«Белая стужка» Міхаэля Ханэке
Канскі фільм на кінаэкране
30.03.2010 / 11:22
Аўстрыя — Францыя — Нямеччына, 2009, чорна-белы, 114 хв.
Рэжысёр: Міхаэль Ханэке
Ролі выконваюць: Сюзана Латар, Ульрых Тукур, Бургхард Клаўснэр, Ёзаф Бірбіхлер
Жанр: Прыпавесць
Адзнакі: за мастацтва — 7, за відовішчнасць — 2, за змест — 3,5
У нямецкай вёсцы перад Першай сусветнай вайной пануе цішыня. Але супакой падманлівы. Нехта паздзекваўся з доктара, нацягнуўшы перад ягоным домам дрот. Злавесныя падзеі нарастаюць, як снегавы камяк; злачынцы так і не будуць злоўленыя…
Карціна Міхаэля Ханэке, узнагароджаная ў Канах, — каліграфічная чорна-белая прыпавесць. Рэжысёр акуратна і холадна вышуквае зло, што хаваецца за фасадам штодзённага жыцця. Намёкі, позіркі, стоеная нянавісць, пыха, нелюбоў, жорсткасць. Змарнелыя дзеткі — як змоўніцка-дэманічныя істоты (ці гэта толькі здаецца?). Урачыста-бяссільныя дарослыя, што пакрываюць зло і зло пестуюць. Трывога, што навісае над вёскай — і завершыцца сусветнай бойняй.
Усё гэта майстэрскі-стрымана параспісана; выбялена аператарам, адзначана белаю стужкай.
Але карціну, што дэманструецца ў Доме кіно на мове арыгінала з субтырамі, ацэняць толькі аматары анэмічна-аўтарскага кіно. Астатнім лепей не турбавацца.