Па $200 тысяч за кожнага забітага амерыканца. Як расійская разведка плаціла талібам за тэракты

На працягу многіх гадоў расійскае ГРУ плаціла розным тэрарыстычным групоўкам у Афганістане за тэракты, скіраваныя супраць ЗША і войскаў кааліцыі. Выданню The Insider атрымалася не толькі знайсці доказы існавання такой праграмы, але і ўстанавіць канкрэтных афіцэраў ГРУ, якія ёю займаліся. Для перадачы грошай баевікам «Талібана» і іншых груповак расійскія спецслужбы ўтрымлівалі сетку афганскіх кур'ераў, замаскіраваную пад фірму, якая гандлюе каштоўнымі камянямі. Выканаўшы сваю місію, кур'еры атрымалі расійскія дакументы і прытулак у Расіі.

10.01.2025 / 00:40

Афганскія салдаты на авіябазе ў Баграме ў момант тэракту

«Талібан» забіваў нашых салдат. Многіх з іх. […] І тады я сказаў: Абдул, не рабі так больш! (Абдул — гэта кіраўнік «Талібана».) І я сказаў: Абдул, калі ты будзеш працягваць гэтак сама, у цябе будуць праблемы! І ён спытаў: чаму ты пасылаеш мне фота майго дома? А я сказаў: ты сам павінен гэта зразумець. І мы заключылі пагадненне — васямнаццаць месяцаў яны нікога не забівалі».

Так у дэбатах з Камалай Харыс у верасні 2024 года Дональд Трамп абмаляваў сваё ўяўленне абвастрэння ў Афганістане, якое адбылося падчас ягонага першага тэрміну. Праз месяц ён слова ў слова пераказаў гэтую гісторыю ў інтэрв'ю Джо Рогану.

Ці сапраўды нешта падобнае на такі дыялог мела месца — невядома, але ў перыяд з 2016 па 2020 год у Афганістане адбылася серыя крывавых тэрактаў, скіраваных супраць амерыканскіх салдат і сіл кааліцыі, а скончыліся гэтыя атакі толькі пасля таго, як Трамп у пачатку 2020 года заключыў угоду з талібамі аб вывадзе амерыканскіх войскаў.

У сваім творчым пераказе Трамп абышоў бокам адну немалаважную дэталь: спецслужбам ЗША і Афганістана было вядома, што гэтыя тэракты фінансавала Расія.

У 2020 годзе ў прэсу трапіла ўцечка дакладу амерыканскіх спецслужбаў пра тое, як расійскія ўлады плацілі талібам за забойства салдат заходняй кааліцыі ў той час, калі вяліся мірныя перамовы з паўстанцамі.

Кіраўніцтва «Талібана» адпрэчыла абвінавачванні, заявіўшы, што атакі на амерыканскія войскі былі стыхійнымі, самафінансаванымі і папярэднічалі ўгодзе з адміністрацыяй Трампа, пасля якой яны спынілі нападаць на амерыканцаў.

Белы дом адмаўляў, што ў яго ёсць канкрэтныя звесткі пра такую таемную расійскую праграму. У ліпені 2020 года міністр абароны ЗША Марк Эспер заявіў Камітэту па ўзброеных сілах Палаты прадстаўнікоў, што «…абаронныя разведвальныя агенцтвы не змаглі пацвердзіць высновы гэтай справаздачы».

Джо Байдэн, на той момант кандыдат у прэзідэнты, абвінаваціў адміністрацыю Трампа ва ўтойванні доказаў нападаў, арганізаваных Расіяй. Аднак у 2021 годзе Белы дом ужо пры самім Байдэне пераменшыў значэнне справаздач, назваўшы іх заснаванымі на доказах нізкага ці сярэдняга ўзроўню, якія абапіраліся толькі на «фінансавыя транзакцыі і заявы затрыманага».

Расследаванне The Insider не толькі выявіла доказы, якія пацвярджаюць справаздачу разведкі 2020 года, але і высветліла, што спецслужбы Афганістана далі ўладам ЗША факты існавання праграмы і арыштавалі некалькіх ключавых памагатых схемы ўзнагароджанняў. Пры гэтым амерыканскім і афганскім спецслужбам было мала вядома пра людзей, якія кіравалі праграмай з расійскага боку, паколькі многія з расійскіх куратараў былі вядомыя толькі па пазыўных або псеўданімах.

