Няпросты кампраміс прафесара Астроўскага

Карэспандэнты «НН» правялі адзін дзень з сям’ёй выкладчыка гродзенскага Медуніверсітэта, які адстаяў права сваёй дачкі навучацца па-беларуску.

15.09.2010 / 15:31

Карэспандэнты «НН» правялі адзін дзень з сям’ёй выкладчыка гродзенскага Медуніверсітэта, які адстаяў права сваёй дачкі навучацца па-беларуску.

2 верасня пад вокнамі Гродзенскага гарвыканкама адбыўся пікет. Фота www.svaboda.org

Сустрэча ў дырэктара школы №32.

Сяргей Ламека: Робім усё, каб дзеці вучыліся па­-беларуску.

Журналіст Уладзімір Хільмановіч дабіваўся беларускага класа разам з Астроўскімі.

Вучні школы №32 пра мову.

Алесь Астроўскі з дачкой Святланай.

Астроўскія не сумуюць — у іх трое дзетак, а гэта ўжо нямала.

2 верасня пад вокнамі Гродзенскага гарвыканкама з’явілася група людзей з плакатамі. Прафесар Алесь Астроўскі з жонкай Аксанай і дзецьмі, а таксама журналіст Уладзімір Хільмановіч прыйшлі патрабаваць адкрыцця ў Гродне беларускага класа. Пікетоўцаў прынялі ў гарвыканкаме і паабяцалі паспрыяць. А пасля гэтага іх усіх затрымалі міліцыянты і адвезлі ў пастарунак. У хуткім часе дарослых чакае суд. Аднак гэта не адзіны вынік іх адчайнага ўчынку. Света Астроўская будзе вучыцца па­-беларуску.

Апошняя беларускамоўная школа Гродна

У пятніцу 10 верасня карэспандэнты «НН» накіраваліся ў Гродна, дзе ў школе №32 мелася адбыцца сустрэча Астроўскіх і Хільмановіча з дырэктарам і загадчыкам аддзела адукацыі Ленінскага раёна. Перад гэтым прафесар з сябрамі гродзенскага Таварыства беларускай мовы тыдзень агітаваў па мясцовых школах на бацькоўскіх сходах за стварэнне беларускамоўнага класа. На пятнічнай сустрэчы мусілі падвесці вынікі тых сходаў ды даць адказ, будзе клас ці не.

32-­я школа месціцца ў мікрараёне «Дзевятоўка». Стандартны шэра­-блакітны будынак яе выдатна маскіруецца сярод жылога масіву тых жа колераў. Такі сабе кантраст з дыхтоўным будынкам польскай школы праз дарогу, якая разам з мадэрновым касцёлам з чырвонай цэглы ўтварае пасярод Дзевятоўкі выспу польскасці.

Уваход у школу вітае надпісам па­-беларуску. У вестыбюлі першым у вочы кідаецца пано з выявамі беларускіх асветнікаў. Слова «асветнікі» напісанае класічным правапісам.

Чакаючы ў кабінеце дырэктара школы чыноўніка з аддзела адукацыі, робімся сведкамі дыскусіі паміж бацькамі і настаўнікамі. Прафесар Астроўскі загаварыў пра ненармальнасць моўнай сітуацыі ў Беларусі, у Гродне. «Нават у Эстоніі пачалі вучыць па­-беларуску, у Латвіі школе дапамаглі», — кажа ён.

«Ды чулі мы пра гэта», — у адзін голас адказалі настаўнікі. Завуч, якая выкладае гісторыю Беларусі па­-беларуску, гне сваё: «Мы ўсё разумеем, але сёння дыскутаваць не будзем. Сёння будзе вырашацца праблема канкрэтнай асобы».

Яна прыгадала 1991 год, калі таксама збіралі подпісы за беларускія класы. Бацькі ўпіраліся, і многіх скарыла абяцанне наладзіць у беларускамоўных класах паглыбленае вывучэнне англійскай мовы. «Наша школа апошняя ў горадзе, дзе быў набор у беларускамоўныя класы», — канстатавала завуч.

«На вуліцы амаль не чуваць нашай мовы»

На час перамоваў з бацькамі загадчык аддзела адукацыі Сяргей Ламека папрасіў нас выйсці, паабяцаўшы пракаментаваць вынікі сустрэчы па яе сканчэнні. Сваё слова ён стрымаў.

Па яго словах, напрыканцы жніўня ў аддзел адукацыі паступілі дзве заявы ад бацькоў з просьбай арганізаваць для іх дзяцей беларускамоўны клас. Гэта пры тым, што бацькоў пачалі агітаваць яшчэ вясной. Дзвюх заяў было недастаткова, таму бацькам прапанавалі дадатковы час на агітацыю па школах. Вынікаў нуль, таму сем’ям Астроўскіх і Хільмановічаў прапанавалі кампрамісны варыянт — індывідуальнае вывучэнне большасці прадметаў па­-беларуску. Астроўскія пагадзіліся.

Рэшту заняткаў іх дачка будзе наведваць разам з іншымі дзецьмі. Чыноўнік запэўніў, што аддзел адукацыі робіць усё магчымае для таго, каб дзеці вучыліся па­-беларуску. У раёне дзейнічае некалькі беларускамоўных садкоў,

бацькоў рэгулярна агітуюць пісаць заявы на стварэнне беларускіх класаў. Чаму іх па­ранейшаму няма? «Гэта праблема сацыяльнага характару. Прайдзіцеся па вуліцы. Там амаль не чутно нашай мовы».

