«12 гадоў таму працаваў у МНС — значыць, лаяльны да ўладаў». Як беларус судзіцца за права жыць з сям’ёй у Літве
Віктар Евілін з Мар’інай Горкі, быў актывістам падчас кампаніі 2020 года, пасля перабраўся з сям’ёй у Літву. На пачатку лета яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспекі Літвы», бо 12 гадоў таму назад ён працаваў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, піша Радыё Свабода.
10.01.2025 / 13:48
Шматдзетны бацька з Мар’інай Горкі Віктар Евілін спрабуе аспрэчыць рашэнне Дэпартамента міграцыі Літвы, каб застацца жыць у гэтай краіне. Яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы» і не сталі падаўжаць дазвол на жыхарства, бо з 1994-га па 2013 год ён служыў у МНС. Пад канец службы займаўся статыстыкай і ацэнкай наступстваў пажараў.
Дазвол Віктар атрымаў раней з мэтай «аб’яднання сям’і» (ягоная жонка мае літоўскія карані). У Літве ў Віктара чацвёра дзяцей: два старэйшыя сыны і дзве дачкі (адна вучыцца ва ўніверсітэце, другая — школьніца). Сям’я жыве ў Вільні з 2020 года, сюды яны прыехалі па гуманітарных візах.
Суд першай інстанцыі не стаў на бок Віктара і падтрымаў рашэнне Дэпартамента міграцыі: не выдаваць дазволу на жыхарства, прызнаць пагрозай нацыянальнай бяспецы, забараніць уезд у Літву на 30 месяцаў. Падстава — выснова Дэпартаменту бяспекі Літвы, якая прыводзіцца ў рашэнні суда. Высновы гэтага заключэння наступныя:
- Калі чалавек працаваў у МНС, нават даўно, ён мусіў быць лаяльным да беларускіх уладаў.
- Калі чалавек там працаваў, то ў яго маглі захавацца кантакты з супрацоўнікамі.
«Не звярнулі ўвагу, што ў Беларусі я быў актывістам»
Пры гэтым ніякіх канкрэтных фактаў лаяльнасці Евіліна да беларускіх уладаў не прыводзіцца, пра што таксама сказана ў рашэнні суда.
«Суд першай інстанцыі не разгледзеў мае довады, што я быў актывістам, што мне небяспечна ехаць у Беларусь, што ў мяне тут сям’я. Яны паклалі ў рашэнне высновы Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі», — кажа Віктар.
У Беларусі ён быў актыўны ў розных палітычных суполках, да 2020 году і падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020-га года.
«Я бываў на варце ў Курапатах, калі там адкрылі рэстаран «Поедем поедим», быў на святкаванні 100-годзьдзя БНР у Мінску. А ў 2020 годзе мы актыўна ўліліся ў хвалю, падтрымлівалі Ціханоўскую. Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску з мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў з Мінска. Пасля ўжо збіралі грошы на дапамогу палітвязням», — пералічвае суразмоўца.
Таксама ён кажа, што дапамагаў палку імя Кастуся Каліноўскага, які аб’ядноўвае беларускіх ваяроў ва Украіне. Віктар сцвярджае, што ў Беларусі амаль ні з кім не кантактуе, апроч маці. Перад пераездам сям’я прадала свой дом у Пухавіцкім раёне.
«Яны апелююць да таго, што ёсць верагоднасць маёй лаяльнасці да ўладаў. І гэта выснова робіцца толькі з таго, што я служыў у МНС. Хаця ў 2013 годзе там была зусім іншая сітуацыя», — дадае Віктар.
Цяпер беларус чакае на другі суд вышэйшай інстанцыі, які мусіць адбыцца ў канцы студзеня. У Літве ён можа знаходзіцца, бо падаўся на ўцякацтва як палітычны актывіст. Калі б не зрабіў гэтага кроку, Віктар ужо мусіў бы выехаць з Літвы. Гэтыя паўгода ён не мог афіцыйна працаваць, хаця раней меў працу электрамантажнікам, а афіцыйна ў Літве працуе з 2021 года.
Пакуль усе выдаткі на адвакатаў і суды, па словах Віктара, склалі каля 2500 еўра. Большую частку гэтых сродкаў удалося сабраць дзякуючы фонду BySol, які абвяшчаў збор для дапамогі беларусу.