Новыя даныя, выяўленыя The Insider, запаўняюць прабелы, ідэнтыфікуюць афіцэраў, якія хаваюцца за кодавымі імёнамі, — гэта афіцэры ўсё той жа вайсковай часці 29155, вядомай па атручванні Скрыпаля і дыверсіях у Еўропе.

Урэшце, даныя, выяўленыя The Insider, сведчаць пра тое, што расійская праграма па нацкоўванні розных паўстанцкіх груповак на цэнтральны ўрад і амерыканскае прадстаўніцтва была значна больш амбіцыйнай і працягвалася значна даўжэй, чым праграма ўзнагароджанняў «Талібана», згаданая ў дакладзе 2020 года.

Як Расія ладзіла дыверсіі ў Афганістане

Сэм (імя зменена), афіцэр амерыканскай арміі, які служыў у Баграме на найбуйнейшай вайсковай базе ЗША ў Афганістане, успамінае, як прачнуўся ад гуку выбуху каля пятай-шостай гадзіны раніцы 11 снежня 2019 года. Ён адразу зразумеў, што гэта не звычайны мінамётны або ракетны абстрэл: «Я не памятаю, ці завылі сірэны ў той момант, але ўсе надзявалі рыштунак, хапаліся за зброю».

Грузавік, начынены выбухоўкай, урэзаўся ў сцяну, якая атачала закінутую бальніцу за галоўнай брамай Баграма, што нікім не ахоўвалася.

Затым другі грузавік высадзіў атрад узброеных кулямётамі тэрарыстаў, некаторыя былі ў паясах смяротнікаў. Яны забарыкадаваліся ўнутры бальніцы, спадзеючыся ўцягнуць абаронцаў Баграма ў бой унутры будынка, якая цяпер стала дынамічнай пасткай.

Замест гэтага салдаты афганскіх Нацыянальных сіл бяспекі адкрылі па ёй агонь, уключаючы верталёты. Бой скончыўся неўзабаве пасля таго, як два F-16 скінулі бомбы на будынак.

«Мы бамбілі нашу ўласную базу, — з жахам успамінае Сэм. — Як мінімум адзін тэрарыст выжыў пасля бамбардзіроўкі і паспрабаваў бегчы, яго зняў снайпер».

Чацвёра амерыканскіх вайскоўцаў атрымалі раненні. На базе тады ніхто не загінуў, але выбух бомбы, усталяванай на аўтамабілі, разбурыў дамы ў прылеглым жылым раёне, забіўшы двух афганскіх мірных жыхароў і параніўшы яшчэ 80.

«Разня была б нашмат больш крывавай, калі б тэрарысты вырашылі не адседжвацца ў бальніцы», — кажа Сэм.

За некалькі месяцаў да таго, 1 сакавіка, атака на вайсковы лагер Шараб у правінцыі Гільменд скончылася для салдат куды горш. Тады баевікі «Талібана» і тэрарысты-смяротнікі, пераапранутыя салдатамі кааліцыі, пратачыліся на тэрыторыю вайсковай базы, дзе размяшчаўся 215-ы корпус арміі Афганістана, а таксама гарнізон з некалькіх сотняў марскіх дарадцаў ЗША.

Адзін з тэрарыстаў-смяротнікаў падарваў сябе ў сталовай, адначасова іншыя баевікі «Талібана» адкрылі стральбу. У выніку атакі загінулі 23 афганскія салдаты (з амерыканцаў ніхто не пацярпеў).

Гэта толькі два прыклады з мноства падобных тэрактаў, якія адбыліся ў перыяд з 2016 па 2019 год.

The Insider пагутарыў з чатырма былымі афганскімі дзяржаўнымі службоўцамі, трое з якіх займалі кіраўнічыя пасады ва Упраўленні нацыянальнай бяспекі (УНБ), былым галоўным агенцтве бяспекі, да таго як «Талібан» узурпаваў уладу ў краіне ў 2021 годзе. Усе яны незалежна адзін ад аднаго расказалі, што гэтыя тэракты фінансаваліся Расіяй.