«Бо яна прыгожая»

У вестыбюлі відэааператара сайта «Нашай Нівы» абступілі дзеці. Усім хочацца трапіць у кадр. Імправізаванае апытанне паказала, што вучыцца па­-беларуску хочуць адны дзяўчаткі. Сярод хлапчукоў ахвочыя знайшліся толькі на школьным двары. На пытанне, навошта трэба вучыцца па-­беларуску і якая яна, беларуская мова, двое сяброў адказалі: «Бо яна прыгожая». Яны запэўнілі, што добра разумеюць мову, падмацаваўшы гэта некалькімі сказамі па-­беларуску. За інтэрв’ю з вокнаў школьных кабінетаў назіралі іншыя дзеці.

Апытанне на вуліцы Савецкай выявіла некалькіх бацькоў, якія хацелі б аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўны клас, але з нейкіх прычын не змаглі гэтага зрабіць. Свае сімпатыі да мовы выказвалі і маладыя людзі, для якіх свае дзеці яшчэ ў планах. І толькі адна жанчына катэгарычна заявіла, што будзе вучыць сваё дзіця выключна па­-расійску.

Беларусізацыю трэба пачынаць з універсітэтаў

Астроўскія жывуць у нядаўна збудаваным квартале Дзевятоўкі. Як шматдзетная сям’я яны атрымалі льготны крэдыт на новую двухпакаёўку. На іхнім пад’ездзе вісіць цыдулка з запрашэннем па­-расійску на падрыхтоўчы курс для будучых першакласнікаў у польскамоўную школу.

Прафесар расказвае пра сябе. Мовай захапіўся яшчэ школьнікам. Народжаны ў горадзе, першыя ўрокі беларускай успрыняў як непазбежнае. А потым, калі пачуў, што дзед з бабуляй, а таксама ўся іхняя вёска гавораць на «мёртвай» мове, зразумеў, што мусіць і сам гаварыць па­-беларуску. «Я хачу, каб мае дзеці ад пачатку ведалі, хто яны ёсць і чым ёсць наша мова».

Сп. Астроўскі, які свае лекцыі па біялогіі ў Медуніверсітэце чытае па-­беларуску, перакананы, што беларусізацыю сістэмы адукацыі трэба пачынаць з самага верху. «Як толькі па-беларуску пачнуць вучыць ва ўніверсітэтах, то адразу бацькі пацягнуцца запісваць дзяцей у беларускія класы».

Астроўскі шмат гадоў узначальваў Таварыства вышэйшай беларускай школы, прымусова ліквідаванае ў 2006 годзе. Нібы прадчуваючы наступствы Ганебнага рэферэндума 1995 года, у 1996-­м больш за 70 выкладчыкаў гродзенскіх ВНУ падпісалі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваннем пачаць беларусізацыю вышэйшай адукацыі, прыгадвае прафесар. Не паслухалі. Цяпер настаў час спажываць горкія плады.

Астроўскі расказвае, што на бацькоўскіх сходах іх прамовы сустракалі авацыямі. Але, калі справа даходзіла да напісання заяваў, бацькі адмаўляліся, кажучы, што дзецям будзе цяжка з мовай пасля школы.

Прафесар упэўнены, што сітуацыя зрушыцца з месца, калі таго захочуць улады. А апошнія кантакты з імі даюць нагоду для асцярожнага аптымізму. «Ці то гэта няпэўнасць перад выбарамі, ці то новы кіраўнік вобласці дэманструе іншы стыль кіравання, але зрухі да лепшага відавочныя», — кажа ён.

«Мы не забараняем дзецям размаўляць па­-расійску»

Сям’я Астроўскіх, натуральна, беларускамоўная. «Мы не прымушаем іх. За домам яны гавораць, як хочуць». Іх старэйшая дачка аднолькава добра размаўляе і чытае на абедзвюх мовах. Не адстае і сярэдні Янка, які ў наступным годзе таксама пой­дзе ў школу.

«Чым больш моваў ведаюць, тым лепш. Тым цікавейшым і розным будзе для іх гэты свет. Дзве мовы ў такім узросце — гэта іх перавага», — кажа прафесар Астроўскі.

«Дзецям цяжка быць адрознымі ад сваіх аднагодкаў, а калі яшчэ і дарослыя навокал па­-расійску гавораць, то гэта яшчэ складаней, — падкрэслівае ягоная жонка Аксана. — Таму нашы дзеці мусяць ведаць і гэтую мову».

Яна кажа пра недахоп дзіцячай літаратуры па­-беларуску, мультфільмаў.

У Гродне, у адрозненне ад сталіцы, няма такой згуртаванасці паміж беларускамоўнымі бацькамі. «Разам збіраемся хіба толькі на Каляды». Аднак Астроўскія не сумуюць — у іх трое дзетак, а гэта ўжо нямала.

Да гутаркі далучаецца Янка. Ён расказвае верш пра слімака і жука. Забывае радок, і ў справу ўключаецца сястра. Падказвае забытае і працягвае дэкламаваць разам з ім. Самы меншы Астроўскі, Васіль, з зайздрасцю і захапленнем пазірае на старэйшых.

«Мы мелі выбар»

Гарадзенец Аляксандр Базар прыгадвае пачатак 1990­х, калі ў беларускамоўную гімназію пайшла ягоная дачка. «Тады нам не трэба было збіраць подпісы, бо беларускамоўныя класы ўжо стварылі загадам зверху. Таму мы мелі выбар, у якую школу аддаваць дзяцей».

Глядзі яшчэ:
«Ненавідзім беларускую мову!»

Сямён Печанко