Супраць  гендырэктара «Пінскдрэва» Арыніча распачалі крымінальную справу

24.02.2011 / 11:22

Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да гендырэктара ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Ларана Арыніча. Аб гэтым паведаміў журналістам 24 лютага намеснік генеральнага пракурора Віктар Конан.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2010 года на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» (Пінск, Брэсцкая вобласць) адбыўся выбух, у выніку якога загінулі 14 чалавек, 7 атрымалі цялесныя пашкоджанні.

Конан адмовіўся паведаміць, па якім канкрэтна артыкуле распачата справа. «Справа распачата па адпаведным артыкуле Крымінальнага кодэкса, ён дастаткова суровы. У найбліжэйшы час Арынічу будзе прад’яўлена абвінавачанне», — сказаў ён.

Паводле слоў намесніка генпракурора, Арыніч цяпер не знаходзіцца пад вартай. Пры гэтым ён адмовіўся адказаць на пытанне, ці абрана ў дачыненні да падазронага нейкая іншая мера стрымання.

Зараз, паведаміў Конан, праводзяцца следчыя дзеянні, прызначаны шэраг складаных экспертыз. Справы аб парушэнні правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі адносяцца да катэгорыі вельмі складаных, адзначыў намеснік генпракурора. Экспертызы нацэлены на ўстанаўленне першапрычын трагедыі, дадаў ён.

Конан таксама паведаміў, што працягваецца расследаванне па першай крымінальнай справе, якая была распачата па артыкуле 302 КК па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП». Яго расследуе Генпракуратура.

Паводле слоў намесніка генпракурора, праблемы на прадпрыемстве пачаліся яшчэ ў 2005 годзе. «Бачна, што галоўнае было — грошы. Тыя людзі, якія дапусцілі парушэнні, будуць прыцягнуты да адказнасці», — заявіў Віктар Конан.