Расія спрабавала ўмешвацца ў сітуацыю ў краіне адразу пасля стварэння часовай адміністрацыі Афганістана ў снежні 2001 года. Першапачаткова Крэмль сабатаваў інтэрвенцыю ў краіну пад кіраўніцтвам ЗША праз свае сеткі ў мясцовых спецслужбах і ў войску, створаныя падчас савецкай акупацыі Афганістана. Аднак гэтыя сеткі шмат у чым страцілі сваю карыснасць пасля рэформаў і люстрацыі Афганскіх нацыянальных сіл абароны і бяспекі (АНСАБ), праведзеных пад кіраўніцтвам ЗША.

Тады, са слоў былых чыноўнікаў, Іран прапанаваў пасярэдніцкія паслугі ў стасунках з камандзірамі «Талібана» для паставак ім расійскай зброі і грошай. Пасля ГРУ ўсталявала прамыя кантакты з «Талібанам». Спачатку гэта была вярбоўка асобных баевікоў, затым пастаўкі зброі і боепрыпасаў праз Таджыкістан і, нарэшце, фінансаванне тэрактаў.

Былыя афганскія дзяржслужбоўцы, з якімі пагаварыў The Insider, заявілі, што ў колах мясцовых сілавікоў ні для каго не было сакрэтам, што Расія падтрымлівае «Талібан» супраць АНСАБ і кааліцыйных сіл. Яны сцвярджаюць, што ў гэтым не было сумненняў і ў заходніх партнёраў, уключаючы ЦРУ.

Аднак, як заявілі былыя афганскія дзяржслужбоўцы, мала хто мог падазраваць, што Расія выйдзе далёка за рамкі сваёй звычайнай ролі ў Афганістане і пачне непасрэдна прапаноўваць узнагароды за забойствы прадстаўнікоў кааліцыйных сіл. 

Па словах Дугласа Лондана, які адказваў у ЦРУ за барацьбу з тэрарызмам у Паўднёвай і Паўднёва-Заходняй Азіі з 2016 па 2018 год,

«у Крамлі хацелі, каб «Талібан» траціў больш часу на забойствы амерыканцаў і менш на забойствы афганцаў. Яны прапаноўвалі фінансавае ўзнагароджанне, каб заахвоціць баевікоў браць на сябе большую рызыку, нападаючы на амерыканскія цэлі ў Афганістане».

УНБ Афганістана даведалася пра гэтую практыку ў сярэдзіне 2019 года падчас допытаў затрыманых баевікоў «Талібана». Па слядах гэтых допытаў УНБ удалося арыштаваць больш за 10 чалавек з правінцый Кабул, Кундуз і Лагар, якія працавалі на ГРУ ў якасці кур'ераў і перавозілі грошы пад кіраўніцтвам былога кантрабандыста з Кундуза па імені Рахматула Азізі.

Фармальна Азізі ўзначальваў кампанію па гандлі каштоўнымі камянямі ў Афганістане, зарэгістраваную на імя яго бацькі. УНБ падазравала, што прынамсі частка ўзнагароджання пераводзілася ў краіну праз кантрабандныя каштоўныя камяні.

УНБ атрымалася звязаць групу Азізі са згаданымі вышэй нападамі на сілы ЗША і кааліцыі.

Узнагароды ў сярэднім складалі па $200 тысяч за кожнага забітага салдата ЗША ці кааліцыі (за афганскіх салдат плацілі менш). У агульным ліку, як падлічыў адзін з былых супрацоўнікаў УНБ, Расія выплаціла «Талібана» не менш за $30 млн.

Таксама, паводле яго слоў, буйныя сумы давалі і іншым групоўкам, што канфліктавалі з уладамі, у тым ліку плацяжы ў памеры $15 млн атрымлівалі лідары Паўночнага альянсу ў 2017 і 2018 гадах.

The Insider удалося знайсці доказы, якія пацвярджаюць заявы былых супрацоўнікаў УНБ і ідэнтыфікуюць канкрэтных афіцэраў ГРУ і ФСБ, якія маюць дачыненне да гэтай аперацыі.

Афганскія кур'еры: праз каго ГРУ перадавала грошы тэрарыстам

Даныя The Insider не толькі пацвярджаюць заявы былых афіцэраў УНБ, але і дадаюць дэталі, раней не вядомыя афганскім і амерыканскім следчым. Як высветліў The Insider, сям'я Азізі была завербаваная падраздзяленнем 29155 ГРУ не пазней за 2015 год, пасля чаго выкарыстоўвалася на працягу многіх гадоў. Урэшце яна была вывезеная і атрымала прытулак ды пашпарты на новыя імёны ў Расіі.

