалежнасці адвакатуры ў цэлым і кожнага адваката паасобку.
Рэзалюцыя заклікае беларускія ўлады правесці ўсебаковае і бесстаронняе расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў палітычных зняволеных і пакараць усіх асоб, хто меў да гэтага дачыненне.
Еўрапарламент таксама заклікае беларускія ўлады перагледзець закон аб масавых мерапрыемствах і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднай канвенцыяй аб грамадзянскіх і палітычных правах.
У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да Еўрапейскага савета, Еўракамісіі, высокага прадстаўніка ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі, да ўсіх партнёраў Еўрасаюза пашырыць абмежавальныя меры, якія будуць распаўсюджвацца на пракурораў, суддзяў і супрацоўнікаў КДБ, якія ўцягнутыя ў рэпрэсіі і маюць дачыненне да парушэнняў праў чалавека ў Беларусі. Акрамя таго, Еўрапарламент лічыць, што Савет ЕС павінен разгледзець магчымасць увядзення кропкавых эканамічных санкцый у дачыненні да дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў.
Еўрадэпутаты таксама нагадваюць, што пакуль беларускія ўлады не зробяць захадаў па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, працэс збліжэння ЕС і Беларусі будзе прыпынены, у тым ліку і ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». У той жа час, мяркуюць яны, ЕС павінен узмацніць падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку шляхам спрашчэння візавага рэжыму.