Ключавым членам сям'і Азізі і падазраваным УНБ у арганізацыі схемы па перадачы ўзнагароджанняў з'яўляецца Рахматулла Азізі (1978 года нараджэння). У адрозненне ад іншых членаў сям'і, ён пазбег арышту, бо ўцёк у Расію да раскрыцця аперацыі ў 2019 годзе.

Сям'я Азізі. Злева направа: Рахматула, Вахідула, Хасібула, Аб Муталіб і Хедаятула

Як высветліў The Insider, Рахматула Азізі дагэтуль жыве ў Маскве. Пры перасячэнні мяжы ён выкарыстоўваў пашпарты з ГРУ-шнай серыі і лётаў па адным браніраванні з членамі вайсковай часці 29155.

У Расіі Азізі з'явіўся не пазней за лістапад 2015 года, калі ён атрымаў унутраны пашпарт і правы кіроўцы на імя Рахіма Ахмадава, які нарадзіўся ў 1977 годзе ў Астрахані. Нумар унутранага пашпарта, выдадзенага на гэтае імя, толькі дзвюма апошнімі лічбамі адрозніваецца ад пашпарта «Руслана Башырава» (Анатоля Чапігі), які атруціў у Солсберы Сяргея Скрыпаля нервова-паралітычным рэчывам «Навічок».

Праз год, у жніўні 2016 года, «Ахмадаву» быў выдадзены новы замежны пашпарт — і зноў з ГРУ-шнай серыі. А ў кастрычніку 2017 года Азізі атрымаў яшчэ адзін пашпарт, які хоць і быў з ГРУ-шнай серыі, але гэтым разам з ягонымі сапраўднымі іменем і датай нараджэння — ужо з расійскім грамадзянствам.

Рахматула Азізі (злева) з братам Хедаятулой Азізі праплываюць па Маскве-рацэ на фоне Міністэрства абароны Расіі

Выкарыстоўваючы сваю фальшывую асобу, у верасні 2017 года «Ахмадаў» зарэгістраваў расійскую кампанію пад назвай ARIGS Ltd, якая займалася гандлем алмазамі і іншымі каштоўнымі камянямі. Характэрна, што, па словах былых афіцэраў УНБ, прыкладна ў той жа час ягоны бацька зарэгістраваў падобную па тэматыцы кампанію ў Кабуле.

УНБ выказала здагадку, што гандаль каштоўнымі камянямі паміж Расіяй і Афганістанам быў адным з метадаў перапампоўвання сродкаў для ГРУ-шнай праграмы ўзнагароджанняў.

Паводле звестак гандлёвага рэестра, ARIGS спыніла дзейнасць у 2020 годзе і была ліквідаваная ў 2022 годзе. У якасці юзэрпіка на адной са старонак у фэйсбуку Азізі паставіў фатаграфію Пуціна.

На той жа старонцы ён пазначыў 17 лістапада 2017 года як дату пачатку сваёй працы ў ARIGS, кампаніі па гандлі каштоўнымі камянямі. Гэтая кампанія зарэгістраваная на вуліцы Народнага Апалчэння, 34, за некалькі хвілін хады ад штаб-кватэры ГРУ. Многія расійскія шпіёны атрымалі ад дзяржавы кватэры менавіта на гэтай вуліцы.

У перыяд з 2017 па 2019 год Азізі — спачатку як «Ахмадаў», а з 2018 года пад сваім іменем — прылятаў з Расіі ў Афганістан як мінімум 13 разоў. Характэрна, што ён прысутнічаў у Афганістане падчас некалькіх ключавых нападаў, якія УНБ лічыць аплачанымі ГРУ.

Афганская разведка правяла серыю рэйдаў у 2019 годзе ў Кабуле і на поўначы Афганістана, канфіскаваўшы «каля $650 тысяч» у доме Рахматулы Азізі, які паспеў збегчы ў Расію. Былыя афіцэры УНБ расказалі The Insider, што ўсе затрыманыя кур'еры ГРУ былі выхадцамі з адной з трох афганскіх правінцый: Кабула, Лагара і Кундуза.

Паводле звестак УНБ, галоўным контрагентам Азізі ў «Талібане» быў Хаджы Махамед Аюб, наркагандляр з правінцыі Гільменд, якога афганская служба бяспекі арыштавала ў студзені 2020 года:

«Аюб быў галоўнай кантактнай асобай Азізі для «Талібана» ў кіроўнай радзе гэтай тэрарыстычнай арганізацыі — Квецкай Шуры, — сказаў The Insider адзін з былых афіцэраў УНБ. — Аюб выступіў пасярэднікам у пагадненні з «Талібанам» аб нападзе на лагер Шараб у Гільмендзе. Ён і ягоны бацька Махамад Сулейман аказвалі фінансавую падтрымку большасці лідараў «Талібана», уключаючы мулу Амара».

Сям'я Азізі была не адзінай ячэйкай, завербаванай і кіраванай ГРУ для фінансавання «Талібана». Іншай ячэйкай кіраваў афганец Зафар Хан Пар Гул 1982 года нараджэння, які таксама жыве ў Расіі.

Зафар працаваў пад прамым кіраўніцтвам члена падраздзялення 29155 Аляксея Архіпава. У электроннай пошце Архіпава можна знайсці ягоныя дакументы, да таго ж ягонае імя ўнесена ў дакументы аб страхаванні машыны Архіпава Toyota Land Cruiser. Як і Азізі, Зафару выдалі як пашпарт з адмысловай партыі, зарэзерваванай для падраздзялення 29155, так і пашпарт на імя Зафара Даўлетшына (прозвішча яны пазычылі ў ягонай расійскай жонкі).

Жывучы ў Маскве, Зафар завербаваў групу афганцаў, якія затым ездзілі ў якасці кур'ераў у Афганістан і суседнія краіны. Сам ён прынамсі адзін раз ездзіў у Кабул у сумесную камандзіроўку з Рахматулой Азізі ў верасні 2017 года.

Двое з членаў ячэйкі Зафара — Хамед і Наджыбула Махібзада, чые сканы пашпартоў і запрашэнні на атрыманне віз былі выяўленыя The Insider у электроннай пошце Архіпава, — кіравалі ўласнай кур'ерскай сеткай «сяброў і сям'і» ў Кабуле. Падчас адной са сваіх паездак у Афганістан яны наведалі дзень нараджэння з некаторымі членамі сваёй ячэйкі, як відаць з паста ў сацыяльных сетках аднаго з іх, дзе яны п'юць кока-колу.

Хамед і Хаджыбула Махібзада (крайнія злева) і Ісмаіл Пірзада (у цэнтры ў чорнай кашулі)

У той жа дзень, 26 кастрычніка 2016 года, адзін з удзельнікаў гэтага застолля — Ісмаіл Пірзада — апублікаваў у «Аднакласніках» дзве фатаграфіі з пачкамі даляраў, дзе, мяркуючы па аб'ёме, было прыкладна $100 тысяч.

Некаторыя з афганцаў, чые пашпарты і іншыя асабістыя даныя былі знойдзеныя ў перапісках Архіпава і яго падначаленых, эмігравалі ў Заходнюю Еўропу пад выглядам бежанцаў ад «Талібана».

Выданне Der Spiegel, партнёр The Insider па расследаванні, выявіла, што як мінімум двое з іх звярнуліся па прытулак у Германію неўзабаве пасля наведвання Расіі па запрашэннях, атрыманых ад ГРУ. Адзін з іх — 27-гадовы афганец (імя вядомае The Insider, але не называецца ў інтарэсах следства), які заехаў у Германію з Расіі вясной мінулага года і цяпер жыве ў Брандэнбургу. Другі, таксама прыехаўшы з Расіі, папрасіў прытулку ў Ніжняй Саксоніі, дзе і жыве з лета 2023 года. Абодвум ужо адмовілі ў прытулку, але не дэпартавалі.

Быў і трэці афганец, але яму нямецкія ўлады адмовілі ва ўездзе. Прынамсі, адзін з малодшых братоў Азізі, Хасібула, дагэтуль застаецца ў Маскве з пашпартам на імя Хасіба Ахмадава. Па тэлефонным білінгу відаць, што Хасібула актыўна працуе з членамі падраздзялення 29155. Адзін з прабіўнікоў на чорным рынку звестак адмовіўся правяраць звязаную з ім інфармацыю: «Гэты чалавек працуе ў Адміністрацыі прэзідэнта, і ягоныя звесткі недаступныя».

Пашпарт Азізі на сапраўднае імя…

…і на імя Ахмадава

Хто кіраваў афганскім праектам у ГРУ

Кіраўніком праграмы па фінансаванні тэрактаў, як высветліў The Insider, быў генерал-лейтэнант Іван Касьяненка, намеснік камандзіра часці 29155. З 2008 года Касьяненка служыў вайсковым аташэ ў Тэгеране і не пазней за 2015 год быў пераведзены ў Кабул.

Гэта суадносіцца з заявай прадстаўнікоў УНБ аб тым, што Расія спачатку дзейнічала праз пасярэдніцтва Ірана, а пасля стала фінансаваць «Талібан» наўпрост. Даныя аб перасячэнні мяжы, з якімі азнаёміўся The Insider, сведчаць, што ў перыяд з 2014 па 2020 год ён часта падарожнічаў паміж Масквой і Кабулам.

Злева — палкоўнік Касьяненка на вайсковым парадзе ў Тэгеране ў верасні 2008 года. Справа — Касьяненка на святкаванні Дня Перамогі ў Кабуле 9 мая 2015 года

Галоўным сувязным ГРУ з «Талібанам» з'яўляецца палкоўнік Аляксей Архіпаў, які лётае з пашпартам на імя Аляксея Цітова. Метаданыя званкоў і наяўныя ў распараджэнні The Insider масівы электроннай пошты сведчаць пра тое, што Архіпаў адыгрываў галоўную ролю ў арганізацыі першых візітаў дэлегацыі «Талібана» ў Маскву ў лістападзе 2018 года, лютым 2019 года і маі 2019 года.

Архіпаў і яго начальнікі Авяр'янаў і Касьяненка, відаць, былі галоўнымі ініцыятарамі канферэнцый пра будучыню Афганістана, дзе прадстаўнікі «Талібана» сядзелі побач з іншымі высокапастаўленымі афганскімі палітыкамі, ніводзін з якіх не быў прадстаўніком урада Ашрафа Гані, які падтрымліваўся ЗША. У брашуры канферэнцыі Авяр'янаў названы «спецыяльным пасланнікам па Афганістане» (хоць афіцыйна такой пасады ў яго няма). Архіпаў пазначаны як «дарадца спецыяльнага пасланніка».

Аляксей Архіпаў («Цітоў»), фота з асабістага архіва

Упершыню трапіць на след Архіпава ў The Insider атрымалася выпадкова — дзякуючы дакументальнаму фільму 2023 года Hollywoodgate пра вывад войскаў ЗША з Афганістана і захоп «Талібанам» комплексу Hollywood Gate, закінутай базы ЦРУ ў Кабуле.

Архіпаў, які хаваецца за цёмнымі акулярамі, паказаны там як адна з многіх расійскіх высокапастаўленых асоб, якія прысутнічалі на вайсковым парадзе 2022 года, прысвечаным першай гадавіне аднаўлення ўлады «Талібана». Яшчэ адна фігура на заднім плане — цяперашні вайсковы аташэ Расіі ў Іране Аляксей Грабнёў, які, па словах былых службовых асоб УНБ, адыграў важную ролю ў стварэнні праграмы фінансавання тэрактаў.

Трэцім ключавым удзельнікам праграмы быў яшчэ адзін член падраздзялення 29155 Арцём Рубцоў. Гэтая кампанія выкарыстоўвалася і іншымі супрацоўнікамі ГРУ. У 2018 годзе Арцём Рубцоў пад фальшывым іменем Арцём Рубін запісаўся на курс «Ацэнка алмазнай сыравіны» ў Гемалагічнай акадэміі МДУ і пазначыў тую самую кампанію ARGIS, створаную сям'ёй Азізі, у якасці свайго працадаўцы пры рэгістрацыі на курс. Мяркуючы па базе браніраванняў, «Арцём Рубін» лётаў у Кабул па сумесных браніраваннях з некалькімі членамі групы Азізі.

Арцём Рубцоў з 29155 («Рубін»), у шэрай кашулі ў першым шэрагу

Мэтай фінансаваных Расіяй тэрактаў было стварэнне ціску на ЗША і краіны кааліцыі, каб падштурхнуць іх да вываду войскаў з краіны. Гэтага ўдалося дамагчыся: у 2020 годзе Трамп заключыў з талібамі пагадненне аб паступовым вывадзе войскаў, што прывяло да захопу талібамі ўлады.

Пасля гэтага ГРУ працягвала супрацоўнічаць з талібамі ўжо цалкам афіцыйна. Дакументы ў пошце Архіпава сведчаць пра тое, што талібы звярталіся па дапамогу да ГРУ ў дастаўцы ў Афганістан «скрадзеных верталётаў і самалётаў», якія цяпер знаходзяцца ў Таджыкістане і Пакістане, «дапамогу ў навучанні супрацоўнікаў службы бяспекі» і «дапамогу ў аднаўленні абаронных магчымасцяў».

У знойдзенай у пошце Архіпава запісцы таксама ўтрымліваецца просьба да Масквы не дапускаць «дзейнасці ворагаў новага ісламскага ўрада з тэрыторыі Таджыкістана» — намёк на былых афганскіх урадавых чыноўнікаў, якія беглі туды ў пошуках прытулку пасля краху ўрада Ашрафа Гані.

Ліст ад талібаў з электроннай пошты Архіпава

Бяздзейнасць і беспакаранасць

Адзін з былых супрацоўнікаў афганскага УНБ расказаў The Insider, што афіцыйнаму расследаванню схемы фінансавання талібаў расійскімі спецслужбамі перашкаджалі ўрадавыя чыноўнікі, якія з невядомых прычын хацелі закрыць расследаванне — «магчыма, праз карупцыю, магчыма, праз нейкія інтарэсы, звязаныя з Расеяй».

Яшчэ адным дэматывацыйным фактарам для расследавання ў Афганістане стала адмова ўрада ЗША прызнаць існаванне праграмы ўзнагароджанняў.

«Звесткі аб дачыненні Расіі да фінансавання тэрактаў пацвярджалі некалькі службаў на падставе розных крыніц інфармацыі, так што доказы гэтай праграмы былі ў наяўнасці, — сказаў The Insider іншы супрацоўнік разведкі ЗША, цесна ўключаны ў аналіз гэтай тэмы на міжведамасным узроўні. — Не хапала толькі канкрэтных імёнаў».

З ягоных слоў, нежаданне адназначна абвінаваціць Расію ў подкупе тэрарыстаў з мэтай забойства амерыканскіх вайскоўцаў «было выклікана не адсутнасцю інфармацыі — гэта было адсутнасцю прыярытэту, можа быць, нават мужнасці».

Інфармацыя пра праграму ГРУ па фінансаванні тэрактаў была ўключаная ў штодзённы брыфінг для прэзідэнта Трампа 27 лютага 2020 года. Падчас прэзідэнцкіх дэбатаў, арганізаваных каналам NBC у кастрычніку таго самага года, тагачасны кандыдат Джо Байдэн сказаў:

«Я не разумею, чаму гэты прэзідэнт не жадае змагацца з Пуціным, у той час як той плаціць узнагароды за забойства амерыканскіх салдат у Афганістане».

Пасля прыходу да ўлады Байдэн заняў больш цвёрдую пазіцыю ў дачыненні да Пуціна, але працягнуў лінію Трампа ў вывадзе войскаў з Афганістана і не выставіў у дачыненні да Расіі афіцыйных абвінавачванняў з нагоды фінансавання тэрактаў — магчыма, толькі таму, што на той момант амерыканскім і афганскім разведслужбам не хапала тых звестак пра расійскіх агентаў, якія апублікаваныя ў гэтым расследаванні.

Пуцін назваў Талібан саюзнікам у змаганні з тэрарызмам. Арганізацыя прызнаная ў Расіі тэрарыстычнай

Афганская журналістка пасля адмовы ў прытулку ў Расіі паляцела ў Кабул. На радзіме ёй пагражае смяротнае пакаранне

АДКБ будзе дапамагаць «Талібану» ў барацьбе з тэрарызмам

Расія спрабуе вербаваць былых байцоў афганскага спецназа для вайны ва Украіне

«Мы ўсе ідзём у цемру». Як жыве Афганістан праз год пасля прыходу талібаў

Nashaniva.com